Лукашэнка — аўтар усіх «прарыўных» рашэнняў і генеральны спонсар усіх праблем

30 гадоў ва ўладзе і, як вынік, — поўная ізаляцыя краіны. Як гэта стала магчымым? Асабліва калі ўлічыць, што на пачатку 1990-х Беларусь была ў самым выйгрышным становішчы сярод краін былога СССР. Такімі пытаннямі задаецца былы дыпламат Павел Мацукевіч.

Ілюстрацыйнае фота: «Камсамольская праўда»

Ілюстрацыйнае фота: «Камсамольская праўда»

У гэтым выпуску «Пульса Леніна-19» гаворка пойдзе пра дыпламатычныя вынікі 30-гадовага прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі і мундзіры беларускага пасла.

Узаемасувязь тут такая: калі разважаць пра мінулыя гады як пра эпоху і яе спадчыну, то Беларусь вельмі многае страціла і мала што набыла. З відавочных дыпламатычных набыткаў, якія можна памацаць, — уніформа ў гардэробе нацыянальнай дыпслужбы.

Спонсар вялікіх праблем

Сам факт, што замежная палітыка Беларусі яшчэ жывая і ў нечым адрозная ад расійскай, можна лічыць у вядомым сэнсе дасягненнем, але яно сумнеўнае.

У якасці дасягнення можна залічыць нядаўняе ўступленне Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва і верагоднае будучае партнёрства з БРІКС, але і з гэтым ёсць нюансы.

На фоне росту залежнасці ад Расіі, ізаляцыі і санкцый з боку Захаду ўсялякая разнастайнасць у міжнародных кантактах — ужо прарыў. Аднак каму краіна абавязаная такім «спрыяльным» міжнародным асяроддзем пражывання і неабходнасцю кудысьці прарывацца?

Аўтар усіх «прарыўных» рашэнняў з'яўляецца генеральным спонсарам ўсіх праблем. Прычым большасць яго рашэнняў рука не падымаецца ўзяць і аднесці да ўдалых. Усё пазнаецца ў параўнанні і, па вялікім беларускім рахунку, усе параўнанні не на яго карысць.

Параўноўваючы, напрыклад, міжнароднае становішча Беларусі ў 1994 годзе, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, і цяпер, складана пазбегнуць думкі пра фіяска.

Канфлікт з усімі суседзямі, за выключэннем Расіі, міны, супрацьтанкавыя «вожыкі» і равы з боку Украіны, а яшчэ плот на мяжы з ЕС. У далёка не ідэальным 1994-м нічога падобнага не было ні з кім з суседзяў.


Глядзіце таксама

У свой час заходнія эксперты, прымяраючы да Беларусі сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе, лічылі — і цалкам справядліва, — што наша краіна была гатовая да яго лепш за многіх з тых, хто гэтае сяброўства ў выніку аформіў або прэтэндуе на яго да гэтага часу.

Беларусь як быццам не імкнулася ў ЕС, але пачатак адносінаў з Захадам быў бадзёрым і шматабяцальным, пакуль не з'явіўся Лукашэнка і не аформіў маркотны канец.

У сакавіку 1995-га ён здзейсніў афіцыйны візіт у штаб-кватэру Еўрапейскага Саюза ў Брусэлі, каб падпісаць пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве. У адказ на разгон парламента і рэферэндум, які пашырыў паўнамоцтвы Лукашэнкі, ЕС адмовіцца ад ратыфікацыі і падаўжэння гэтага важнага дакумента. І Беларусь застанецца ні з чым.

Усе гэтыя гады наша супрацоўніцтва з ЕС будзе рэгулявацца дагаворам, падпісаным яшчэ ў 1989 годзе СССР і Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю.

Трэба сказаць, што ўсе (ці амаль усе) нашы былыя калегі па Савецкім Саюзе абзавяліся двухбаковым пагадненнем аб партнёрстве з ЕС яшчэ ў 1990-я, прычым у РФ гэтае партнёрства называлася стратэгічным. Таму ёсць усе падставы лічыць наш, без сумневу, унікальны шлях узаемадзеяння з Еўрасаюзам дарогай назад у будучыню ці проста страчаным часам.

