Хронікі рэпрэсій, 15 ліпеня. Па вяртанні з адпачынку ў Італіі затрымалі мужчыну
У Мінску судзяць грамадзяніна Польшчы. Экс-кіраўніка Рэспубліканскага турыстычнага саюза асудзілі да 7,5 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве». Распавядаем галоўнае пра рэпрэсіі ў Беларусі сёння.
Паводле праваабаронцаў ПЦ «Вясна».
Экс-кіраўніка Рэспубліканскага турыстычнага саюза асудзілі да 7,5 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве»
У Мінскім гарадскім судзе за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса) да сямі з паловай гадоў калоніі асудзілі былога кіраўніка Рэспубліканскага турыстычнага саюза Аляксандра Мірскага. Справу супраць яго ў закрытым рэжыме разглядала Алена Шылько на сямі судовых пасяджэннях.
Прысуд быў вынесены яшчэ 11 жніўня 2023 года, але пра яго стала вядома толькі цяпер з прапагандысцкага фільма АНТ. Тэрмін Мірскі адбывае ў калоніі № 22 у Івацэвічах. У фільме ён паказаны з «экстрэмісцкай» жоўтай біркай.
У фільме АНТ Аляксандр кажа, што ў 2015 годзе прыехаў у Літву, дзе яго «жорстка прынялі» мясцовыя супрацоўнікі Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі. Пры дапамозе шантажу яго прымусілі супрацоўнічаць з ведамствам.
У Полацку адмянілі фестываль касплея і K-pop з-за «прапаганды няправільных каштоўнасцяў»
Гаворка пра касплей-шоу "Кампай Полацк", якое было прызначана на 27 ліпеня ў мясцовым палацы культуры. Пра адмену мерапрыемства напісалі арганізатары:
«З 1 ліпеня 2024 года ў ПК новы дырэктар. Ён лічыць, што анімэ прапагандуе няправільныя каштоўнасці. Тыдзень вёў перамовы. Я не змог яго пераканаць, што Кампай бяскрыўдны дзіцячы ранішнік 12+».
25-гадовага мінчука затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што затрыманаму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Чарговы суд за данаты
У Мінскім гарадскім судзе 15 ліпеня распачаўся суд над Антонам Станкевічам. Яго вінавацяць у данатах «экстрэмісцкаму фармаванню» (арт. 361-2 КК). Сутнасць абвінавачвання праваабаронцам невядомая.
Справу разглядае Жанна Брысіна. Па палітычных крымінальных справах яна асудзіла мінімум 20 чалавек, у тым ліку палітвязня Паўла Белавуса.
У Беларусі заблакавалі каталіцкі партал katolik.lifе
Паведамляецца, што гэта было зроблена «на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі». Раней сайт быў заблакаваны ў Расіі.
«Прычыны афіцыйна ніхто не паведаміў, але яны для нас відавочныя – мы распавядаем не толькі пра пазітыў, але і пра закрыты Чырвоны касцёл, пра арышты святароў, пра тое, як вернікі перажываюць вайну. Бо гэта таксама, на жаль, стала для многіх часткай "каталіцкага жыцця"».
Распачаўся завочны суд над экс-супрацоўніцамі TUT.ВY
Мінскі гарадскі суд 15 ліпеня пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненні былых палітзняволеных журналістак Вольгі Лойкі і Алены Талкачовай, а таксама юрысткі Кацярыны Ткачэнкі.
Іх затрымлівалі разам з іншымі калегамі 18 траўня 2021 года падчас моцнай атакі на TUT.ВY. За кратамі палітзняволеныя прабылі каля 10 месяцаў. Іх вызвалілі, змяніўшы меры стрымання, але абвінавачванні з іх не былі знятыя — іх пачыналі судзіць па «справе TUT.ВY» разам з Марынай Золатавай і Людмілай Чэкінай. На суд палітзняволеныя не з'явіліся, бо з'ехалі з Беларусі, таму іх справы вылучылі ў асобную вытворчасць.
Цяпер справа супраць экс-супрацоўніц TUT.ВY завочна разглядаецца паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).
Працэс вядзе суддзя Валянціна Зянькевіч.
Па вяртанні з адпачынку ў Італіі затрымалі мужчыну
На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама ў тым, што дасылаў інфармацыю пра міліцыянтаў ініцыятыве «Чорная Кніга Беларусі».
У Мінску судзяць грамадзяніна Польшчы
У Мінскім гарадскім судзе судзяць ураджэнца Жабінкі і грамадзяніна Польшчы Рамана Галузу. Яго затрымалі год таму па вяртанні ў Беларусь з Польшчы, дзе ён жыў апошнія дзевяць гадоў.
Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве). Падрабязнасці справы невядомыя. Справу разглядае суддзя Алена Шылько.
19 ліпеня 2022 года Раман прыехаў у Беларусь і знік: пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома, а пошукава-выратавальны атрад «Паўднёвы Захад» абвясціў яго пошукі. Пазней высвятлілася, што мужчына знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
У Польшчы Галуза скончыў універсітэт, атрымаў грамадзянства, займаўся валанцёрствам — у тым ліку дапамагаў беларускім уцекачам. Паводле яго знаёмага, затрыманне Рамана магло быць загадзя спланаванае беларускімі сілавікамі.