Хронікі рэпрэсій. Маці экс-вядучага АНТ Івана Падрэза ўсё ж не выселілі з яго кватэры
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 13 ліпеня.

На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» былы вядучы АНТ Іван Падрэз паведаміў, што яго 78-гадовая маці ўсё ж «можа жыць у кватэры па праве пражывання».
«Аказваецца, і на тым баку ёсьць людзі. Людзям — дзякуй. І дзякуй усім, хто перажываў. Няма падставы для суму», — напісаў ён.
Нагадаем, 12 ліпеня Падрэз напісаў у «Інстаграме», што ў яго канфіскавалі кватэру.
Паводле яго слоў, у кватэры пражывала яго маці, якую «выкінулі з яе».
«У Беларусі, дзе ў мяне была кватэра, я цяпер «экстрэміст». Кватэра, якой я афіцыйна валодаў, цяпер канфіскаваная. Маю 78-гадовую маму выкінулі з яе. Яна правяла тры тыдні ў шпіталях, а потым у сяброўкі... Гэта пекла. Гэта па-за ўсялякай мараллю. Выкінуць 78-гадовую жанчыну з дому. Як вы ўсё гэта трываеце?» — напісаў ён.
Глядзіце таксама

Палітзняволены святар Анджэй Юхневіч знаходзіцца ў знясіленым стане. Пра гэта піша katolik.lifе, са спасылкай на вернікаў з ягонай парафіі.
Вернікам парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне дагэтуль невядома, у чым менавіта і паводле якога артыкула абвінавачваюць іхняга пробашча — гэта тлумачаць таямніцай следства. У святара ёсць адвакат, але ён таксама нічога не паведамляе, паколькі вымушаны быў даць падпіску аб неразгалошванні.
Адзінае, што перадалі вернікам — святар знаходзіцца ў знясіленым стане, ён быў пазбаўлены многіх базавых чалавечых патрэбаў. Да прыкладу, толькі нядаўна яму далі магчымасць прыняць душ — пасля амаль двух месяцаў зняволення.
Вернікі пішуць пробашчу лісты ў СІЗА, перадаюць перадачы, каб ён не адчуваў сябе ў адзіноце, імкнуцца хадайнічаць перад органамі следства і пракуратуры, каб яго выпусцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. У парафіі пісалі калектыўны зварот у апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, але там адказалі, што не могуць нічым дапамагчы ў гэтай справе.
Глядзіце таксама

Прызначана дата апеляцыі па справе інжынера «Мінскэнерга», асуджанага да 9 гадоў калоніі.
Нагадаем,у Мінскім гарадскім судзе 12 красавіка агучылі прысуд 44-гадоваму палітзняволенаму інжынеру «Мінскэнерга» Артуру Пядзько — дзевяць гадоў калоні. Суддзя Сяргей Хрыпач прызнаў яго вінаватым паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК (дапамога ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, здзейсненай групай асоб).
Артура Пядзько абвінавацілі ў перадачы персанальных звестак больш за 500 службовых асоб тэлеграм-каналам. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
У Вярхоўным судзе 16 ліпеня разгледзяць апеляцыйную скаргу Артура. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксандра Рыбакова.