У каго ёсць адказ на пытанне «Што рабіць з Беларуссю»?
У нечым сенсацыяй на гэтым тыдні стала тое, што Лукашэнка захацеў адпачыць. Не, ён і раней не асабліва напружваўся, але справа ў тым, як гэта было пададзена публіцы. Прычым, пададзена менавіта самімі Лукашэнкам. І з гэтага ўзнікла шмат самых розных версій і абмеркаванняў.
На рэспубліканскім свяце «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») 6 ліпеня Лукашэнка ці не ўпершыню прызнаў праблемы са здароўем, не звязаныя з сітуацыйнымі фактарамі кшталту Covid-19 альбо спартовых траўмаў. Па яго словах, ліпень «заўсёды цяжкі час для прэзідэнта. Вельмі шмат масавых мерапрыемстваў. А самае цяжкае — гэта калі велізарная колькасць людзей, і кожны, гледзячы на цябе, у табе нешта шукае: дзесьці праклінае, дзесьці дзякуе, дзесьці яшчэ нешта».
На гэта наклалася вандроўка ў Казахстан на саміт ШАС «за 4000 кіламетраў адсюль». А таму, вяртаючыся адтуль, Лукашэнка падумаў, што няблага было б адпачыць «на малой радзіме», бо ты тут «прыходзіш да сваіх вытокаў, тут табе лепш, прасцей. І літаральна за суткі ты становішся здаровым, моцным. Як і раней, у тыя часы, калі ты хадзіў па гэтай зямлі. Ты вельмі хутка аднаўляешся».
Падаецца, Лукашэнка наўпрост не сказаў, што яму блага, але выснова адназначная. Па-першае, ён ніколі не быў заўважаны ў прыхільнасці да «малой радзімы» — усе яго папярэднія адпачынкі былі на гарналыжных курортах або Сочы, або Аўстрыі, альбо недзе ў Эміратах… Падаецца, упершыню за доўгі-доўгі час Лукашэнка вырашыў правесці адпачынак у Беларусі. Гэта нездарма.
Па-другое, спісваць нешта на Казахстан — справа дарэмная. Тыя ж Эміраты, у якія раней спакойна лётаў Лукашэнка — не бліжэй за Астану. А параўнальна нядаўна ён не тое што ў Эміраты лётаў — ён з Эміратаў ірвануў у Кітай, адтуль — назад у Эміраты… Карацей, спісваць свой разбіты стан на палёт у Казахстан — такое сабе.
Ну і канешне ўсе мы памятаем, што складаны для Лукашэнкі не толькі ліпень. І ў мінулым годзе, і ў гэтым у траўні на парадзе ў Маскве ён не мог прайсці трыста метраў, каб ускласці кветкі да помніка Невядомаму салдату — яго вазілі на машынцы. Значыць, праблемы са здароўем у яго сістэмныя.
З гэтага шмат хто ў чарговы раз пачаў думаць: што будзе з Беларуссю, калі Лукашэнка скончыцца? І думкі на гэты конт збольшага не аптымістычныя. Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў сваім тэлеграм-канале нават запусціў галасаванне, у якім большасць выказала меркаванне, што з сыходам Лукашэнкі краінай закіруе альбо новы дыктатар, які будзе пакрысе адкручваць гайкі, альбо Масква прызначыць свайго кадра. На трэцім і чацвертым месцах — адказы пра магчымую хунту сілавікоў, і анэксія краіны Расіяй. Толькі 4% адказаўшых выказаліся пра захоп улады дэмакратычнымі сіламі. І гэта — вельмі сумна.
Гэта сумна таму, што паказвае настроі часткі прагрэсіўнага беларускага грамадства, якія чытаюць тэлеграм-канал Класкоўскага. Канешне, гэтая частка думае і адказвае прагматычна. І таксама прагматычна яны не бачыць у якасці «гульцоў за ўплыў на Беларусь» ані ЗША, ані ЕС, ані бліжэйшую Украіну (варта адзначыць, што такіх адказаў Класкоўскі нават не прапаноўваў — мажліва, менавіта з-за іх нерэалістычнасці). І гэта азначае, што на думку аналітыкаў «калектыўны Захад» і праз чатыры гады пасля 2020-га не мае аніякай стратэгіі ўплыву на Беларусь. Як раней ставілі сінявокую ў сферу «ўплыву Расіі», так і працягваюць яе туды змяшчаць.
