Лукашэнка збіраецца ў Маскву на 9 траўня. Летась ён там ледзь ногі цягаў

Аляксандр Лукашэнка збіраецца наведаць парад Перамогі 9 мая ў Маскве. Паводле слоў міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка, такая паездка застаецца ў планах палітыка, паведамляе РІА «Навіны».

Фота AP

Фота AP

Вядома, што на парад у Маскву таксама запрошаны кіраўнікі Кубы, Лаоса і Гвінеі-Бісаў.

У Мінску 9 траўня сёлета парада не будзе, паколькі дата не круглая. Парад арганізуюць на 3 ліпеня — у гонар 80-й гадавіны вызвалення Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ездзіў на парад у Маскву і летась, нагадвае Udf. У тыя дні палітык адчуваў сябе дрэнна і не змог пешшу прайсці 300 метраў разам з лідарамі краін СНД. Лукашэнку да Магілы невядомага салдата падвезлі на машыне.

З гісторыі хваробы Лукашэнкі

Размовы пра сур'ёзнае захворванне ў Лукашэнкі з'явіліся вясной 2023 года, калі на шэрагу нарад у яго на руцэ быў заўважаны катэтар, а сам дыктатар цяжка дыхаў і сіпел.

У канцы траўня адзін з лідараў беларускай апазіцыі, былы кіраўнік Парку высокіх тэхнолагі Валерый Цапкала заявіў, што Лукашэнка пасля сустрэчы з Пуціным 25 траўня быў дастаўлены ў Цэнтральную клінічную лякарню Масквы ў крытычным стане.

Ён нават назваў дыягназ, які маскоўскія лекары паставілі Лукашэнку — сіндром дысемініраванага ўнутрысасудзістага згортвання.

Гэта захворванне, якое характарызуецца парушэннямі ў сістэме згортвання крыві пры якім адбываецца ўтварэнне множных тромбаў (крывяных згусткаў). Так як фактары, якія спрыяюць згучшальнасці крыві ідуць на ўтварэнне тромбаў, сіндром пераходзіць у стадыю зніжэння згушчальнасці крыві, што выклікае крывацёк у розныя органы.

Выяўленасць крывацёку можа вар'іраваць ад невялікіх кровазліццяў на скуры, да ўзнікнення масіўных крывацёкаў з страўнікава-кішачнага тракта, кровазліццяў ў галаўны мозг, лёгкія і іншыя органы. Акрамя вышэйзгаданых праяў гэтага сіндрому вылучаюць таксама наступныя: азызласць, боль у нагах і грудзях, задышка, халодны пот.

У кастрычніку Лукашэнка наведаў саміт СНД у Бішкеку, дзе раптам страціў раўнавагу і ледзь не ўпаў, паднімаючыся па лесвіцы. Таксама на апублікаваных кадрах з візіту ў Экватарыяльную Гвінею ў снежні было відаць, як Лукашэнка з вялікай цяжкасцю паўбокам спускаецца па трапе самалёта.


Глядзіце таксама

Падчас візіту ў Мінск 23 лістапада Пуціна ў Лукашэнкі выразна дрыжэла галава. Праўда, у самім гэтым сімптоме нічога небяспечнага для здароўя лекары не бачаць, бо ён можа быць выкліканы самымі рознымі прычынамі.

Напярэдадні Новага года інфармацыю пра здароўе Лукашэнкі сабралі «Белыя халаты». Насамрэч, вядома няшмат. Напрыклад, паводле іх даных, у яго выяўленыя атлусценне III ступені, цукровы дыябет з ампутацыяй пальца ступні ў сувязі з ускладненнямі.

«Дыету пацыент не выконвае, хоць алкаголь не ўжывае зусім», — кажуць лекары.

Таксама ў дыктатара мачакаменная хвароба. Праз гэта яго ў 2018 годзе экстранна даставілі ў лякарню ўначы. Аперацыя прайшла з ускладненнямі.

Акрамя таго, вядома, што ў Лукашэнкі артроз левага каленнага сустава, двойчы праводзілася аперацыя.

«Гэта вельмі стандартны набор паталогій для чалавека ва ўзросце 69 гадоў. Нагадваем, што сярэдняя працягласць жыцця мужчыны ў Рэспубліцы Беларусь 69,2 года, паводле звестак Белстата, якія апошні раз публікаваліся ў 2019 годзе», — заявілі медыкі.