Эксперт: Калі паўмільёна беларусаў не могуць знайсці працу, трэба думаць, як іх падтрымаць
Чаму чыноўнікі не выканалі загад Лукашэнкі?
Улады так і не здолелі справіцца з масавым беспрацоўем. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава на днях заявіла, што ў краіне каля 500 тысяч чалавек не працуюць.
Суровыя рэаліі перамаглі слоўную пагрозу
Між тым, вырашыць гэтую праблему Аляксандр Лукашэнка даручаў чыноўнікам яшчэ вясной гэтага года.
— Да 1 мая ўсе павінны быць працаўладкаваны. У якое б я месца і раён ні прыехаў, мой памочнік выедзе туды загадзя і запросіць публічна беспрацоўных людзей да мяне на сустрэчу. І крый Божа пасля 1 мая такія людзі будуць, — гразіўся кіраўнік дзяржавы 9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны.
Аднак, на самой справе, праблема не вырашана да цяперашняга часу. Чаму?
Эксперт Беларускага эканамічнага цэнтра BEROC Кацярына Барнукова лічыць, што дырэктыўныя загады «давайце ўсіх працаўладкуем» не працуюць. Асабліва ў сітуацыі, калі эканоміка аднаўляецца пасля крызісу.
— Шмат у чым праблема беспрацоўя ў Беларусі складаецца ў тым, што не адпавядаюць прапанова і попыт. Беспрацоўныя сканцэнтраваныя ў малых гарадах, у сельскай мясцовасці і ў пэўных прафесіях, якія не карыстаюцца попытам, — падкрэслівае аналітык.
Доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба нагадвае, што Міністэрства працы і сацыяльнай абароны адчыталася ў траўні аб працаўладкаванні ўсіх жадаючых. Але беспрацоўных у краіне, на яго думку, больш, чым паўмільёна.
— Многія шукаюць працу за межамі Беларусі. Паколькі дакладных дадзеных няма, прыводзяцца звесткі пра тое, што ад 500 да 800 тысяч чалавек і больш працуюць у Расіі. Усё больш беларусаў выязджаюць у Польшчу і Прыбалтыку: там вышэйшы заробак, — кажа эканаміст.
На яго думку, справаздача Мінпрацы адлюстроўвае бюракратычны падыход. Ён адзначае, што афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі (у межах адсотка) не адлюстроўвае рэалій. У службу занятасці звяртаюцца людзі, якія вычарпалі магчымасць знайсці працу па знаёмстве ці самастойна. Беларусы не ідуць на біржу, таму што дапамога па беспрацоўі — мізэрная. Рэкамендацыі МВФ падняць яе хаця б да ўзроўню мінімальнай зарплаты не выконваюцца.
— Той, хто звярнуўся ў службу занятасці, павінен адпрацаваць на грамадскіх працах, інакш не атрымае дапамогі. Таму большасць людзей шукаюць працу па іншых каналах, — кажа Барыс Жаліба.
Як забяспечыць беларусаў працай на Радзіме? Эксперты прапануюць найбольш эфектыўныя спосабы.
Разняволіць дзелавую ініцыятыву
Барыс Жаліба адзначае, што неабходна больш актыўна прыцягваць замежны капітал, прамыя інвестыцыі.Эксперт таксама заклікае ствараць прадпрыемствы, асабліва на перыферыі, дзе няма працы. Для гэтага, паводле яго слоў, дзяржаве варта падтрымаць сярэдні і дробны бізнес, перш за ўсё, на месцах.
— Сёння на многіх буйных дзяржпрадпрыемствах вызваляецца рабочая сіла. Паглынуць яе, як паказвае вопыт перадавых краін, хутчэй за ўсё можа малы і сярэдні бізнэс, — адзначае эканаміст.
Кацярына Барнукова мяркуе, што дэкрэт №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», які днямі падпісаў Аляксандр Лукашэнка, спросціць жыццё малым прадпрыемствам. Яна не выключае, што прыватнікі змогуць наймаць большую колькасць людзей.
Эксперт Беларускага эканамічнага цэнтра BEROC прапануе таксама запусціць вялікі інфраструктурны праект у горадзе, дзе ёсць праблемы з занятасцю.
— Напрыклад, дзяржава плануе пабудаваць завод па перапрацоўцы адкідаў. Мэтазгодна узвесці яго ў месцах, дзе ёсць лішак рабочай сілы, — адзначае Кацярына Борнукова.
Дапамагчы беспрацоўным з перанавучаннем і пераездам
Наогул, на думку Кацярыны Барнуковай, ва ўладаў ёсць шырокая прастора для актыўных мер на рынку працы.
Эксперт прапануе дапамагаць пакінутым без працы беларусам з перанавучаннем.
Акрамя таго па яе словах, эфектыўнай мерай можа стаць праграма па падтрымцы міграцыі ўнутры краіны.
— Калі ў Століне, як адзначала Наталля Качанава, няма працы, то кватэру там не прадасі. Дзяржава магла б умяшацца і падтрымаць сем'і, якія хочуць пераехаць. Напрыклад, узяць на сябе абавязацельства паступова выкупляць кватэры па завышанай цане, — кажа Кацярына Барнукова.
Яна таксама прапануе развіваць транспартную сетку, каб людзям было зручней дабірацца да месца працы. Па словах эксперта, вельмі часта транспарт часткова вырашае праблемы занятасці ў малых гарадах.Кацярына Барнукова кажа, што гэта доўгатэрміновыя меры, якія не дадуць імгненных вынікаў, але іх трэба рэалізоўваць.
— Ведаю, што сёння з малых гарадоў у Мінскім раёне ездзяць у Мінск на працу. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ёсць электрычкі, — падкрэслівае эксперт Беларускага эканамічнага цэнтра BEROC.
Важным крокам, які варта зрабіць уладам, можа стаць павышэнне дапамогі па беспрацоўі.
— Калі амаль паўмільёна беларусаў не могуць знайсці працу, трэба думаць пра тое, як мы іх можам падтрымаць, — адзначае Кацярына Барнукова.
Паводле zautra.by