«Ня кожны біскуп мае такі аўтарытэт». Што вядома пра беларускага манаха, на якога завялі крымінальную справу

На аватарцы ў айца Анджэя ў сацыяльных сетках — кветкі чабору, а таксама выява супэрмэна з хрысьціянскім крыжам і надпісам па-ангельску «каталік і бясстрашны».

Анджэй Юхневіч

Анджэй Юхневіч

Пра каталіцкага манаха і сьвятара Анджэя Юхневіча, на якога завялі крымінальную справу пасьля 45 дзён адміністрацыйнага арышту, расказвае «Радыё Свабода». У чым дакладна абвінавачваюць Юхневіча, невядома.

Вучыўся ў Польшчы, стаў «галоўным манахам»

Айцу Анджэю Юхневічу 42 гады. Ён ня проста каталіцкі сьвятар, а манах. Манахі звычайна жывуць у супольнасьці, даюць абяцаньні беднасьці, паслухмянасьці і цэлібату.

Анджэй нарадзіўся на Горадзеншыне. Хадзіў у касьцёл у вёсцы Адамавічы пад Горадняй. Калі ён быў юнаком, да іх прыехаў служыць манах з Польшчы з Ордэну місіянэраў-аблатаў. Хлопца так захапіла асоба сьвятара, што захацеў стаць, як ён.

Ордэн аблатаў зьявіўся ў Францыі ў XIX стагодзьдзі. Гэта місіянэры, пакліканыя пашыраць хрысьціянскую веру сярод людзей. У Беларусь яны прыйшлі перад Другой усясьветнай вайной. Цяпер у Беларусі іх усяго некалькі чалавек: у Горадні, Менску і Шуміліне Віцебскай вобласьці. Калісьці іх было 12. Аднак манахам польскага паходжаньня не працягвалі дазвол на знаходжаньне ў Беларусі, таму іхная колькасьць паменшылася. Адметнасьць аблатаў — вялізны крыж, які яны носяць на адзеньні, часам затыкаючы яго за шырокі пояс.

Малады Анджэй паехаў у кляштар у Польшчу. У 20 гадоў склаў першыя манаскія абяцаньні. Сьвятаром стаў у 26. На ягоным пасьвячэньні ў Польшчы прысутнічаў біскуп зь Беларусі Антоні Дзямянка. Сьвятар год адпрацаваў у Польшчы, потым яго накіравалі ў Менск.

У 2012 годзе айцец Анджэй стаў настаяцелем санктуарыя ў пасёлку Шуміліна пад Менскам. Там ён служыў да цяперашняга часу. З 2018 году ён стаў галоўным у сваім ордэне ў Беларусі. У 2022 годзе Юхневіча выбралі прадстаўніком ад усіх манаскіх супольнасьцяў Беларусі. На тэрыторыі краіны дзейнічае 55 манаскіх інстытутаў, мужчынскіх і жаночых.

Глядзіце таксама

Арганізаваў сілоўню для моладзі

Маладая верніца зь Менску Вольга езьдзіла ў Шуміліна на рэкалекцыі (духоўныя практыкаваньні) у маўчаньні, якія ладзіў айцец Анджэй.

«Мы маліліся, разважалі, маўчалі. Увечары танцавалі, вадзілі карагоды, шмат сьмяяліся. Там я была такой шчасьлівай, што ўпершыню ў жыцьці злавіла сябе на думцы: калі рай хоць трошку нагадвае гэта, я хачу там апынуцца», — успамінае яна.

У адным са сваіх выказваньняў сам айцец Анджэй параўноўваў Шуміліна з раем, а сябе называў «настаяцелем гэтага раю». Таксама ён паўжартам казаў, што ў Менску добрую каву лёгка знайсьці, а вось у Шуміліне найлепшая кава — у аблатаў.

Вольга сьцьвярджае, што сьвятара моладзь вельмі любіла. Ён зрабіў у адным з будынкаў каля касьцёла сілоўню. Хлопцы з пасёлка прыходзілі туды трэнавацца. Сьвятар пастаянна быў з моладзьдзю ў кантакце, прыяжджаў таксама да іх у Менск. Вазіў на Сусьветныя дні моладзі ў Кракаў. Да яго рэгулярна прыяжджала моладзь зь Віцебску. Яны цанілі такога адкрытага сьвятара, пацьвердзіў яшчэ адзін суразмоўца.

«Моладзь немагчыма падмануць», — кажа суразмоўца.

Дзяўчына памятае, што на богаслужэньні ў Шуміліна прыходзіў былы вязень, які выйшаў з турмы і прыйшоў да веры.

«Мне здаецца, былога зэка складана падмануць. Ён рэальна давяраў айцу», — успамінае Вольга.

Сьвятара з Шуміліна яна апісвае як лагоднага, вясёлага і сьмяшлівага.

«Але калі датычыць веры, сур’ёзнай размовы пра душу, я памятаю, ён станавіўся вельмі сур’ёзным, уважлівым, маўклівым, удумлівым. Вельмі ўважліва слухаў. Яму было ня ўсё роўна», — дзеліцца суразмоўца.

