Палітолаг: Здаецца, у Эміратах цяпер знаходзіцца адна з нефармальных рэзідэнцый Лукашэнкі

Ужо два тыдні Лукашэнка вандруе па свеце. Спачатку Арабскія Эміраты, потым Кітай, апошнімі днямі — ваяж у Афрыку, наведаў Экватарыяльную Гвінею і Кенію. І гэтыя замежнапалітычныя візіты выглядаюць усё больш дзіўнымі. З Пекіна, Малаба і Найробі Лукашэнка вяртаўся не на радзіму, а ў Эміраты.

30bc93c6e5fb81fc894780d053feff40.jpeg

Апошнія шматлікія замежныя візіты Лукашэнкі вызначаюцца шэрагам адметнасцяў, заўважае на «Свабодзе» палітолаг Валерый Карбалевіч. За мяжу беларускі кіраўнік выправіўся яшчэ 29 лістапада, калі на чале вялікай дэлегацыі (50 чалавек) паляцеў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты на сусьветны кліматычны форум. Ягоная паездка працягвалася з 29 лістапада па 2 сьнежня. Але, як можна меркаваць з афіцыйнай інфармацыі, працоўным быў адзін дзень, 1 сьнежня, калі Лукашэнка пасьпеў сустрэцца зь лідарамі 16 дзяржаў (!) і выступіць на пленарным пасяджэньні форуму.

Аднак раптам 3-4 сьнежня ён перапыняе свой візыт у Эміраты і тэрмінова ляціць у Пэкін. Пасьля перамоваў у Кітаі Лукашэнка на некалькі дзён зьнік з афіцыйных экранаў. Дзяржаўныя мэдыя чамусьці ўтойвалі ягонае месцазнаходжаньне.

Знайшоўся Лукашэнка 8 сьнежня. Аказваецца, за гэты час ён вярнуўся ў Эміраты. І ў гэты дзень сустрэўся з прэзыдэнтам ААЭ, шэйхам Мухамадам ібн Заідам аль-Нагаянам.

Падобным жа чынам Лукашэнка рабіў свае замежныя візыты на пачатку году. 25 студзеня 2023 году прыляцеў у ААЭ і заставаўся там да 30 студзеня. Потым наўпрост адтуль паляцеў у Зымбабвэ. І адразу пасьля гэтага вярнуўся ў ААЭ, дзе 2 лютага адбылася яго сустрэчы з прэзыдэнтам Эміратаў. Пра статус і першага, і другога паўторнага візытаў нічога не паведамлялася. Ці то гэта паездка на адпачынак, ці працоўны візыт. Але Лукашэнка мае прывілею ні перад кім не справаздачыцца.

Варта зьвярнуць увагу вось на якую акалічнасьць. Лукашэнка прыехаў у Эміраты з дэлегацыяй у 50 чалавек. Аднак у перамовах з прэзыдэнтам ААЭ зь беларускага боку ўдзельнічалі Аляксандар Лукашэнка, Віктар Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка. Ні міністра замежных спраў, ні іншых чыноўнікаў там не было. «Дамашні, сямейны фармат», — так вызначыў хаду перамоваў эмірацкі бок.

Цікава падкрэсьліць, што мінулай сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і ААЭ (2 лютага 2023 г.) спадарожнічала наступная заява прэс-службы Лукашэнкі: «Асабліва варта адзначыць той факт, што ў сустрэчы бралі ўдзел старэйшы і малодшы сыны прэзыдэнта Беларусі, гэта таксама сьведчыць аб асаблівым характары стасункаў, па-сапраўднаму сяброўскім». Такім чынам, гэта не перамовы кіраўніцтва Беларусі і ААЭ, а перамовы сям’і Аляксандра Лукашэнкі і сям’і шэйха Мухамада ібн Заіда аль-Нагаяна. У гэтай сувязі можна меркаваць: наўрад ці выпадкова старэйшы сын Лукашэнкі Віктар, які цяпер не займае ніякай дзяржаўнай пасады, рэгулярна езьдзіць у Эміраты зь нейкай далікатнай місіяй. Сямейныя інтарэсы сталі аддзяляцца ад дзяржаўных нават фармальна.

Глядзіце таксама

Лукашэнка лятае ў Эміраты амаль кожны год. Аднак эканамічных вынікаў гэтых візытаў не відаць. Гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і Эміратамі невялікі. У 2021 годзе ён склаў $80 млн. Прычым гандаль практычна не расьце. Тады чаго езьдзіць?

Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка, які да 2020 году меў доступ у высокія кабінэты, даводзіць, што Лукашэнка хавае ў Эміратах свае грошы. Калі дапусьціць, што гэтыя сьцьвярджэньні слушныя, то становіцца зразумелым «сямейны» фармат перамоваў.

Варта згадаць, што малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай прысутнічаў на перамовах ня толькі з кіраўніком Эміратаў, але і на рабочым абедзе бацькі зь Сі Цзіньпінам. Як паўнавартасны чалец беларускай дэлегацыі. Што гэта азначае, пакуль не зразумела, але тэндэнцыя відавочная. Бацька пасьлядоўна далучае спадчыньніка да вялікай палітыкі?

