Хронікі рэпрэсій за 18 ліпеня. Справа «Імагуру»: стартап-хаб вінавацяць у шкодзе дзяржаве ў больш за 220 000 рублёў

Справа мінскага стартап-хаба Imaguru перададзеная пракурору для накіравання ў суд, адзін з трох абвінавачаных пад вартай

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Скончана расследванне завочнай крымінальнай справы супраць сузаснавальніц мінскага стартап-хаба «Імагуру»


Таццяне Марыніч і Анастасіі Хамянковай інкрымінаваныя па 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Паводле следства, было заяўлена, што, акрамя іншага, Марыніч і Хамянкова маюць дачыненне да «ўчынення шэрагу злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці». Яны нібыта «стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фарміраваннем, на інтэрнэт-рэсурсах якога размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў 2020-м годзе».

«Іх асноўная мэта — дыскрэдытацыя канстытуцыйных асноў Рэспублікі Беларусь, падтрыманне радыкальнага і пратэснага патэнцыялу, а таксама захоп улады неканстытуцыйным шляхам».

У дачыненні да дырэктара Imaguru, жыхара Смалявічаў (імя не называецца; займаў пасаду ў 2018—2020 гадах), следства вялося ў звычайным парадку. Ён знаходзіцца пад вартай.

СК сцвярджае, што заснавальніца і супрацоўніца Imaguru “яшчэ ў 2016 годзе распрацавалі схему па ўхіленні ад выплаты падаткаў шляхам выкарыстання падробленых дакументаў, а таксама “драбнення” бізнэсу”, завышалі выдаткі, якія ўлічваюцца пры падаткаабкладанні, “шляхам змяшчэння ў бухгалтарскі і падатковы ўлікі таварыстваў дакументаў, што не адпавядаюць рэчаіснасці”, перадае «Позірк».

Следчыя сцвярджаюць, што фактычна кіраўніцтва арганізацыямі ажыццяўлялася аднымі і тымі ж асобамі. Паводле версіі следства, фігуранты прычынілі шкоду дзяржаве на агульную суму больш за 220 тысяч рублёў.

Справа «Імагуру» перададзеная пракурору для накіравання ў суд. 

  • Пракуратура абмежавала доступ да інтэрнэт-рэсурсу «Асацыяцыі палітвязняў Беларусі»

Паводле пастановы пракурора Магілёўскай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсу грамадскай арганізацыі «Асацыяцыя палітвязняў Беларусі» (даменнае імя — apbel.com), паведамляе прэс-служба нагляднага ведамства.

Падставай для гэтага, паводле сцвярджэння Генпракуратуры, сталі парушэнні закона «Аб сродках масавай інфармацыі», піша Позірк.

Заяўляецца, нібыта «на партале размяшчаліся інфармацыйныя матэрыялы, якія змяшчаюць прыкметы экстрэмізму, якія накіраваныя на дыскрэдытацыю органаў улады».

«Дзеянні асоб, якія ўчынілі правапарушэнні і злачынствы, загадзя неправамерна легітымізаваліся і ім надаваўся псеўдастатус «палітвязняў». Пасля такім грамадзянам прапаноўвалася аказаць бязвыплатную замежную спонсарскую дапамогу», — гаворыцца ў паведамленні.

Пракуратура ўгледзела ў гэтым парушэнні пп.1.3 п. 1 арт. 38 згаданага закона аб СМІ, згодна з якім «у сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забаронены распаўсюд інфармацыі, накіраванай на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або якая змяшчае заклікі да такой дзейнасці, іншай інфармацыі, распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь або забаронены гэтым законам, іншымі заканадаўчымі актамі».

На сайце apbel.com паведамляецца, што «Асацыяцыя палітвязняў Беларусі» створаная ў 2024 годзе былымі палітвязнямі, вымушанымі эміграваць, з мэтай аказання падтрымкі палітвязням і іх сем’ям як у Беларусі, так і за мяжой. Арганізацыя мае прадстаўнікоў у Беларусі, Германіі, Грузіі, Літве, Польшчы і Фінляндыі. 

  • Адміністратара чату «Беларусы на Шры-Ланцы» будуць судзіць па «народным» артыкуле 
viktar_czajka.jpg

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 29 ліпеня пачнуць судзіць 42-гадовага вандроўніка Віктара Чайку. Яго затрымалі напрыканцы траўня. Тады праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што Віктар з'яўляецца адміністратарам тэлеграм-чату «Беларусы на Шры-Ланцы».

Цяпер палітвязня будуць судзіць паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Справу прызначна весці суддзя Юлія Крэпская.

Таксама Віктар — аўтар невялікага ютуб-канала «Дыялогі аб Міры». 

  • Хутка пачнецца суд над затрыманым з «тэрарыстычнага спісу». Верагодна, справа тычыцца каментароў

У Мінскім абласным судзе 29 ліпеня распачнецца суд над 42-гадовым Уладзімірам Баслыком. Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Сутнасць абвінавачвання праваабаронцам невядомая, але, верагодна, справа тычыцца каментароў і допісаў у інтэрнэце. За гэта мужчыне пагражае да 12 гадоў калоніі.

Уладзіміра абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку); ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).

Негледзячы на тое, што суда яшчэ не было, Уладзіміра ўжо ўнеслі ў спіс асоб, «якія датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці». 

  • За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрымалі мінчанку

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманая — Дар'я Сцебунова. На «палонным відэа» дзяўчыну прымусілі сказаць, што за удзел у пратэстах яна цяпер «будзе адбываць пакаранне». 

  • Звольнілі рэдактарку газеты Мазырскага НПЗ, якую затрымлівалі за «экстрэмізм»

Яшчэ 10 ліпеня дваіх супрацоўнікаў Мазырскага НПЗ — памочніка гендырэктара Валерыя Бойшу і рэдактарку газеты Святлану Богуш затрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Практычна адразу пасля гэтага Святлану Богуш звольнілі — у новым нумары «МН» рэдактарам ужо пазначаны Андрэй Шышкін — былы галоўны рэдактар газеты Рагачоўскага райвыканкама. Гэтае выданне прыкметна больш за іншыя раёнкі выпускала прапагандысцкія матэрыялы, перадрукоўвала публікацыі праўладных рэсурсаў з абразамі апанентаў рэжыму паведамляе @flagshtok. 

  • На трасе M1 жорстка затрымалі дырэктара брэсцкай кампаніі
zatrymanne_byczko_na_trase.jpg

Паводле інфармацыі Медыязоны, затрыманы — Яўген Бычко. Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, а пазней пад'ехалі сілавікі, якія яго і затрымалі.

На «палонным відэа» Яўген Бычко кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Брэсце. 

  • Працягваецца суд над палітвязнем Сяргеем Дзяцуком, якога затрымалі пасля вызвалення з калоніі

39-гадовага Сяргея Дзяцука затрымалі ў сакавіку 2021 года. Тады сілавікі прыйшлі затрымліваць яго маці, хацелі адабраць яе тэлефон. На абарону маці стаў яе сын Сяргей. У выніку яго абвінавацілі ў «гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364 КК). Мужчыне прызначылі 3 гады калоніі. Тэрмін ён адбываў у барысаўскай калоніі № 14. 

Сяргей мусіў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну ў сакавіку 2024 года. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).

20 чэрвеня ў судзе Барысаўскага раёна распачаўся суд над Сяргеем. Справу разглядае суддзя Людміла Зінкевіч.