Для краіны з адкрытай эканомікай страта любога рынку — недазваляльная раскоша. І гэта якраз беларускі выпадак, але ўлады дазволілі сабе страціць прэміяльны. Крутыя хлопцы, вядома, але супрацьстаянне з Захадам, якое ініцыяваў і развівае ўсе гэтыя гады Лукашэнка, дакладна не з'яўляецца дабром для Беларусі.

Геаграфічная карта бітая

Адным з самых балючых эфектаў гэтага супрацьстаяння з'яўляецца транспартная блакада: у Беларусь практычна не лятаюць самалёты і не ходзяць цягнікі. Высахлі трубы, што транспартавалі транзітныя нафту і газ з Расіі ў Еўропу. Транзітны грузапаток ператварыўся ў ручай, калі не лічыць кітайскія транзітныя грузы, лёс якіх таксама цьмяны — міграцыйны крызіс яго відавочна адчувае.

Для дзяржавы, якая прэтэндуе на геаграфічны цэнтр Еўропы і лічыць сваё геаграфічнае становішча важным рэсурсам, гэта відавочны фініш. Трэба валодаць талентам, каб з такой картай на руках арганізаваць транспартную блакаду.

Цесныя адносіны з Расіяй, якія ўлады ў гэтую суровую санкцыйную пару падаюць і прадаюць народу як вялікае дабро, для краіны ў сучаснасці і будучыні азначаюць крытычную залежнасць. Калегі Беларусі па СНД змаглі арганізаваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з РФ са значна меншымі выдаткамі і рызыкамі для свайго суверэнітэту.

Між тым, саюз з Расіяй ужо каштаваў Беларусі адносінаў з Украінай і страты яе гіганцкага рынку, прывёў да саўдзелу ў вайне, усе наступствы якога пакуль немагчыма падлічыць.

У той жа час усё тыя ж калегі па СНД прадэманстравалі куды больш эфектыўную дыпламатыю, паколькі змаглі пазбегнуць усяго гэтага.

Адносіны з Кітаем можна было б аднесці да заслуг Лукашэнкі, калі б яны з'яўляліся яго вынаходствам, але гэта не так.


Глядзіце таксама

Азія трапіла ў прыярытэты знешняй палітыкі Беларусі з першых дзён здабыцця незалежнасці, а сувязі цягнуцца з часоў БССР. Кітай і Індыя знаходзіліся ў ліку першых 14 дзяржаў, дзе Мінск на пачатку 1990-х прыняў рашэнне адкрыць свае дыпмісіі.

Аснову беларуска-кітайскіх адносінаў заклаў афіцыйны візіт у Кітай дэлегацыі на чале са старшынёй Савета Міністраў Вячаславам Кебічам у студзені 1992-га. Лукашэнка, праўда, у яе ўваходзіў, але на правах дэпутата.

Прычым Беларусь стала першай дзяржавай СНД, якая накіравала ўрадавую дэлегацыю ў Кітай да афіцыйнага ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў.

Сяброўства з Сі Цзіньпінам — гэта так, вялікае асабістае дасягненне Аляксандра Рыгоравіча, тут не адабраць, але гэтае асабістае сыдзе разам з асобамі.

Мне цяжка ўявіць Беларусь, якая не будзе імкнуцца да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Кітаем. Пры гэтым нейкая іншая, менш праблемная версія ўлады, не абцяжараная ізаляцыяй і санкцыямі, зможа рэалізаваць патэнцыял адносінаў з Азіяй лепш, чым дзеючая з яе абмежаваннямі.

Партрэт ізгоя

Рэпутацыя, якую набыла Беларусь за 30-годдзе прэзідэнцтва Лукашэнкі, адносіцца да катэгорыі тых рэчаў, пра якія лепш не згадваць.

І тут, зноў жа, параўнанне з тым, што было да з'яўлення першага прэзідэнта і цяпер, не вытрымлівае канкурэнцыі.

