Беларускі парадокс: Менш абортаў — менш нараджальнасць

Беларускія медыкі высока ацэньваюць праграмы па перадабортным кансультаванні жанчын, візіт да псіхолага абавязковы для кожнай такой пацыенткі. Але часцей за ўсё жанчыны ў Беларусі перарываюць цяжарнасць праз недахоп грошай на нараджэнне і выхаванне дзіцяці.

fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas1_1_logo.jpg

Як дзяржава працуе з цяжарнымі, разбіралася Дар'я Бернштэйн у DW.

Чаму беларускі вырашаюцца на аборт?

Узровень абортаў у Беларусі за апошнія 10 гадоў знізіўся з 12 да 5,6 на 1000 жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту. Адна з прычын, на думку Міністэрства аховы здароўя, — перадабортныя кансультацыі, якія могуць паўплываць на рашэнне жанчыны і патэнцыйна захаваць цяжарнасць больш чым у 30% выпадкаў. 

За 2021-2022 гады было захавана больш за 10 тысяч цяжарнасцяў. Звесткі за 2023-ці пакуль падала толькі Гомельская вобласць — там за мінулы год 3,5 тысячы жанчын, якія хацелі перапыніць цяжарнасць, прайшлі кансультацыю ў псіхолагаў. Каля 1400 цяжарнасцяў захавана, гэта прыкладна 40%, адзначыў на выніковай калегіі намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Міхаіл Змушко.

Падчас кансультацый псіхолагі фіксуюць, чаму пацыентка хоча зрабіць аборт. Асноўныя прычыны спецыялісты агучылі на канферэнцыі, арганізаванай у канцы 2023 года некалькімі офісамі ААН у Беларусі.

Самае распаўсюджанае тлумачэнне — фінансавыя праблемы. Далей ідзе няўпэўненасць у партнёры — жанчына сумняваецца, што муж яе падтрымае і будзе добрым бацькам для дзіцяці, пагаршае сітуацыю, калі сам мужчына настойвае на перапыненні цяжарнасці. На трэцім месцы — стомленасць ад мацярынства, нежаданне яшчэ раз становіцца бацькам. Яшчэ адна прычына — боязь, што дэкрэтны адпачынак негатыўна адаб'ецца на кар'еры, часцяком такая ўстаноўка ідзе ад наймальніка, які яшчэ перад прыёмам на працу ўдакладняе, ці не плануе супрацоўніца сыходзіць у дэкрэт. І замыкае пяцёрку — страх перад родамі, што найбольш уласціва жанчынам, якія складана перанеслі папярэднія цяжарнасці. 

Глядзіце таксама

Што адбываецца на кансультацыі?

У Міністэрстве аховы здароўя ўдакладняюць, што з 2018 года 100% пацыентак ахоплены перадабортным кансультаваннем. Як праходзіць сустрэча са спецыялістам, DW распавяла псіхолаг, якая працавала ў дзяржаўнай і прыватнай клініцы. «Калі на прыёме ў гінеколага жанчына кажа, што не хоча захоўваць цяжарнасць, яе накіроўваюць да псіхолага, — кажа спецыялістка. — Усё роўна, гэта жаночая кансультацыя пры паліклініцы або прыватны медыцынскі цэнтр».

Пацыентка мае права вызначыць членаў сям'і, з якімі таксама будзе мець зносіны псіхолаг, гэта тычыцца і партнёра, з якім не заключаны шлюб. Спецыяліст фіксуе ўзрост, стан здароўя пацыенткі, яе матэрыяльнае становішча, сямейны статус, Ці ёсць дзеці, якія адносіны з мужам і бацькамі. На кансультацыю адводзіцца 45 хвілін, часам сустрэч можа быць некалькі — шмат што залежыць ад жадання пацыенткі і кампетэнцыі спецыяліста: фармальна ён падыходзіць да пытання або сапраўды хоча дапамагчы. 

«Перад псіхолагам стаіць няпростая задача — за кароткі час выклікаць давер пацыенткі, каб яна не баялася адкрыта агучыць, чаму прыняла такое рашэнне, якія ў яе асцярогі, і ці сумняваецца яна. Мэта кансультавання — не адгаварыць жанчыну, а дапамагчы ёй прыняць усвядомленае рашэнне, прапрацаваць страхі», — кажа псіхолаг.

Далей наступаюць «тры дні цішыні», пасля чаго пацыентка вяртаецца да псіхолага і агучвае канчатковае рашэнне. Калі яно не змянілася, спецыяліст падпісвае накіраванне.

«Па сваёй практыцы не магу сказаць, што 30 ці нават 40 працэнтаў жанчын пасля кансультацыі мянялі рашэнне, — кажа псіхолаг. — Аднак у 2016 годзе, калі перадабортнае кансультаванне толькі пачыналі, у Міністэрстве аховы здароўя адзначалі, што ад 5 да 15% пацыентак, у залежнасці ад рэгіёну, захоўвалі цяжарнасць. Прагрэс ёсць, але я б не чакала шмат чаго ад кансультацый. На гэтым этапе мы ўжо маем справу з вынікам, куды важней працаваць над тым, каб у грамадстве больш свядома падыходзілі да планавання бацькоўства».

Глядзіце таксама

У Беларусі падае нараджальнасць

Улады не хаваюць, што зніжэнне колькасці абортаў — адзін з захадаў для развязання дэмаграфічнай праблемы. Пры гэтым у Беларусі працягвае падаць нараджальнасць. Кожны год прыблізна на 10%, адзначала ў эфіры дзяржаўнага ТБ намесніца дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» Алена Гашкевіч.

У 2023-м зарэгістравана каля 65 тысяч нованароджаных. Для параўнання: дзесяць гадоў таму — 117 997.

Па ініцыятыве ўладаў і праваслаўнай царквы ў медустановах перыядычна праводзяць акцыі «Тыдзень без абортаў». У гэты час перапыніць цяжарнасць пацыенткі могуць толькі па медыцынскіх паказаннях або трэба ехаць у іншы горад. 

Апытаны DW псіхолаг лічыць такую практыку неэфектыўнай. «Гэта дадатковы стрэс для цяжарнай, — кажа суразмоўца. — Яна і так павінна прыняць складанае рашэнне ў досыць кароткі тэрмін. І задача спецыялістаў — стварыць спрыяльныя ўмовы, каб гэта быў усвядомлены выбар, а не ствараць бар'еры».

Тое ж тычыцца і ўдзелу царквы, лічыць спецыялістка. Некалькі дабрачынных арганізацый пад патранажам Праваслаўнай царквы прапануюць свае паслугі па кансультаванні цяжарных жанчын. Лекарам перадаюць праваслаўныя брашуры, дзе прыводзяцца аргументы супраць абортаў. «Калі жанчына верніца, магчыма, ёй важна пачуць і рэлігійныя аргументы, — кажа псіхолаг. — Але для пацыенткі, якая не ходзіць у царкву, гэта можа выглядаць як дадатковы ціск».