З 2020 году праз памілаванне ці амністыю на волю выйшлі 0,9% ад затрыманых па палітычных крымінальных артыкулах
Як і каго вызваляў Лукашэнка з 2020 года? Аналітыка ад праваабарончай ініцыятывы dissidentby.
Колькі людзей рэжым адпусціў праз памілаванне, амністыю і іншыя абставіны з 2020? 0,9% ад затрыманых па палітычных крымінальных артыкулах.
На канец снежня 2020 у Беларусі налічвалася каля 190 палітычных вязняў, а хваля рэпрэсій толькій распачыналася.
За 2021 год рэжым затрымаў па крымінальных справах (як мінімум) 1596 асобаў. Па памілаванні выйшлі 14 чалавек — гэта пяць чалавек пра справе "Прэс-Клуба", 7 чалавек, якія адбывалі пакаранне ў ПУАТ (аднаму з іх замянілі пакаранне на "хатнюю хімію") і 2 чалавекі, якія былі ў калоніях (Юлія Кашаверава і Аляксандр Баброў).
За 2022 год былі затрыманыя (як мінімум) 2370 чалавек. 12 вязняў выйшлі па памілаванню, сярод якіх была праваабаронца Таццяна Ласіца, журналіст Алег Груздзіловіч і пенсіянерка Галіна Міхальчук, а двум людзям замянілі пакаранне на больш мяккае (Уладзімір Шурубейка і Юры Вершук адправіліся з ПУАТ на "хатнюю хімію").
Пад амністыю ў 2022 годзе трапілі 3 чалавека. Вызваленне Наталлі Хершэ стала вынікам «санкцыяў і швейцарскай дыпламатыі», як адзначалі беларускія палітыкі ў публічнай прасторы. Агулам было вызвалена 16 асобаў.
У 2023 годзе затрымалі (як мінімум) 1582 чалавекі. Па памілаванні на волі апынуліся Раман Пратасевіч і Сафія Сапега. Шэсць чалавек закранула амністыя і іх вызвалілі з ПУАТ. Для некаторых людзей пераслед не скончыўся. Тыя, хто патрапілі пад амністыю ў 2023, былі наноў затрыманыя і змешчаны ў СІЗА ужо ў 2024 годзе.
У 2024 годзе пяць грамадзянаў Украіны ў межах абмену ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расіяй вярнуліся дадому. Акрамя таго, 3 ліпеня выйшлі на волю (як мінімум) 18 чалавек (Рыгор Кастусёў — адзін з вызваленых, пра каго ёсць публічная інфармацыя).
Нягледзячы на гэта, за кратамі ў Беларусі застаюцца (як мінімум) 10 грамадзянаў Украіны.
На сёняшні дзень праваабаронцам вядома ўжо пра 963 затрымання ў гэтым годзе.
Па стане на 6 траўня 2024 году праваабаронцам вядома ня менш як пра 254 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх 16 чалавек з інваліднасцю, 92 чалавекі ў цяжкім стане здароўя, 63 чалавекі, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама 10 чалавек з ментальнымі разладамі.
Вядома што некаторыя палітвязні адмовіліся выходзіць на волю: яны не пагадзіліся на прапанаваныя ўмовы вызваленьня. Таксама ёсць інфармацыя, што працэс вызвалення (хутчэй за ўсё, па памілаванню) адбываўся нечакана нават для адміністрацый папраўчых установаў.