На світанку незалежнасці ў Беларусі склалася некалькі міжнародных іміджаў, не ў апошнюю чаргу дзякуючы больш разумнай знешняй палітыцы і адсутнасцю жэсці ва ўнутранай.

Беларусь асацыявалася з Чарнобылем як краіна, што найбольш пацярпела ад катастрофы. Не сказаць, што гэта жаданы вобраз, але ў ім быў практычны сэнс. Гэты імідж канвертаваўся ў дапамогу міжнароднай супольнасці ў ліквідацыю наступстваў аварыі.


Глядзіце таксама

Прычым сам факт, што Беларусь найбольш пацярпела ад Чарнобыля, магчыма, не стаў бы здабыткам міжнароднай грамадскасці, а, адпаведна, і дапамогі ў ліквідацыі наступстваў, калі б беларускія дыпламаты не педаліравалі тэму.

Наступная станоўчая асацыяцыя з Беларуссю — імідж донара рэгіянальнай бяспекі, — звязана з беларускай ініцыятывай аб стварэнні бяз'ядзернай зоны ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Імідж стварыла не столькі сама ініцыятыва, высунутая ў 1990-м на Генасамблеі ААН, колькі канкрэтныя намаганні ў выглядзе добраахвотнай адмовы ад ядзернай зброі і скарачэння звычайных узбраенняў.

Яшчэ адна пазітыўная асацыяцыя з Беларуссю — гэта ўспрыманне нашай краіны перш як усходнееўрапейскага Брусэля ў сэнсе рэгіянальнага цэнтра інтэграцыі і міратворчасці на постсавецкай прасторы, а пазней — як Жэневы (пасля анэксіі Крыма Расіяй у 2014-м).

Разам з больш-менш мірным разводам савецкіх рэспублік, што ўваходзілі ў СССР, які аформіўся ў Беларусі ў Віскулях, Мінск стаў сталіцай постсавецкай інтэграцыі. Тут размясцілася, у прыватнасці, штаб-кватэра СНД.

Назву «Мінскі» атрымалі розныя дакументы, пагадненні, фарматы і канферэнцыі, звязаныя з інтэграцыйнымі працэсамі на постсавецкай прасторы і міратворчым парадкам дня. Мінская група АБСЕ па ўрэгуляванні канфлікту ў Нагорным Карабаху — адзін з прыкладаў.

Выгадны імідж донара рэгіянальнай бяспекі, які нават пацясніў было ўяўленне пра Беларусь як апошнюю дыктатуру ў Еўропе, як і ўсе астатнія пазітыўныя асацыяцыі мінулага, скончыліся або сышлі ў цень пасля 2020-га. Спробы беларускай дыпламатыі «адкачаць» мінскую перагаворную пляцоўку і абвергнуць негатыўны імідж не слабеюць, але гэта яе праца.

Беларускай дыпламатыі ў прынцыпе не пашанцавала: усе гэтыя гады ёй адведзена незайздросная місія — выцягваць Беларусь з ізаляцыі наверх да больш-менш прыстойных адносінаў з Захадам — да новага зрыву на дно санкцыйнай прорвы праз паводзіны ўладаў. І так па коле ўжо 30 гадоў. Няйначай, як Сізіф са старажытнагрэцкага міфа збагрыў свой камень МЗС Беларусі.

Не Х'юга Бос

Затое пры Лукашэнку дыпламатычная служба Беларусі здабыла афіцыйныя геральдычныя сімвалы, Дзень дыпламата і параднае форменнае адзенне.

Праўда, гэтае набыццё можа не перажыць наступнае абнаўленне ўлады, таму што і ў сімвалах, і ў дні, і ў форменным адзенні знайшла адлюстраванне яшчэ больш старая эпоха. Новая і нават толькі крыху больш прасунутая версія Беларусі зусім неабавязкова захоча мець з ёю нешта агульнае.

Як бы там ні было, права нашэння параднай уніформы атрымалі не ўсе дыпламаты, а толькі тыя з іх, каму прысвоены дыпрангі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла і Пасланца. Права, але не абавязак.

