Хронікі рэпрэсій за 19 ліпеня: затрымалі маці і цётку анархіста Аляксандра Францкевіча, завочна судзілі сябра загінулага Віталя Шышова
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра пераслед у Беларусі за сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1345 дзён, Дзяніс — 1225.
***
Суд Маладзечанскага раёна прысудзіў былога палітзняволенага вілейскага актывіста Андрэя Кудзіка да 4 гадоў калоніі за «дыскрэдытацыю Беларусі» (арт.369-1 Крымінальнага кодэкса), піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Актывіста абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» праз яго відэа ў TikTok. Таксама суд прызначыў Кудзіку штраф у памеры 400 базавых велічынь.
У лютым суд арыштаваў Андрэя Кудзіка на 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле, аднак на волю ён не выйшаў. Як стала вядома праваабаронцам, актывіст абвінавачваўся ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК), але цяпер артыкул абвінавачвання змянілі на «дыскрэдытацыю Беларусі».
19 кастрычніка суд арыштаваў Кудзіка па артыкуле аб «парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» (арт.24.23 КаАП). Прычынай стала віншаванне Украіны з Днём незалежнасці, якое мужчына апублікаваў у TikTok 24 жніўня.
На судзе ён віну не прызнаў і сказаў, што выклаў відэа пасля таго, як убачыў, што са святам Украіну павіншаваў Аляксандр Лукашэнка.
У лютым 2022 года суд прысудзіў вілейчука да 2 гадоў калоніі па артыкуле аб «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК). У ліпені 2023 года ён выйшаў на волю.
***
Сілавікі затрымалі жыхара Гродна, які вярнуўся з Нідэрландаў у Беларусь. Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, піша «Медыязона».
На камеру мужчына кажа, што жыве і працуе ў Нідэрландах. 7 ліпеня гродзенец вярнуўся ў Беларусь, дзе яго затрымалі сілавікі за рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».
«Таксама пісаў негатыўныя каментары супрацоўнікам міліцыі, таксама размяшчаў каментары пра фізічную расправу над супрацоўнікамі міліцыі і членамі іх сям'і», — гаворыць на камеру затрыманы.
Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.
***
У Ваўкавыску затрымалі маці анархіста Аляксандра Францкевіча і яе сястру, калі яны прывезлі яму перадачу. Пра гэта «Свабодзе» паведамілі крыніцы з суполкі сваякоў палітвязняў, якія спаслаліся на сведак затрымання. Паводле крыніц, разам з Таццянай Францкевіч у калонію прыехала яе сястра Наталля Лабацэвіч. «Яе таксама затрымалі», — пацвердзілі сведкі. Прычыны затрымання сведкам невядомыя.
Аляксандр Францкевіч — вядомы актывіст анархісцкага руху, які ў 2010-х гадах ужо адбываў пакаранне зняволеннем за акцыю пратэсту. Другі раз Францкевіча затрымалі ў 2020 годзе і асудзілі на 16 гадоў і 9 месяцаў паводле шэрагу абвінавачанняў, уключна са «стварэннем экстрэмісцкага фарміравання».
Пасля суду Аляксандр Францкевіч спачатку адбываў пакаранне ў калоніі № 22 «Воўчыя норы», а потым атрымаў яшчэ год зняволеньня паводле 411 артыкула КК («Грубае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») і быў пераведзены ў ПК-11 у Ваўкавыску. Пра здароўе Францкевіча вядома, што ў яго няма адной ныркі, між тым яго шмат разоў змяшчалі ў ШІЗА.
Аляксандра Францкевіча беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнем.
***
Суд Лоеўскага раёна завочна прысудзіў рэчыцкага актывіста і сябра загінулага ў Кіеве беларуса Віталя Шышова Юрыя Шчучко да 5 гадоў калоніі паводле 7 крымінальных артыкулаў, піша «Гомельская вясна».
Суд прызнаў Шчучко вінаватым у «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) і прысудзіў да 2 гадоў калоніі і 4 тысяч рублёў штрафу. За «абразу суддзі» (арт.391 КК) суд прысудзіў Шчучко да 3 месяцаў арышту. За публічную «абразу Лукашэнкі» (ч.2 арт.368 КК) актывіста прысудзілі да 2 гадоў калоніі.
Шчучко прызналі вінаватым у двух «паведамленнях аб ілжывым мінаванні» (чч.1 і 2 арт.340 КК). За першае паведамленне актывіста прысудзілі да 1,5 гадоў калоніі, за другое — да 4 гадоў. За «пагрозу гвалту ў дачыненні да службовай асобы» (ч.1 арт.366 КК) актывіста прысудзілі да 3 гадоў калоніі. За «паклёп» (арт.188 КК) Шчучко прысудзілі да года калоніі, а таксама да 3 гадоў са штрафам у 4 тысячы рублёў — за «незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных даных» (ч.3 арт.203-1 КК).
У выніку частковага складання прысудаў суд прызначыў актывісту 5 гадоў калоніі і штраф у памеры 6 тысяч. Пазовы аб кампенсацыі маральных пакут на Шчучко падалі 21 чалавек. Суд усім задаволіў сумы ад адной тысячы да шасці.