Пілігрымы, якія праходзілі праз Шуміліна і спыняліся там на ноч, успамінаюць айца Анджэя як вельмі адкрытага, гасьціннага чалавека.

«Ён нас прымаў заўсёды вельмі цёпла… Вельмі любім яго як чалавека і сьвятара», — кажа яшчэ адна верніца.

Ладзіў летнікі, рэкалекцыі, талаку

Айцец Анджэй апісваў Шуміліна для сваіх польскіх знаёмых як мястэчка за 60 кілямэтраў ад Расеі. З 18 тысяч жыхароў ахрышчаных там было каля тысячы. Зь іх 120 хадзілі ў касьцёл. Іх настаяцель лічыў вернікамі не «для птушачкі», а якія шукаюць Бога.

Ён ладзіў у вёсцы летнікі для дзяцей, рэкалекцыі для моладзі. Зьбіраў вяскоўцаў на талаку, каб навесьці парадак на тэрыторыі касьцёла.

На аватарцы ў айца Анджэя ў сацыяльных сетках — кветкі чабору, а таксама выява супэрмэна з хрысьціянскім крыжам і надпісам па-ангельску «каталік і бясстрашны».

Сьвятар посьціў на сваёй старонцы цытаты зь Бібліі — часьцей па-беларуску, таксама па-польску або па-расейску. Калі меркаваць па ягоных сетках, то ён пёк хатні хлеб на заквасцы.

На адным зь ягоных фотапартрэтаў — Пагоня і ўкраінскі сьцяжок. Вядома, што за ўкраінскі сьцяг яго судзілі і далі адміністрацыйны арышт. Ён адказваў на пытаньні вернікаў, прыкладам да якога сьвятога маліцца, калі пачынаецца «хапун», і ці трэба спавядацца, што сядзеў на «сутках». Айцец Юхневіч выказваўся ў 2020 годзе супраць беззаконьня, якое адбывалася, заклікаў касьцельных ярархаў не маўчаць пра гэта.

«Блізкі да сьвятасьці»

Каталіцкі сьвятар зь Віцебшчыны ананімна расказаў Свабодзе пра айца Юхневіча.

«Гэта чалавек вельмі глыбокай веры. Духоўны партрэт ягоны такі: думаю, што ён чалавек малітвы, мо нават містык. Ягоныя казаньні вызначаліся тым, што ў нейкім мэнтальным сэнсе ягоныя перажываньні Эвангельля вельмі блізкія да ўсходняга містыцызму і разуменьня малітвы і Бібліі», — пракамэнтаваў сьвятар.

Вядома, што айцец Анджэй заклікаў вернікаў маліцца за Ўкраіну і за хуткае заканчэньне вайны.

Калега сьвятара дадаў, што айцец Анджэй вельмі далікатны, адкрыты, спагадны чалавек.

«Чалавек-усьмешка. Заўсёды ў станоўчым настроі. Рэдка ці ўвогуле ня бачыў яго засмучаным. Вельмі сьціплы чалавек. Не пабаюся сказаць высакамоўна: блізкі да сьвятасьці», — апісаў суразмоўца.

Сьвятар таксама адзначыў, што айцец Анджэй канчаў дабудоўваць касьцёл і кляштар у Шуміліне, хаця, на ягоную думку, быў чалавекам не тэхнічным, ня схільным да будаўніча-адміністрацыйных справаў.

Яшчэ адзін калега сьвятара апісаў яго як сьветлага, адкрытага, сьціплага, але зь цьвёрдым маральным стрыжнем.

«Ня кожны біскуп мае такі аўтарытэт»

Айцец Анджэй Юхневіч займае высокую пасаду ў беларускім Касьцёле. Ён быў прадстаўніком усіх манаскіх супольнасьцяў (а ня толькі аблатаў) у Беларусі. Гэта выбарная пасада. На яе чалавека выбіраюць самі манахі і манашкі.

«Выбар кагосьці сьведчыць аб аўтарытэце і даверы сярод тых, хто выбірае. У адрозьненьне ад таго, як прызначаецца біскуп. Бо яго прызначае зьверху Ватыкан. Ня кожны біскуп мае такі аўтарытэт сярод духавенства, якое працуе ў Беларусі, як мае Юхневіч», — пракамэнтаваў Свабодзе яшчэ адзін каталіцкі сьвятар.

Пасада называецца «старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцьця». Айцец Юхневіч займаў яе са студзеня 2022 году.

Рада пры гэтым касьцельным органе, са словаў ксяндза-суразмоўцы, «ня мае адміністрацыйнай улады, але мае свой маральны аўтарытэт». На ягоную думку, рэжым Лукашэнкі «ламае апошні аўтарытэт Касьцёлу».

