Жонкі афрыканскіх прэзідэнтаў — такую «шматвектарнасць» мы атрымалі на 30-ты год «мудрага праўлення»

Прапаганда ва ўсю трубіць пра тое, што Лукашэнка, як і абяцаў у 1994-м, «адвёў краіну ад прорвы». Аналітыкі ж сцвярджаюць, што ўсё зусім наадварот: краіна радасна ляціць у гэтую самую прорву.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

30 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка адвёў краіну ад прорвы, 10 ліпеня заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Гэтую палітінфармацыю яна прачытала жонцы прэзідэнта Нігерыі — Алурэмі Тынубу, якая прыбыла ў Беларусь. Наогул у Мінску быў тады афрыканскі дзень. Сам Лукашэнка сустрэўся па чарзе з той жа Тынубу і жонкай прэзідэнта Зімбабвэ — Аксіліяй Мнангагвай.

Дзяржаўныя СМІ, каб надаць гэтым сустрэчам важнасці, называюць афрыканскіх гасцей «першымі лэдзі». Але для Лукашэнкі, які малюе сябе палітычным патрыярхам сусветнага маштабу, гэта, скажам так, сціплы ўзровень кантактаў, піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

Ёсць свая сімволіка і ў тым, што росквіт плённых сувязей з Афрыкай даводзіцца адлюстроўваць на фоне жорсткага крызісу ў адносінах з суседняй Польшчай. Ды і з іншымі суседкамі — Літвой, Латвіяй, Украінай — рэжым пасварыўся ўшчэнт.

Дрэйф жа ў бок «глабальнага Поўдня» аналітык Валерый Карбалевіч расцэньвае як спробу ўладаў гвалтоўна змяніць цывілізацыйны код беларусаў, вырваць краіну і грамадства з натуральнага еўрапейскага асяроддзя пражывання.

Прага непадзельнай улады загубіла еўрапейскі вектар

Качанава пабудавала свой пасаж на асацыяцыі з назвай перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі 1994 года — «Адвесці народ ад прорвы». Але куды за 30 гадоў кіравання правадыр рэжыму прывёў краіну?

Возьмем знешнюю палітыку. У той праграме было напісана: «Прэзідэнт будзе прыкладаць намаганні для павышэння міжнароднага прэстыжу, стварэння і падтрымання на належным узроўні рэпутацыі Беларусі як надзейнага і выгаднага партнёра, актыўнага ўдзельніка сусветнай, субрэгіянальнай і рэгіянальнай палітыкі».


Глядзіце таксама

Сёння рэпутацыя Беларусі ў дэмакратычным свеце — ніжэй за плінтус. Так, Лукашэнка спрабуе гуляць з Кітаем, робіць стаўку на «глабальны Поўдзень». Але пясок — няважная замена аўса. Выгадны еўрапейскі рынак, які знаходзіцца пад бокам, ды яшчэ і ўкраінскі, які таксама быў для Беларусі прэміяльным, — страчаныя.

Згадаем: у студзені 1994-га, незадоўга да першых выбараў прэзідэнта Беларусі, у Мінску пабываў тагачасны амерыканскі лідар Біл Клінтан.

Цяпер гэта здаецца фантастыкай. Але тады Захад з надзеяй глядзеў на маладую незалежную дзяржаву, даваў ёй шчодрыя палітычныя авансы. Лукашэнка на світанку прэзідэнцтва таксама некалькі разоў быў запрошаны ў еўрапейскія дэмакратыі.

У сакавіку 1995-га ён прылятаў у Брусэль, падпісаў пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве з ЕС. Патэтычна заявіў, што Беларусь такім чынам зрабіла «першы важны крок у кірунку галоўнай мэты — уступлення ў Еўрапейскі Саюз». Яшчэ паспеў пабываць з візітам у Францыі ў ліпені 1996-га.

А потым усё пайшло пад адхон. Прага непадзельнай улады загубіла еўрапейскі вектар. Тое пагадненне з ЕС так і не было ратыфікавана, таму што рэферэндум 1996 года і падзеі пасля яго Захад расцаніў як канстытуцыйны пераварот.

А калісьці Сікорскі абяцаў тры мільярды

Пры гэтым Захад яшчэ некалькі разоў спрабаваў працягнуць руку кіраўніку Беларусі. Перад выбарамі 2010 года ў Мінск прылятаў разам з германскім калегам міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі. Было сказана: калі Беларусь правядзе сумленныя выбары, то атрымае ад ЕС 3 млрд. еўра. Але тая электаральная кампанія скончылася разгонам «Плошчы» і пасадкай у турму большасці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты.

Цяпер Сікорскі, які зноў атрымаў той жа партфель, ужо не верыць ва ўгаворы. Ён змяніў пернік на пугу, палохае закрыццём мяжы, калі Мінск не спыніць гібрыдную вайну пры дапамозе «нелегалаў». А польскі прэзідэнт Анджэй Дуда ў Пекіне адкрыта скардзіцца на Лукашэнку старшыні Сі Цзіньпіну.


Глядзіце таксама

Надзеі Захаду дамовіцца з кіраўніком Беларусі па-добраму — вычарпаліся. Цяпер яму толькі пагражаюць, намацваюць уразлівыя месцы, узмацняюць санкцыі.

