Зямлі пагражае магнітная бура найвышэйшага ўзроўню. Што трэба ведаць?
Навукоўцы паведамляюць, што на паверхні Сонца ў выніку ўтварэння буйной плямы адбыўся трохразовы выкід сонечнага рэчыва – у бок Зямлі скіраваліся тры штармавыя аблокі, у выніку чаго нас чакаюць некалькі геамагнітных бур, піша «Люстэрка». Ёсць істотныя навіны для тых, хто плануе падарожжа самалётам.
Сёння, 10 траўня, а таксама ў першыя дні вялікіх выходных беларусы змогуць назіраць палярныя ззянні (калі неба будзе чыстае), але таксама магчымыя праблемы з працай электрычных сетак, спадарожнікаў, мабільных тэлефонаў і іншай тэхнікі. Ёсць верагоднасць узнікнення праблем са здароўем, хоць навукоўцы яшчэ і не прыйшлі да кансенсусу аб уплыве магнітных бур на арганізм чалавека.
Сонечны таран: пад пагрозай спадарожнікі, электрасеткі і сувязь
Беларускі вучоны-хімік Сяргей Бесараб у сваім тэлеграм-канале піша, што першы паток рэчыва, выкінутага Сонцам, прыбудзе да Зямлі ўжо вечарам 10 мая. Астатнія падцягнуцца ў суботу і нядзелю.
— Ёсць верагоднасць, што каля Зямлі яны аб'яднаюцца, узнікне своеасаблівы сонечны таран (як яго неафіцыйна называюць астрафізікі, CME-канібал, а СМЕ — гэта маса сонечнага рэчыва), які уткнецца ў нашу планету, — растлумачыў Бесараб у каментары «Люстэрку». — Сітуацыя варыябельная, няма матэматычных мадэляў, якія дастаткова дакладна паказалі б, у якім дакладна месцы адбудзецца сутыкненне — ці закране Зямлю краем або ўсёй масай. Але закране дакладна. Першапачаткова навукоўцы давалі такой буры другі ўзровень, потым змянілі на трэці, затым на чацвёрты, і зараз, мяркуючы па ўсім, справа ўжо падыходзіць да пятага, максімальна магчымага ўзроўню.
Сяргей Бесараб кажа, што асноўны ўдар зараджаных сонечных часціц прыме на сябе тэхніка, якая знаходзіцца па-за ахоўным полем магнітасферы Зямлі, гэта значыць касмічныя апараты і спадарожнікі на арбіце нашай планеты, а таксама самалёты на вялікай вышыні.
— У 1859 годзе адбылося так званую падзею Кэрынгтана, здарылася вялікая геамагнітная бура. Тады асноўны ўдар прыняў на сябе тэлеграф: пачалі гарэць тэлеграфныя станцыі і правады, — тлумачыць Сяргей Бесараб. — Цяпер у нас сетка камунікацый нашмат больш развіта, магчымыя пашкоджанні высакавольтных электрычных сетак. Амерыканскія навукоўцы нават прагназуюць верагоднасць глабальнага адключэння электрычнасці, перабоі сувязі, пашкоджанні спадарожнікаў. Але значных сістэмных эфектаў для асабістай тэхнікі людзей — флэшак, кампутараў і тэлефонаў — хутчэй за ўсё, не будзе.
Паглядзіце ўверх — наймацнейшыя палярныя ззянні за 100 гадоў
Жыхары Беларусі і іншых краін, якія знаходзяцца ў сярэдніх шыротах, могуць у бліжэйшыя тры ночы назіраць палярнае ззянне. Гэты эфект узнікае ў верхніх пластах атмасферы ў выніку кантакту магнітнага поля Зямлі і зараджаных сонечных часціц. Па словах Сяргея Бесараба, перашкодзіць убачыць ззянне можа хіба што надвор'е.
— У Беларусі, наколькі я разумею па паведамленнях калег-метэаролагаў, назіраць ззянне не атрымаецца, таму што будзе дастаткова моцная воблачнасць, — са шкадаваннем кажа навуковец. — Але ў цэлым увесь постсавецкі пояс зможа назіраць наймацнейшыя палярныя ззянні калі не за апошнія 100, то за апошнія 10 гадоў так дакладна.
Уплыў на здароўе
Паводле слоў Сяргея Бесараба, небяспека для здароўя можа пагражаць людзям, якія падарожнічаюць гэтымі днямі на самалётах. На вялікай вышыні абарона атмасферы і магнітнага поля Зямлі слабее, і сонечныя часціцы звышвысокіх энергій могуць дасягаць вышынь, на якіх лётаюць магістральныя лайнеры.
— Калі бура будзе пятага ўзроўню, то ў сярэднім чалавек, які будзе знаходзіцца ў самалёце, атрымае дозу ў 12 тысяч мікрарэнтген у гадзіну, — тлумачыць Бесараб. — Норма для паверхні зямлі — 10 мікрарэнтген у гадзіну. Гэта значыць, у самалёце вы атрымаеце магутнасць дозы прыкладна ў 1000 разоў больш за норму. Імгненнай вострай прамянёвай хваробы, вядома, не здарыцца, але верагоднасць атрымання ракавых захворванняў у будучыні безумоўна моцна падскочыць.
Што да самаадчування людзей, якія ў момант геамагнітнай буры знаходзяцца на зямлі, то, паводле слоў Сяргея Бесараба, навуковага кансенсусу сярод вучоных у гэтым пытанні няма. Ёсць толькі асобныя даследаванні, якія паказваюць, што ў некаторых выпадках могуць узнікнуць праблемы ў людзей з хранічнымі захворваннямі.