Эканомія на туалетнай паперы

Як паведамілі СМІ, урад Беларусі зацвердзіў пералік і аб’ёмы вытворчасці спажывецкіх тавараў, прызначаных для імпартазамяшчэння.

Няма сэнсу прыводзіць гэты спіс цалкам, бо ён занадта вялікі. А памеры вытворчасці, мусіць, вызначаны мэтай, якую некалі дасягнула савецкая прамысловасць. Калі імпартная электроніка, адзенне і абутак прадаваліся для шырокіх мас амаль выключна ў камісіёнках, для вышэйшага сярэдняга класа — у крамах “Бярозка, а для наменклатуры — праз спецразмеркавальнікі.

Як паведамілі СМІ, урад Беларусі зацвердзіў пералік і аб’ёмы вытворчасці спажывецкіх тавараў, прызначаных для імпартазамяшчэння.
Няма сэнсу прыводзіць гэты спіс цалкам, бо ён занадта вялікі. А памеры вытворчасці, мусіць, вызначаны мэтай, якую некалі дасягнула савецкая прамысловасць. Калі імпартная электроніка, адзенне і абутак прадаваліся для шырокіх мас амаль выключна ў камісіёнках, для вышэйшага сярэдняга класа — у крамах “Бярозка, а для наменклатуры — праз спецразмеркавальнікі.
А ў шырокім гандлі панавала ўсё савецкае. Што самі пашылі, тое і насілі. У адпаведнай колькасці і адпаведнай якасці. Прынамсі, савецкая прамысловасць так і не змагла наладзіць вытворчасць джынсавай тканіны і самых папулярных у свеце нагавіц з яе. Хоць вытворчасць бавоўны з кожным годам павялічвалася.
Нешта падобнае здарылася і балоневымі плашчамі ды курткамі. Паколькі лёгкая прамысловасць у планавай эканоміцы прынцыпова пазбаўлена магчымасці адпавядаць сусветнай модзе, то іх масавая вытворчасць пачалася тады, калі ва ўсім свеце ад гэтай тканіны ўжо адмовіліся. А нашы, выконваючы планы партыі, гналі “балонню яшчэ дзве пяцігодкі.
Зразумела, што савецкія вытворцы ні на імгненне не прыпынялі барацьбу за якасць прадукцыі. І дасягалі на гэтай ніве значных поспехаў. Так і гаварылі: савецкае — значыць выдатнае. А ці магло быць інакш пры татальных імпартазамяшчэнні і адсутнасці канкурэнцыі сярод мясцовых вытворцаў? Прыкладам, якасць савецкіх легкавых аўто масавы спажывец змог адэкватна ацаніць толькі пасля наплыву патрыманых іншамарак. Тое ж самае можна сказаць і ў дачыненні амаль да ўсіх астатніх спажывецкіх тавараў.
Пры адсутнасці канкурэнцыі з боку лепшых вытворцаў узоры спажывання вызначаюцца прынцыпам — бяры, што даюць. І як даюць. Прыкладам, селядцы, загорнутыя ў газетную паперу. Або нават у старыя канцылярскія бланкі, запоўненыя хімічнымі алоўкамі.
Навошта клапаціцца пра ўпакоўку, калі і так возьмуць.
Увогуле, праблема імпартазамяшчэння, як яе разумеюць зараз, гэта зусім ніякая не праблема. Дастаткова падвысіць мыты, зрабіць імпартныя тавары недаступнымі па коштах, і яна вырашаецца амаль імгненна. І радыкальна, як у той жа Паўночнай Карэі. Гэта краіна амаль што не мае спажывецкага імпарту. Яна прадае на знешніх рынках сыравіну і металы, а купляе нафту, вугаль, прамысловае абсталяванне і нейкую колькасць злакавых культур, каб не дапусціць перарастання перыядычнага ды хранічнага недаядання ў масавы і спусташальны голад. Памеры знешняга гандлю КНДР невялікія, прычым сальда заўсёды адмоўнае. Затое знешняя запазычанасць надта вялікая.
І ўсё гэта цягнецца гадамі, не маючы ніякіх эканамічных перспектыў. У рамках мадэлі, пабудаванай на ідэі чучхэ, ніякіх перамен да лепшага чакаць нельга.
У Беларусі прыкладна тыя ж беды. Яна хоць і прадае збольшага прадукцыю перапрацоўкі, але ж выкарыстоўвае нашмат больш сыравіны і рэсурсаў, чым можа зарабіць ад яе продажу. Галоўнай крыніцай адмоўнага знешнегандлёвага сальда ў нас з’яўляюцца прамежкавыя тавары (сыравіна, камплектуючыя і энерганосьбіты), якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. Што б мы ні рабілі, а яно так і застанецца. Нават калі мы цалкам у вытворчасці спажывецкіх тавараў пяройдзем на імпартазамяшчэнне, нафту, газ і металы ўсё роўна трэба будзе купляць.
Калі ж улічыць, што для наладжвання новых вытворчасцяў прадукцыі, роўнай па якасцям імпартнай, і нават лепшай, спатрэбяцца дадатковыя рэсурсы, то ніякай эканоміі не будзе. Што атрымаецца, якая на самай справе прадукцыя, невядома. Беларусаў яе можна змусіць купляць. А на знешніх рынках — жорсткая канкурэнцыя. Туды з таварамі пад не вядомымі нікому брэндамі не пойдзеш.
З улікам гэтых абставін (на самай справе, іх значна болей) праграму імпартазамяшчэння трэба ацэньваць як чарговы беларускі палітэканамічны анекдот. Пра “кіндэр-сюрпрызы толькі для беларускіх дзетак, пра пракладкі толькі для беларускіх жанчын, пра туалетную паперу для паспалітага ўжывання, якая адпавядае ці нават пераўзыходзіць па якасці сусветныя ўзоры.
Дарэчы, у свабодным свеце на піпіфаксе часта робяць выявы вядомых сучасных палітыкаў. Уключна нават з прэзідэнтамі. Як кажуць, ім іхнія грошы не пахнуць. У нас да такой ступені лібералізму ніколі не дойдуць. Дык навошта гэты чарговы вэрхал, якія даўно з іроніяй успрымаецца насельніцтвам, змучаным бясконцай барацьбой за годнае чалавека існавання.
Зрэшты, кожны ўжо даўно разумее, што ўсё лепшае з пункту гледжання спажывецкага рынка ў нас з’явілася пад ціскам канкурэнцыі з боку імпартных тавараў. Каб тут дзейнічалі толькі адны правадыры з іх цмянымі ўяўленнямі пра тое, што дрэнна і што добра, мы б да гэтага часу нічога б не чулі ні пра ноўтбукі, ні пра лічбавую фотатэхніку, ні пра іншыя дробязі, якія робяць жыццё адносна камфортным.