Хронікі рэпрэсій, 17 ліпеня. З 2020-га году як мінімум 2422 чалавекі асудзілі па «народным» артыкуле

Аднаго з найлепшых беларускіх трэнераў па настольным тэнісе будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».

З 2020-га году як мінімум 2422 чалавекі асудзілі па «народным» артыкуле


Паводле інфармацыі «Вясны», з 2020-га году паводле «народнага» арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у Беларусі з асудзілі мінімум 2422 чалавекі.
Першы прысуд па гэтым артыкуле быў вынесены 30 лістапада 2020-га году — падлеткам у Мазыры прысудзілі па годзе пазбаўлення волі ўмоўна за камяні ў бок міліцэйскага аўтамабіля.
Таксама як мінімум 273 чалавекі былі асуджаныя паводле арт. 293 КК («масавыя беспарадкі»).

Аднаго з найлепшых беларускіх трэнераў па настольным тэнісе будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»


63-гадовы Юрый Лагадзюк прысвяціў сваё жыццё рэабілітацыі людзей з інваліднасцю праз настольны тэніс. Яго гадаванцы нярэдка выйграюць на чэмпіянатах як у Беларусі, гэтак і ў іншых краінах. Мужчына дапамог сотням людзей з інваліднасцю жыць звычайным жыццём, піша «Наша Ніва».
Суд над Юрыем Лагадзюком пачнецца 24 ліпеня ў Брэсцкім абласным судзе. Судзяць яго за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Працэс прызначаны весці суддзя Андрэй Сіз.

Айцішніца з Гродна вярнулася дадому з Польшчы — яе затрымалі і будуць судзіць

Лізавеце Макрыдзінай 25 гадоў. Родам яна з Гродна, скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «камп'ютарная бяспека». Ужо пасля другога курса яна пайшла працаваць праграмісткай у кампанію SENLA, але пасля перавучылася на бізнэс-аналітыка. Нядаўна дзяўчына пераехала ў Польшчу, імаверна, пасля вайны. Лізавету затрымалі пасля таго, як яна вярнулася ў Беларусь. У профілі Linkedin яна апошні раз нешта лайкала тры месяцы таму, піша «Наша Ніва». Суд пачынаецца 23 ліпеня. Дзяўчыну вінавацяць па «народным» 342-м артыкуле КК за ўдзел у пратэстах. Ёй пагражае да трох гадоў калоніі. Судзіць Макрыдзіну будзе Уладзімір Пазняк.

Распачынаецца завочны суд над актывістам Андрэем Зуевым

Сёння ў Віцебскім абласным судзе пачынаюць разгляд справы супраць Андрэя Зуева — актывіста з Наваполацка. 

Яго абвінавачваюць па артыкулах аб распальванні варожасці (ч. 3 арт. 130 КК), масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК), стварэнні альбо ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (ч. 1 арт. 361-1 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт.369 КК).

Нагадаем, у траўні 2020 года ён даў інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму, пасля чаго Зуева арыштавалі на 7 сутак. Пасля гэтага ён быў валанцёрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Некалькі разоў ён падвяргаўся адміністрацыйным арыштам. 

У 2021 годзе з'ехаў з Беларусі, таму ягоная справа разглядаецца ў межах спецвытворчасці. Суддзя — Галіна Бондал.

У Магілёве працягваецца суд над палітвязнем Цімурам Рызапурам

Цімура затрымалі 30 верасня 2020 года ў Брэсце. Увечары 10 жніўня, калі ён вяртаўся з працы дадому, яго падстрэлілі гумавымі кулямі пяць разоў: адзін раз — у жывот і чатыры разы — у ягадзіцу. Пазней яго абвінавацілі ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" паводле ч. 2 арт. 293 КК. Цімура на волі чакаюць жонка і трое непаўнагадовых дзяцей. Цімуру прызначылі 4,5 гады калоніі. Тэрмін палітвязень спачатку адбываў ў наваполацкай калоніі. Адміністрацыя рэгулярна змяшчала яго ў штрафны ізалятар, а потым перавяла ў ПКТ. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. 10 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва над Цімурам распачаўся суд паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Справу разглядае суддзя Наталля Панасенка.

У Мінску хутка пачнуць судзіць пяць чалавек па гучнай справе за «падрыхтоўку тэракту ў Дзень перамогі»

У Мінскім гарадскім судзе 26 ліпеня распачнецца суд па гучнай справе за «падрыхтоўку тэракту ў Дзень перамогі пад куратарствам Кіева». Падрабязнасці справы агучваліся ў прапагандыскім фільме АНТ «Забойная пасылка смерці: хто і як хацеў здзейсніць тэракт у Дзень Перамогі». 

Па справе праходзяць адразу пяць чалавек: 24-гадовы Валер Водзін, Андрэй Грыгор'еў, 30-гадовая Вікторыя Волчак, 25-гадовая Ганна Савачкіна і яе маці Таццяна Русак. У віну ім ставяцца адразу шэсць артыкулаў, сярод якіх такія цяжкія як «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «акт тэрарызму» (ч. 2 арт. 289 КК). Працэс у закрытым рэжыме будзе весці Сяргей Хрыпач, вядомымі сваімі жорсткімі прысудамі па палітычных справах.

Што характэрна, у фільме таксама паказалі сябра Савачкінай — Яўген Багданенка, але яго па гэтай справе судзіць не будуць. Лёс яго праваабаронцам невядомы.

Спецыяліста па продажах адной з мінскіх кампаній затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што ўдзельнічаў у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 года.

Палітвязня Андрэя Любецкага перавялі ў жодзінскую турму

Сківічны хірург Андрэй Любецкі 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні №4 у Мінску. Быў валанцёрам каля ізалятара на Акрэсціна. Мае чатырох дзяцей. Палітвязня затрымалі 4 траўня 2021 года. 

У красавіку 2022 года суддзя Святлана Чарапанава прызначыла лекару пяць гадоў калоніі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Ён адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі № 2.

У Бабруйску 26 чэрвеня разгледзелі справу аб замене Андрэю рэжыма ўтрымання на турэмны. Суддзя Павел Карцінін пастанавіў перавесці палітвязня ў турму да канца тэрміну. 

Палітзняволенага Яўгена Кладова не вызвалілі пасля адбыцця першага тэрміну — яго будуць зноў судзіць

Жыхара Баранавічаў арыштавалі на 13 сутак у жніўні 2023-га, а таксама канфіскавалі тэлефон. Але пасля гэтага Яўгена не выпусцілі — у лістападзе 2023 года адбыўся суд па крымінальнай справе. Яму прысудзілі год калоніі за лайкі пад карыкатурамі на Лукашэнку.

Цяпер стала вядома, што супраць Кладова завялі крымінальную справу па новых артыкулах — «масавыя беспарадкі» (293 КК), «распальванне варожасці або варажнечы» (130 КК) і «заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (361 КК). Жыхару Баранавічаў можа пагражаць да 12 гадоў калоніі, піша «Наша Ніва».

У мінулую пятніцу Яўгена дадалі ў спіс «тэрарыстаў».