Хронікі рэпрэсій за 10 ліпеня: Новыя людзі ў спісе «тэрарыстаў», курсанту МУС пагражае 25 гадоў

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі самыя важныя навіны за 10 ліпеня пра палітычны пераслед у Беларусі.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1_1_1.webp

З лютага ў «спіс тэрарыстаў» КДБ дадалі 46 чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ 46 чалавек. З іх 35 — беларусы, яшчэ адзін — украінец.

Сярод іх маладая маці Кацярына Шаблінская-Іванова, іпэшнік з Баранавічаў Сяргей Буната, жанчына, якая мае сына з інваліднасцю, Надзея Лапцёнак, 18-гадовы першакурснік БДПУ Герман Лебедзеў.

Ёсць і тыя, хто асуджаны завочна. У спісе з'явіліся імёны Вольгі і Андрэя Павукоў, колішняга ўдзельніка каманды Віктара Бабарыкі і сакратара Каардынацыйнай рады Івана Краўцова, а таксама палітолага Дзмітрыя Балкунца.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1187 чалавек, з іх 447 — беларусы.

Індывідуальнага прадпрымальніка з Гродна затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што яго затрымлівалі 10 жніўня 2020-га году і «далі папярэджанне», аднак ён усё роўна прымаў удзел у маршах.

Вядома, што затрыманы займаецца вырабам мэблі.

У Брэсце хутка распачнецца суд за «тэрарызм»

У Брэсцкім абласным судзе 15 ліпеня ў закрытым рэжыме пачнуць судзіць 36-гадовага мясцовага жыхара Дзмітрыя Асіюка. Яго вінавацяць адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку), чч. 3 і 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 3 арт. 207 (разбой). У чым канкрэтна абвінавачваюць берасцейца — невядома. Яму пагражае вялікі турэмны тэрмін. Справу будзе разглядаць Мікалай Сенько.

Праваабаронцам вядома, што пад вартай мужчына ўтрымліваецца прыкладна са снежня 2023 года. Адразу яго ўтрымлівалі ў мінскім СІЗА-1, а цяпер этапавалі ў брэсцкае СІЗА. Вядома, што Асіюк жыў у Бярозе, у яго ёсць дачка.

Рамесніцу з Мінска будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

У Мінскім гарадскім судзе 19 ліпеня распачнецца суд над Наталляй Харытонавай-Крыжэвіч. Яе абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Сутнасць абвінавачвання праваабаронцам невядомая. Наталлі пагражае да 7 гадоў калоніі. Справу прызначаны разглядаць Сяргей Кацэр.

Верагодна, дзяўчына ўтрымліваецца пад вартай — яе сацсеткі не аднаўляліся са снежня 2023 года. Наталля з мужам займаліся вырабам упрыгожванняў з дрэва. Таксама ў іх малое дзіця.

Хутка пачнецца суд над жанчынай, затрыманай падчас рэйду за салідарнасць з палітвязнямі

У Магілёўскім абласным судзе 22 ліпеня пачнецца суд над палітзняволенай Алесяй Сяргеенкай — жонкай былога палітвязня Максіма Сяргеенка, які выйшаў на волю ў лютым 2024 года. Працэс будзе весці суддзя Ірына Ланчава. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 

У сям'і двое дзяцей, якім тры і 16 гадоў. Палітзняволеную затрымалі 25 студзеня 2024 года падчас рэйду КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. Па інфармацыі праваабаронцаў, гэта ўжо трэці суд над затрыманымі падчас студзеньскага рэйду КДБ.

Курсанту МУС пагражае да 25 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве» і «падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне»

Іллі Нарышкіну 21 год. Родам ён са Слоніма, але частку дзяцінства правёў у Гродне. Па вышэйшую адукацыю Ілля пайшоў у Акадэмію МУС. Зараз ён мусіў бы скончыць трэці курс крымінальна-выканаўчага факультэта.

Вядома, што ў час вучобы ён жыў актыўным жыццём — выступаў у розных конкурсах і нават удзельнічаў у інтэлектуальнай гульні ад тэлеканала «Беларусь-2», якая называецца «Вежа». Апошнія публічныя звесткі пра яго датуюцца сакавіком 2023-га.

Суд над хлопцам пачынаецца 22 ліпеня ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах — «здрада дзяржаве асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца» (ч. 2 арт. 365 КК) і «ўдзел у вайне на тэрыторыі іншай дзяржавы, вярбоўка або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу» (ч. 1 арт. 361-3 КК). Судзіць Нарышкіна будзе Юрый Казакевіч.