Але абмаляваная вышэй рэтраспектыва абвяргае сцвярджэнні Лукашэнкі і яго прапаганды, што заходнікі, маўляў, заўсёды марылі яго зрынуць за гордую незалежную палітыку, разарваць краіну.

Еўропе было выгадна купляць беларускія нафтапрадукты, палякі ахвотна прадавалі ўсялякі тавар пакупнікам з-за ўсходняй мяжы, Літва радавалася прыбыткам ад перавалкі калію праз Клайпеду. Трэба было моцна пастарацца, каб суседзі сталі адгароджвацца жалезнай заслонай.

Ці выпусцяць Пачобута?

Цяпер аналітыкі варожаць, чаму раптам Лукашэнка вырашыў выпусціць жменьку палітвязняў. Зразумела, што ў яго міласэрнасць заходнікі і апазіцыя не вераць. Адна з версій — «націснуў» Кітай, якому важна захаваць транзіт праз Беларусь у Еўропу.

Але калі так, то перш за ўсё варта было б вызваліць актывіста польскай дыяспары Анджэя Пачобута, на чым настойвае Варшава.

Праваабаронцы з інтарэсаў бяспекі пакуль не называюць большасць імёнаў тых, каго днямі выпусцілі. Аднак можна меркаваць, што Пачобута сярод іх няма.

Ускосна пра гэта гаворыць тое, што Варшава працягвае прэсінг. Палякі рэзка запавольвалі ўезд грузавых аўтамабіляў з Беларусі, спаслаўшыся на новыя санкцыі ЕС. Днямі ж пад выглядам узмоцненай праверкі кантэйнераў Польшча на 33 гадзіны фактычна блакавала рух чыгуначных грузаў з Беларусі (у асноўным кітайскіх) праз тэрмінал у Малашэвічах.


Глядзіце таксама

Магчыма, закавыка ў тым, што Пачобут, чалавек горды і моцны духам, адмаўляецца напісаць прашэнне аб памілаванні. У ранейшыя часы бывала, што Лукашэнка ў рамках палітычнай гульні з Захадам адпускаў іншых палітычных вязняў і без такога прашэння. Цяпер інтрыга не развязаная.

Калі Пачобут выйдзе, напружанне ў адносінах з Варшавай трохі спадзе. Колькасць «нелегалаў», якія штурмуюць польскую мяжу, за апошнія тыдні ўжо прыкметна скарацілася. І гэта ўскосна сведчыць, што Мінск не хоча даводзіць сітуацыю да поўнага закрыцця мяжы з Польшчай.

Але ў любым выпадку прарыву ў адносінах як з суседзямі, так і з Еўропай, Захадам у цэлым чакаць не даводзіцца. Калі Лукашэнка кладзе на адну чашу вагаў разрадку ў гэтых адносінах (для чаго трэба вызваляць мноства палітвязняў, спыняць рэпрэсіі), а на іншую — інтарэсы захавання ўлады, здагадайцеся, што пераважвае. Вось у тым і справа.

Апафеоз квітнеючай шматвектарнасці

Каб кампенсаваць жахлівыя страты на заходнім кірунку, рэжым налягае на «далёкую дугу». Але, як бачым, нават у Кітая, нягледзячы на дэкларацыі аб «усепагодным партнёрстве», ёсць падставы для незадаволенасці.

Нядаўняе ўступленне ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, бязбожна раздзьмутае прапагандай Лукашэнкі, не дасць Мінску аўтаматычна прагрэсу ў гандлёва-эканамічных адносінах з яе членамі: ШАС у асноўным не пра гэта.

З шэрагам краін «глабальнага Поўдня» палітычныя адносіны сапраўды выглядаюць нядрэнна. У асноўным таму, што тамтэйшыя рэжымы таксама не выдзяляюцца дэмакратыяй.

Аднак пры гэтым яны звычайна бедныя (калі вынесці па-за дужкі абуральную раскошу жыцця правадыроў) і карумпаваныя. Так што шмат не наварыш. На нарадзе ў красавіку Лукашэнка наракаў падначаленым за тое, што «не выкананыя планы экспарту ў дружалюбныя краіны далёкай дугі». Але тут прарываў таксама не прадбачыцца.


Глядзіце таксама

Ільвіная доля экспарту прыпадае на Расію. Аднак пры гэтым многае туды ідзе са свістам з прычыны вайны. Перастануць страляць гарматы ва Украіне — і шэраг ніш на рынку РФ можа звузіцца або закрыцца.

А галоўнае — залежнасць ад імперыі стала катастрафічнай. Так, за тры дзесяцігоддзі Беларусь адышла ад прорвы галечы. Але, па-першае, суседнія краіны ЕС сышлі далёка наперад, адставанне ад іх павялічваецца. Па-другое, Беларусь апынулася на краі іншай прорвы — за крок ад поўнай страты суверэнітэту.

Аднак паказваць, што міжнароднае жыццё б'е ключом, неяк жа трэба. І вось у дзень 30-годдзя сваёй перамогі на выбарах Лукашэнка, верагодна, перапыніўшы рэабілітацыю на малой радзіме, вымушаны быў прыехаць у сталіцу для сустрэчы з жонкамі афрыканскіх прэзідэнтаў. Выказаў надзею, што калі-небудзь завітаюць у госці і іх мужы.

Увогуле, дэманстрацыя квітнеючай шматвектарнасці атрымалася не асабліва ўражлівай.