«Кожны біскуп запэцканы праз узаемны абмен публічнымі пацалункамі (зь дзяржаўнай уладай. — РС) ды, згодна з савецкай традыцыяй, праз абмен ганаровымі граматамі і чайнымі сэрвізамі з дробнай нагоды. Яўна ярархі аўтарытэту Касьцёлу не дадалі. Юхневіч ніколі пры такіх «цырках» ня быў заўважаны. Ён захоўваў дыстанцыю ў дачыненьні з уладамі і імкнуўся быць бліжэй да Бога і тых людзей, якім ахвярна служыў доўгія гады на ўсходзе Беларусі», — пракамэнтаваў сьвятар.

Іншы вернік ананімна ахарактарызаваў айца Анджэя як «вельмі паважанага сьвятара і сярод сьвецкіх, і сярод духавенства».

«Гэта адна з прычын, чаму яго выбралі. Таму што гэтая пасада, з аднаго боку, адказная і вельмі патрэбная, а з другога, ня тое каб настаяцелі імкнуліся яе займаць. Бо гэта дадатковая праца да і так шчыльных графікаў настаяцеляў. А ён і пагадзіўся на яе, і добра пачаў разьвіваць Раду», — пракамэнтаваў Свабодзе вернік.

На думку суразмоўцы, арышт айца Юхневіча дакладна заўважаць у сьвеце, «бо Ордэн аблатаў уплывовы і вельмі вялікі».

Затрымалі па дарозе ў Польшчу

Айца Анджэя Юхневіча затрымалі сёлета 8 траўня. У гэты час ён ехаў у Польшчу на сустрэчу настаяцеляў-аблатаў. Гэта адбылося пасьля сустрэчы сьвятароў і манашак Віцебскай дыяцэзіі, якая праходзіла ў Шуміліне. Там сабраліся дзясяткі чалавек, у тым ліку біскуп Алег Буткевіч. У той жа дзень у Шуміліне затрымалі брата айца Юхневіча па ордэне айца Паўла Лемеха, які таксама працаваў у пасёлку.

Курыя Віцебскай дыяцэзіі праз тыдзень пацьвердзіла арышт манахаў і заклікала маліцца за іх. Манахі-аблаты з Польшчы называлі прычынай затрыманьня «dywersyjną działalność». Гэты выраз можна перакласьці ня толькі як «дывэрсійная дзейнасьць», але і як «экстрэмісцкая». Пасьля 15 дзён арышту айцец Павал выйшаў на волю.

Айца Анджэя Юхневіча судзілі агулам чатыры разы ў адміністрацыйных справах. Ён правёў пад арыштам каля двух месяцаў у Віцебскім ІЧУ. Гэта самы доўгі тэрмін сярод усіх беларускіх каталіцкіх сьвятароў, якія траплялі пад адміністрацыйны арышт (найбольш часу пад адміністрацыйным арыштам правёў праваслаўны сьвятар Уладзіслаў Багамольнікаў, звыш 100 дзён).

Зь перадач айцу Юхневічу ў ІЧУ дазвалялі толькі лекі. Потым стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу і адправілі ў СІЗА. Падстава для крымінальнай справы невядомая. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Перасьлед цэркваў

Пасьля 2020 году праз палітычны перасьлед рэжыму Лукашэнкі прайшлі больш за 60 беларускіх сьвятароў. Многіх затрымлівалі за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў», давалі «суткі» або штрафы. На некаторых завялі крымінальныя справы.

На 16 гадоў калёніі асудзілі праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча ў «справе Аўтуховіча», разам зь ім асудзілі ягоную жонку і сына. Восем месяцаў застаецца за кратамі цяжка хворы ксёндз Генрых Акалатовіч з Валожына. Яго вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Дэталі справы невядомыя. На ксяндза Дзьмітрыя Прыступу з Баранавічаў завялі крымінальную справу за тое, што ён “пракаціў” на капоце амапаўца ў першыя дні пратэстаў. Прыступа пасьпеў выехаць зь Беларусі.

Больш за дзесяць хрысьціянскіх сьвятароў выехалі зь Беларусі праз палітычны перасьлед зь 2020 году, у тым ліку ксёндз-паляк Анджэй Бульчак, які 14 гадоў працаваў у Паставах і пабудаваў там касьцёл. Таксама праваслаўныя сьвятары айцец Георгі Рой і Аляксандар Кухта, якія выйшлі з-пад юрысдыкцыі Масквы і якіх узяў «пад крыло» Канстантынопаль.

Улады Лукашэнкі зьнішчылі пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» ў Менску, а будынак, прыстасаваны да малітваў, разбурылі. Пасьля таямнічага начнога лякальнага пажару закрылі Чырвоны касьцёл, сымбаль каталікоў і візытоўку Менску.

З 1 ліпеня да канца году, паводле новага закону, усе рэлігійныя арганізацыі ў Беларусі маюць прайсьці перарэгістрацыю Закон вызначае мінімальную колькасьць вернікаў — 20 чалавек. Сьвятары дапускаюць, што траціна арганізацый і прыходаў могуць закрыцца, найперш пратэстанцкія і грэка-каталіцкія.