Эксперты ААН настойваюць на прыцягненні да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях у Беларусі. Хронікі рэпрэсій 14 лютага
Адразу дзве праваабаронычыя структуры апрылюднілі свае даклады па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. І ў абедзвюх дакументах адзначаецца, што правоў чалавека ў Беларусі амаль што і няма. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 14 лютага.
![hroniki_represij2_4_1.webp hroniki_represij2_4_1.webp](/img/v1/images/hroniki_represij2_4_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1724084760&w=528)
У судзе Аршанскага раёна і Оршы 27 лютага над анархістам Аляксандрам Францкевічам адбудзецца другі запар суд паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі), піша «Вясна».
Паўгода таму Аляксандра ўжо асудзілі да года пазбаўлення волі па гэтым артыкуле. Цяпер яму зноў могуць дадаць тэрмін зняволення. Акрамя гэтага, палітвязня некалькі месяцаў утрымлівалі ў рэжыме інкамунікада.
У верасні 2022 года Аляксандру прызначылі 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф 700 базавых велічыняў. Па апеляцыі тэрмін скарацілі на тры месяцы.
19 ліпеня 2024 года стала вядома пра затрыманне маці палітвязня — Таццяны. Яе абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу. Цяпер яе справу разглядаюць у Віцебскім абласным судзе.
* * *
Міжнародная няўрадавая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала штогадовы даклад аб становішчы з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі ў 2024 годзе. Праваабаронцы канстатуюць, што шырокамаштабныя рэпрэсіі дзяржавы ў дачыненні да мірных пратэстуючых і крытыкаў рэжыму працягваюць выходзіць на новыя ўзроўні. У 2024 годзе міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі, а таксама Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, адзначалі сталае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека. Упраўленне ААН па правах чалавека паведаміла, што ў яго ёсць «усе падставы меркаваць, што злачынства супраць чалавечнасці ў выглядзе пераследу магло здзяйсняцца» службовымі асобамі.
HRW адзначае жорсткае абыходжанне з палітвязнямі, блізкае да катаванняў. Адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі не даюць палітычным вязням атрымаць доступ да своечасовай і належнай медыцынскай дапамогі, з-за чаго ў мінулым годзе памерла як мінімум тры чалавекі. Таксама беларускія ўлады пераследуюць палітвязняў і пасля вызвалення, падвяргаючы іх рэгулярным надглядам і ўзбуджаючы супраць іх новыя крымінальныя справы.
Таксама пераследуюцца сваякі палітвязняў і актывісты, што падтрымліваюць іх.
* * *
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 18 чалавек — цяпер у ім 4948 прозвішчаў. Міністэрства ўнутраных справаў 14 лютага зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод іншых, у спіс дадалі блогерку Вікторыю Гусараву, а таксама затрыманую падчас «рэйду па салідарнасці» Алу Кісель.
* * *
Урад Беларусі здзейсніў «шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва, што з'яўляецца часткай жорсткіх намаганняў па падаўленні любой апазіцыі праўленню Лукашэнкі». Некаторыя з гэтых парушэнняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці, заключыла група незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
У дакладзе, які група экспертаў упершыню прадстаўляе Савету правоў чалавека з моманту свайго стварэння ў красавіку 2024 года, таксама паведамляецца, што «парушэнні адбываліся ў кантэксце больш шырокіх намаганняў, накіраваных на захаванне ўлады Аляксандра Лукашэнкі».
Сярод «найбольш абуральных зафіксаваных парушэнняў» аўтары дакладу адзначылі «адвольныя арышты і затрыманні па палітычных матывах, што стала неад'емнай часткай тактыкі беларускіх уладаў».
У дакуменце таксама адзначаецца, што мужчыны і жанчыны, якія ўтрымліваюцца пад вартай, «рэгулярна падвяргаліся катаванням і жорсткаму абыходжанню, уключаючы збіццё, электрашок і пагрозы згвалтавання не толькі зняволеных, але і іх партнёраў». «Супрацоўнікі праваахоўных органаў праяўлялі відавочную жорсткасць у адносінах да ЛГБТІК+, ужываючы фізічны гвалт і выразы, што прыніжаюць чалавечую годнасць», — адзначаецца ў дакуменце.
Аўтары дакладу прыйшлі да высновы, што «маюцца разумныя падставы меркаваць», што некаторыя зафіксаваныя ў Беларусі парушэнні «прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці ў форме зняволення ў турму і пераследу па палітычных матывах».
Таксама эксперты звярнулі ўвагу на тое, што пасля змены законаў аб «экстрэмізме», пераследу адвакатаў і фактычнага пераходу калегіі адвакатаў пад кантроль Міністэрства юстыцыі, беларускія ўлады «стварылі сістэму, якая сістэматычна парушае правы грамадзян Беларусі на справядлівае судовае разбіральніцтва».
У выніку «сотні тысяч грамадзян пакінулі Беларусь з 2020 года, у тым ліку юрысты, актывісты, сябры арганізацый грамадзянскай супольнасці і журналісты», гаворыцца ў дакладзе.
Група экспертаў заключыла, што «выяўленне і судовы пераслед асоб, вінаватых у парушэннях правоў чалавека і злачынствах супраць чалавечнасці, з'яўляецца ключавым фактарам для спынення атмасферы беспакаранасці і неад'емнай часткай правасуддзя для ахвяр».
* * *
Кнігі Сяргея Навумчыка і Змітра Дашкевіча прызналі «экстрэмісцкімі». Гаворка пра выданне «Чарвяк» (Viesoji istaiga Gudu informacijos centras, Вільня, 2013). Адпаведнае рашэнне прынятае судом Заводскага раёну Мінска 11 лютага, паведамляе «Вясна».
Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі выданні Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другi» і «Дзевяноста трэцi» — таксама па рашэнні суда Заводскага раёну Мінска.
Акрамя таго, у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі Telegram-каналы і чаты «ВЯЧОРКА», «Лукабек», «Паца-Ваца», «Вестник Михеева: Беларусь и мир», «ZMAHAR», Instagram-старонкі «vaganovtor», «zivebelarus2022», «minsk_new.s», TikTok-старонкі «тгк: сливовая долина», «brest-region».
* * *
Праваабаронцам «Вясны» вядома аб 33 асобаў, якіх накіравалі на прымусовае лячэнне паводле палітычных артыкулаў. Пры гэтым вядома пра вызваленне васьмі з іх.
На сёння, па звестках праваабаронцаў, мінімум 23 чалавекі, прызнаныя палітзняволенымі, праходзяць прымусовае лячэнне. Іх судзяць як «асобаў, якія здзейснілі грамадска-небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бессвядомасці або якія захварэлі пасля здзяйснення злачынства псіхічным засмучэннем (захворваннем)» (п. 13 арт. 6 КПК). Такія справы разглядаюцца ў закрытых рэжымах.
Самая вядомая з іх — Марыя Успенская, жонка забітага кдбшнікам тры гады таму Андрэя Зельцэра. У чэрвені 2022 года за «саўдзел у забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка» паводле арт. 16 і п.п. 5 і 10, ч. 2 арт. 139 КК ёй прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
Яе судзілі як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне», таму на судзе інтарэсы Марыі прадстаўляла яе маці.