Шчучко знаходзіцца за мяжой, таму яго судзілі ў рамках «спецыяльнай вытворчасці».
***
Канцэртнага фатографа і музыку Дзмітрыя Сачыўку абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкула аб «грубым парушэнні грамадскага парадку» (ч.1 арт.342 КК), піша «Зеркало».
Судзіць Сачыўку пачнуць 22 ліпеня ў судзе Савецкага раёна Мінска. Калі затрымалі мужчыну і дзе ён цяпер знаходзіцца, невядома. У сацсетках ён не з'яўляўся больш за месяц.
Сачыўку ўжо затрымлівалі па адміністрацыйным артыкуле ў 2021 годзе на святкаванні Масленіцы ў Музеі валуноў у Мінску. Яго і яшчэ некалькіх чалавек даставілі ў Першамайскае РУУС і асудзілі на 30 сутак арышту па артыкуле аб «удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (24.23 КаАП).
Дзмітрый Сачыўка — музыка і фатограф рок-канцэртаў, таксама быў журналістам сайта «BelMetal». Нядаўна яму споўнілася 38 гадоў.
***
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым за ўдзел у пратэстах у Мінску беларусам, паведамляе «Медыязона».
На відэа мужчына гаворыць, што яго затрымалі за «ўдзел у несанкцыянаваных дзеяннях у 2020 годзе». Таксама на відэа ён адзначыў, што яго выявілі па камерах.
У якім статусе знаходзіцца затрыманы і па якім артыкуле яго абвінавачваюць — невядома.
***
31 ліпеня Мінскі абласны суд пачне разглядаць крымінальную справу супраць Максіма Рэмезава. Яго абвінавачваюць у «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1 арт.361-2 КК) і ва «ўдзеле ў вайне на тэрыторыі іншай краіны» (ч.2 арт.361-3 КК), піша «Наша Ніва».
Максіму Рэмезаву 43 гады. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці «Сеткавы інжынер». У 2022-м прыйшоў працаваць у кампанію «A1» на пасаду system architect.
Таксама Максім захапляўся бегам. Ён удзельнічаў у аматарскіх чэмпіянатах па марафонскім бегу ў трыятлоне.
***
ГА «Беларускае таварыства ўрачоў агульнай практыкі» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Так 11 ліпеня вырашыў Гродзенскі абласны суд. Аб'яднанне працавала ў Гервятах Астравецкага раёна з 2012 года, піша тэлеграм-канал «Право имеют».
Таксама ліквідавалі РФСАА «Беларуская федэрацыя паветрана-сілавой атлетыкі і паветранага эквілібру».
Рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд у той жа дзень — 11 ліпеня.
Арганізацыя зарэгістраваная ў Шчучыне і прапрацавала амаль пяць гадоў. Яе чальцы хацелі развіваць паветрана-сілавую атлетыку і праводзіць спаборніцтвы. Арганізацыю стварыла Ірына Чымбур — шасціразовая чэмпіёнка свету па паветрана-сілавой атлетыцы, майстар спорту па сямі дысцыплінах.
***
У сумна вядомым «Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» адбылося папаўненне. Гэтым разам у яго ўвайшлі:
- Telegram-каналы і чаты: «Инициатива ДАР», «Blackmap Belarus»;
- Instagram-старонкі: «vlad.savinn», «belarusians_suomessa», «Belarus_a_bordeaux»;
- Youtube-каналы: «dokbit», «LongliveBelarus2020», «Margarita Levchuk. Soprano», «Беларусь за МКАДом»;
- сацсеткі праекта «Асацыяцыя Палiтвязняў Беларусі»;
- Facebook-старонка «Yuliyana Shemetovets»;
- старонкі ў «ВКонтакте»: ЧС СОЛИГОРСК», »Первое радиоуправление (1РУ)»;
- старонка ў «Аднакласніках»: «Мы против налога на тунеядство»;
- TikTok-старонкі: «snow_in_by», «Belarus», «Беларусь головного мозга 2.0», «vishnya.bу»;
- старонка ў Instagram спартсменкі Аляксандры Герасіменя: @a.herasimenia.
Таксама, паведамляюць праваабаронцы, у Беларусі з'явілася новае «экстрэмісцкае фарміраванне» — закрыты тэлеграм-чат «Медики Гродно». Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 16 ліпеня. Паводле ведамства, дачыненне да чата маюць Віктар Шумель і Данута Каваленка.
19 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У яго трапілі 21 чалавек, сярод якіх — былы палітвязень Андрэй Анпілогаў, палітвязень з Пінска Сяргей Кулеш, архітэктары Дар'я Мандзік, Раман Забела, Ілля і Таццяна Палонскія, рэдактарка і перакладчыца Настасся Мацяш.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 533 дні, Максіма Знака — 527 дзён, Мікалая Статкевіча — 524 дні, Ігара Лосіка — 516 дзён, Віктара Бабарыкі — 453 дні, Сяргея Ціханоўскага — 383 дні, Уладзіміра Гундара — 350 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1378 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1486 чалавек. Сярод іх — 186 жанчын і 5 непаўнагадовых. 20 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.