Хронікі рэпрэсій за 16 ліпеня: Айцішніцы пагражае да дзесяці гадоў калоніі за данаты

Пракуратура распавяла, чаму шэраг украінскіх тэлеграм-каналаў прызналі «экстрэмісцкімі» — там распальвалі варожасць да расіян.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары заклікае да неадкладнага вызвалення вясноўцаў

14 ліпеня 2021 года Алесь, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч былі затрыманыя за сваю праваабарончую дзейнасць. Пазней Алесь быў асуджаны да 10 гадоў калоніі, Валянцін — да 9 гадоў, а Уладзімір — да 7 гадоў; палітвязні знаходзяцца ў жудасных умовах і пад прымусовай працай у небяспечных для здароўя ўмовах без доступу да медыкаментаў.

Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары (EPDE) заклікае да неадкладнага вызвалення сваіх калегаў і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. EPDE заклікае беларускія ўлады выконваць правы чалавека і вяршэнства закона ў адпаведнасці з міжнародным правам ды сваімі міжнароднымі абавязальніцтвамі.

  • Палітзняволенай айцішніцы пагражае да дзесяці гадоў калоніі за данаты
nadzeja_karankevicz.jpg

Надзеі Каранкевіч — 29 гадоў, у 2016 годзе яна скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, па спецыяльнасці выкладчыка замежных моваў. Надзея троху больш за год адпрацавала перакладчыцай, а пасля перайшла ў IT, дзе была тэсціроўшчыцай, піша  «Наша Ніва». Затрымалі Каранкевіч у лістападзе 2023-га.

Суд над ёй пачынаецца 26 ліпеня ў Мінгарсудзе. Надзею вінавацяць па двух артыкулах — «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання» і «фінансаванне вайны». Паводле апошняга артыкула звычайна судзяць тых, хто ахвяраваў на дапамогу Украіне. Справу прызначаны весці Аляксандр Рудэнка.

  • Затрымалі старшага спецыяліста па тэсціраванню мінскай IT-кампаніі

Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчай акцыі пратэсту, падпісках на «экстрэмісцкія» рэсурсы, а таксама ў данаце ў памеры 15 долараў фонду «BYSOL». 

На палонным відэа беларус кажа, што тры разы наведаў пратэсты ў 2020 годзе, дзе сфатаграфаваўся з бел-чырвона-белым сцягам і пратэстнай сімволікай. 

Паведамляецца, што за гэта затрыманага прымусілі «добраахвотна» пералічыць нейкую суму грошай адной з медустаноў, каб «загладзіць сваю віну перад краінай».

У якім статусе знаходзіцца затрыманы і па якіх артыкулах яго абвінавачваюць — невядома.

Нагадаем, ГУБАЗіК мае два сцэнары ў дачыненні да затрыманых за палітыку беларусаў — калі чалавек шмат зарабляе, то яны пішуць: «Чаго яму не хапала ў жыцці». А калі зарабляе няшмат — то «як ён збіраўся змяняць краіну, калі не можа змяніць сваё жыццё». У гісторыі з гэтым затрыманнем быў абраны першы сцэнар — мужчыну прымусілі назваць свой вялікі заробак у амаль 3000$.

  • У Брэсце двух мясцовых жыхароў судзяць за сарваны чырвона-зялёны сцяг 

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 16 ліпеня распачаўся суд над двума мясцовымі жыхарамі — Станіславам Лугавым і Канстанцінам Пенчуком. Іх абвінавачваюць паводле арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў) і ч. 1 арт. 212 КК (крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі). Справу разглядае Таццяна Лаўранюк.

«Берасцейская Вясна» мяркуе, што гэта справа за сарваны дзяржаўны сцяг на дзіцячым садку, а сутнасць абвінавачвання па другім артыкуле праваабаронцам пакуль невядомая. Як нагадваюць праваабаронцы, некалькі месяцаў таму праўладныя каналы пісалі пра затрыманне двух неназваных мужчын за зняты з дзіцячага садка ў Брэсце сцяг. Тады сілавікі ўдакладнялі, што аднаму мужчыну 25 гадоў, другому — 46 гадоў.

Нагадаем, у Беларусі за «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК) асудзілі мінімум 192 чалавекі.

  • Брата загінулага ва Украіне «вагнераўца» асудзілі за «паклёп на Лукашэнку»

Стала вядома, што 15 ліпеня ў Свелагорску разглядалі крымінальную справу ў дачыненні да Дзмітрыя Суўханава. Яму інкрымінавалі ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку). Справу прызначана была весці суддзя Крысціна Касьянава, піша  «Гомельская Вясна».

Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.

Дзмітрый — родны брат Марата Суўханава, які летась у лютым загінуў ва Украіне ў складзе расійскіх войскаў. Раней яго асудзілі ў Расіі паводле «наркатычнага» артыкула, а ў месцы зняволення завербавалі ў прыватную ваенную кампанію «Вагнер».

У чэрвені тая ж самая суддзя Касьянава разглядала адміністрацыйны працэс у дачыненні да Дзмітрыя за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

  • Некалькі ўкраінскіх тэлеграм-каналаў прызналі «экстрэмісцкімі»

Па заявах пракуратуры Стаўбцоўскага раёна інфармацыйная прадукцыя Telegram-каналаў «STERNENKO», «PETLYARIS», «+ Вертикаль» і «Скринька Пандори» прызнаныя судом «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Пракуратура паведамляе, што ў гэтых каналах нібыта «размяшчалася інфармацыя, накіраваная на распальванне палітычнай і нацыянальнай варожасці ў адносінах да Беларусі і Расіі, беларускага і расійскага народаў, дапускаліся публікацыі з абразамі Лукашэнкі».

  • За антываенную татуіроўку затрымалі беларуску — на яе данеслі госці «Славянскага Базару»
za_tatu_h_vajne.jpg

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

На руцэ ў дзяўчыны была татуіроўка «Х*й войне» — сілавікі назвалі гэта «лозунгам з экстрэмісцкіх рэсурсаў».

  • Жыхара Добруша асудзілі на паўтара года калоніі

15 ліпеня быў вынесены прысуд Яўгену Раманаву з Добруша. Яго асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Судовае пасяджэнне адбылосяў будынку аддзела ўнутраных спраў Добрушскака раённага выканаўчага камітэта.

Справу разглядала суддзя Святлана Лук'янава. Яна прызнала Яўгена вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу.

  • За ўдзел у акцыях пратэсту і каментары затрымалі эканаміста

На «палонным відэа» затрыманы кажа, што удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, дзе пакідаў негатыўныя каментары пра сілавікоў, а таксама нібыта даслаў «Чорнай кнігі Беларусі» інфармацыю пра пракурорскага работніка, з якім гуляў у більярд.