Ніхто нават не думае, што перадача ўлады будзе адбывацца праз якія-ніякія, а выбары. А выбары без Лукашэнкі — гэта вельмі моцны чыннік турбулентнасці. Там можа адбыцца ўсё, што заўгодна, нават больш моцнае, чым 2020-ты.
Дарэчы, на тыдні ў «Вашынгтонскім абкаме» прайшоў саміт «падступнага NATO», прысвечаны 75-й гадавіне ўтварэння Альянсу. У выніковай дэкларацыі было заяўлена, што Беларусь разам з Расіяй нясуць небяспеку як NATO, так і рэгіянальнай стабільнасці. «Беларусь працягвае спрыяць гэтай вайне (вайне Расіі супраць Украіны – Рэд.), падаючы сваю тэрыторыю і інфраструктуру. Паглыбленне палітычнай і вайсковай інтэграцыі Расіі ў Беларусь, уключаючы разгортванне перадавых расійскіх вайсковых магчымасцяў і персаналу, мае негатыўныя наступствы для рэгіянальнай стабільнасці і абароны Альянсу», — заявілі ўдзельнікі саміту.
У дэкларацыі адзначаецца, што безадказная ядзерная рыторыка Расіі і прымусовыя ядзерныя сігналы, уключаючы абвешчанае размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, дэманструюць пазіцыю стратэгічнага застрашвання.
Цудоўна разумеючы, што Беларусь ёсць чыннікам пагрозы для еўрапейскай стабільнасці ў цэлым і для NATO у прыватнасці, краіны Альянсу ніяк не агучылі тое, што яны будуць прадпрымаць у дачыненні да Беларусі. Нібыта, яны ўжо змірыліся з тым, што ў іх ёсць пагроза, ад якой трэба абараняцца. А вось як гэтую пагрозу прыбраць — ну ніхто не думае.
А думаць трэба. Бо, калі будуць абвешчаныя «выбары без Лукашэнкі», ва ўладзе і блізкіх да іх колах пачнецца такі раздрай і такія сваркі, якія мы нават уявіць не можам. Усе нашыя «бульбасрачы» ў інтэрнэтах пададуцца сваркамі ў пясочніцах.
Вось, напрыклад, варта было Лукашэнку сысці ў адпачынак, як адны прапагандысты пачалі «зачышчаць» іншых. Нейкі расійскі артыст Цімур Прахін у эфіры «Салаўёў Live» раскрытыкаваў удзельнікаў «Славянскага базару»: маўляў, не трэба туды запрашаць беларускага Дзім Дзімыча і расійскага Ягора Шыпа, бо яны брыдкасловяць ды «прапагандуюць ЛГБТ і змену полу».
Малавядомага артыста падтрымалі апалагеты «рускага міру» — кіберказачка Вольга Бондарава, прапагандыстка Ксенія Лебедзева і некрамастачка Святлана Жыгімонт.
А вось Рыгор Азаронак скарыстаў выказванне Прахіна, каб разабрацца з гэтымі «канкурэнткамі». Маўляў, хто такі Прахін, каб крытыкаваць «Славянскі базар»? А потым і ўвогуле заявіў, што па яго інфармацыі «ёсць звесткі аб дачыненні некаторых “актывістаў”, якія выдаюць сябе за “сапраўдных” патрыётаў і прыхільнікаў Саюзнай дзяржавы да дзейнасці заходніх разведак. Заданне зусім канкрэтнае: разлажэнне патрыятычнага асяроддзя, распальванне варожасці, унясенне сумятні ў беларуска-расійскія адносіны».
«Умоўны 1937-мы», скончыўся, пачынаецца «ўмоўны 1938-мы», калі «новыя НКУСаўцы» расстрэльвалі «старых НКУСаўцаў».
Прапагандысты пачалі жэрці адзін аднаго тады, калі Лукашэнка ўсяго толькі выправіўся ў адпачынак па стане здароўя. А што адбудзецца, калі гэты стан здароўя не дазволіць яму кіраваць? Усё ж такі дзядулі ўжо 70 гадоў, рознае можа здарыцца, у той час, калі нават па яго прызнанні велізарная колькасць людзей яго праклінае.