З беларускіх паслоў, якія ўручалі сёлета даверчыя граматы кіраўнікам замежных краін, ва ўніформе быў толькі кадравы дыпламат, кіраўнік беларускага прадстаўніцтва ў Інданезіі Раман Раманоўскі. У сувязі з сумяшчальніцтвам ён выгуляў свой мундзір шматкроць: на ўручэнні грамат прэзідэнтам Інданезіі, Філіпін, Сінгапура і, нарэшце, каралю Малайзіі.

Проста рэкламны тур мундзіра па Азіі, але ў рэчаіснасці шыць уніформу беларускім дыпламатам прапануецца за свой кошт. Затое па жаданні.

Пасол Беларусі ў Кітаі Аляксандр Чарвякоў, у мінулым міністр эканомікі, зэканоміў на мундзіры: уручаў даверчыя граматы Сі Цзіньпіну ў звычайным дзелавым касцюме. Гэтаксама паступілі пасол у Індыі Міхаіл Касько, учарашні старшыня «Беллеспаперапрама», і пасол у Зімбабвэ Міхаіл Маршалаў, былы намеснік старшыні Дзяржкантролю.


Глядзіце таксама

Паслы ў Сербіі і ПАР Сяргей Маліноўскі і Ігар Белы, якія з кадравых дыпламатаў, уручаючы сёлета даверчыя граматы ў краінах сваёй адказнасці, таксама абышліся без уніформы.

Хоць Белы, як і Раманоўскі, які прадстаўляе Беларусь адразу ў некалькіх краінах, мог зладзіць афрыканскі проматур беларускаму дыпламатычнаму мундзіру. Калі б меў такі.

Уніформа беларускага пасла нагадвае савецкую версію эканомкласа. Форменнае адзенне савецкіх дыпламатаў складалася не толькі з кіцеля, але і фуражкі, а яшчэ мела летні варыянт для гарачых краін. У нашым выпадку — адна версія на ўсе гарачыя і марозныя выпадкі міжнароднага жыцця.

Уніформа ў супрацоўнікаў МЗС СССР з'явілася ў 1943-м і спярша належала ўсім дыпламатам, а ўжо пры Хрушчове — толькі Надзвычайным і Паўнамоцным паслам і Пасланнікам ў якасці параднай.

Ёсць пацешная гісторыя, якая, цалкам магчыма, падсвятляе нечаканыя матывы ўвядзення форменнага касцюма для савецкіх дыпламатаў.

Справа была ў 1942-м, калі НКІД СССР узначальваў Вячаслаў Молатаў. Пры Наркамаце працавала спецыяльная пашывачная майстэрня, дзе вышэйшы склад мог па спецыяльных талонах абнавіць свой гардэроб.

Дыпламат і перакладчык Валянцін Беражкоў у той час працаваў памочнікам Молатава і меў права на іх.

І вось, атрымаўшы пару талонаў, Беражкоў замовіў два касцюмы — цёмна-карычневы і светла-шэры. У адзін з вясновых дзён, калі касцюмы ўжо былі гатовыя, ён адправіўся на працу ў шэрым. Сабраўшы паперы для дакладу Молатаву, увайшоў да яго ў кабінет і ўбачыў, што наркам апрануты ў такі ж шэры касцюм.

Паводле ўспамінаў Беражкова («Як я стаў перакладчыкам Сталіна»), Молатаў зірнуў на яго няўхвальна і прыпячатаў пытаннем: «Як жа вас собіла пашыць такі ж касцюм, як у мяне? Бо гэта што ж атрымліваецца — будзем прымаць замежнікаў нібыта ва ўніформе...».

Паразважаўшы трохі, Молатаў супакоіўся і назваў дурнем краўца ў майстэрні, які павінен быў падумаць, перш чым прапаноўваць наркаму ходкую тканіну. Магчыма, як пісаў Беражкоў, у гэты момант і ўзнікла ідэя стварыць асаблівую форму для дыпламатаў.