Таксама варта адзначыць надзвычайную сакрэтнасьць, зьвязаную з апошнімі замежнымі візытамі Лукашэнкі. Ніводзін зь іх ня быў загадзя анансаваны. Пра плянаваную паездку ў Экватарыяльную Гвінэю гаварылася, але без прывязкі да даты. Напрыклад, было абвешчана, што Лукашэнка наведае краіны Афрыкі. Але якія канкрэтна, не паведамлялася. Незразумела, навошта гэта хаваць.

Што тычыцца візыту ў Экватарыяльную Гвінэю. Дзівіць інтэнсіўнасьць разьвіцьця двухбаковых сувязяў, якія раптам пачаліся з нуля. 6–8 верасьня 2023 году адбыўся афіцыйны візыт у Беларусь прэзыдэнта Экватарыяльнай Гвінэі Тэадора Аб’янга Нгемы Мбасогі. А ў лістападзе сталіцу гэтай краіны Маляба наведала прадстаўнічая беларуская дэлегацыя на чале зь міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам. Першага сьнежня Лукашэнка і Мбасога сустракаліся ў Дубаі. І вось візыт беларускага кіраўніка ў Экватарыяльную Гвінэю.

Між тым краіны мала што зьвязвае. Эканамічныя адносіны нязначныя. Амбасадамі краіны не прадстаўленыя: іх толькі плянуюць адкрыць. У звычайнай практыцы ў краіну, дзе няма амбасады, кіраўнікі ня езьдзяць. Бо гэта прыкмета таго, што няма пэрспэктываў супрацоўніцтва з такой дзяржавай.

Хіба што Лукашэнку можа быць цікавы палітычны досьвед Экватарыяльнай Гвінэі. Тамтэйшы прэзыдэнт Тэадора Аб’янг Нгема Мбасога кіруе дзяржавай 44 гады. А першым віцэ-прэзыдэнтам зьяўляецца ягоны сын Тэадор Аб’янга.

Калі візыт у Экватарыяльную Гвінэю быў больш-менш падрыхтаваны, то палёт у Кенію выглядаў зусім спантанным. Невыпадкова тамтэйшы прэзыдэнт Уільям Рута падчас сустрэчы з Лукашэнкам падкрэсьліваў: «Гэта неафіцыйны візыт». Сапраўды, ён працягваўся ўсяго тры гадзіны. Дасюль эканамічная цікавасьць краін адна да адной была мізэрная. Гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і Кеніяй у 2021 годзе склаў $10,5 млн.

Увогуле, тавараабмен Беларусі з усімі дзяржавамі Афрыкі ў 2022 годзе склаў $500 млн, прычым экспарт айчынных тавараў у гэтым кірунку — крыху больш за $200 млн. У цэлым афрыканскі рынак за мінулы год (2022) даў беларускаму экспарту ўсяго паўпрацэнта.

Глядзіце таксама

Па вялікаму рахунку, шчыльнае супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі мала дапаможа беларускай эканоміцы. Бо Беларусь мала што можа прапанаваць ім. Асабліва цяпер, калі імпарт заходніх тэхналёгій і камлектуючых пад санкцыямі. Акрамя таго, існуе праблема нізкай ёмістасьці, платаздольнасьці рынку гэтых краін. Невыпадкова доля дзяржаў так званай «далёкай дугі» не расьце нават пасьля таго, як абваліўся гандаль з ЭЗ і Украінай (выключэньне — Кітай).

Але Лукашэнку захацелася, каб было менавіта так. І ніхто ня здольны яму пярэчыць. Хоць чыноўнікі, урадоўцы скептычна глядзяць на гэты праект. Так, сёлета ў верасьні на нарадзе, прысьвечанай разьвіцьцю гандлю з афрыканскімі краінамі, прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка зьвярнуў увагу на зьніжэньне беларускага экспарту ў рэгіён і адсутнасьць новых выгадных праектаў. Як заявіў кіраўнік ураду, добрыя адносіны з кіраўніцтвам некаторых краін кантынэнту, а таксама палітычныя кантакты на найвышэйшым узроўні пакуль не далі канкрэтных вынікаў у выглядзе новых і пасьпяховых гандлёва-эканамічных праектаў. Гэта можна зразумець як тонкі ўкол у адрас Лукашэнкі.

Больш за тое, кіраўнік ураду паведаміў нават пра нэгатыўны трэнд у гандлі Беларусі з афрыканскімі краінамі. У 2019 годзе абʼём экспарту ў Афрыку складаў больш за $400 млн, а ў 2022 г. упаў да крыху больш за $200 млн. Складана чакаць, што цяперашні візыт Лукашэнкі здольны паламаць гэтую тэндэнцыю.

А між тым Лукашэнка вярнуўся ня ў Менск, а зноў у Эміраты. Здаецца, там цяпер знаходзіцца адна зь ягоных нефармальных рэзыдэнцый.

Захаваны правапіс арыгіналу