Энергаэфектыўнасць у трэндзе: у Беларусі можа з'явіцца сетка кансультантаў і новыя энергапланы гарадоў
Першы кліматычна нейтральны горад, развіццё рэгіёнаў і аднаўляльнай энергетыкі, адкрыццё інфацэнтраў — такой бачаць сваю будучыню прадстаўнікі энергетычнай праграмы Цэнтра экалагічных рашэнняў, якія падсумавалі вынікі і падзяліліся планамі на студзеньскай сустрэчы.
Уцяпленне жылля і прыватныя крыніцы энергіі — у трэндзе
Больш за 4,2 тысяч чалавек за два гады існавання атрымалі кансультацыі ў інфацэнтры ЦЭР па пытаннях энергазберажэння і аднаўляльнай энергетыкі. Гэты цэнтр працуе ў межах двухгадовай праграмы, вынікі якой падвялі на сустрэчы "Энергаэфектыўнасць у Беларусі: вопыт працы Цэнтра экалагічных рашэнняў" у Мінску.
Уцяпленне жылля, аднаўляльная энергетыка ў маштабах адной сям’і і адной гаспадаркі — гэта самыя папулярныя тэмы. Сярод звярнуўшыхся ў цэнтр: 47% тых, каму за 50, а маладзейшых за 30 — толькі 16%.
Попыт на кансультацыі ёсць, і асабліва павялічваецца пасля тэматычных публікацый, напрыклад, пра адмену перакрыжаванага субсідзіравання. Такім чынам спецыялісты цэнтра імкнуцца актуалізаваць праблематыку раней, чым на яе ўжо нельга будзе не звяртаць увагу:
"Людзі ў нас звычайна рэагуюць тады, калі ўжо позна піць баржомі ці калі іх змушае нешта крытычнае, — расказвае Антон Гаховіч, кансультант ЦЭР па энерга- і рэсурсазберажэнню. - Узяць якую-небудзь аграсядзібу: у крызісны момант кліент адмаўляецца праводзіць мерапрыемства, бо ў іх, напрыклад, вельмі дарагая арэнда. І гаспадар пачынае думаць: "А што я магу зрабіць?"
Мы ўжо гатовыя вырашаць гэтыя пытанні і разлічваем, што калі ў чалавека ёсць веды, ён будзе рэагаваць загадзя".
"Зробім тое ж самае, але на 5 год наперад"
Пухавічы, Шчучын і Браслаў — з гэтымі трыма гарадамі ўжо працяглы час працуе ЦЭР у межах адной са сваіх цэнтральных кампаній — энергетычнай, праект "Прасоўванне энергазберагаючых тэхналогій і аднаўляльных крыніц энергіі на мясцовым узроўні".
Энергетычная кампанія пачыналася ў 2010 годзе з невялічкага бюджэту і задум паказваць дзецям выставы, а вылілася ў складанне стратэгій развіцця ў галіне скарачэння ўзроўню спажывання рэсурсаў разам з мясцовымі ўладамі. У будучыні эколагі збіраюцца распрацоўваць энергапланы і пілотныя праекты яшчэ для 5 раёнаў, якія выберуць праз конкурс.
"Мы сваю ролю бачым у тым, каб падказаць дадатковую магчымасць, як развівацца. Яны [мясцовыя ўлады, — аўт.] сваю сітуацыю ведаюць лепш за ўсіх — ні дэпартамент, ні міністэрства, ні эколагі не скажуць, дзе ў іх праблемы ў галіне энергазберажэння, — кажа Дзмітры Буронкін, кіраўнік энергетычнай праграмы.
— …Нічога новага мы ім не сказалі — толькі: "Давайце зробім тое ж самае, але на 5 год наперад, да 2020 году".
Гэта, паводле Дзмітрыя, дазваляе звычайна заваленым працай чыноўнікам паглядзець шырэй на свае перспектывы.
Мэта — палегчыць выкананне дзяржаўных планаў, плюс — развіццё раёну. Напрыклад, нядаўна Браслаў і Чавусы атрымалі 450 і 735 тысяч еўра адпаведна, і Полацк — 1,5 мільёны еўра на развіццё інфраструктуры. А гэта дапамагае эканоміць грошы і развівацца, ствараць працоўныя месцы — і людзі застаюцца ў гарадах.
У Беларусі з'явіцца першы кліматычна нейтральны горад
Прыцягваць інвестыцыі дапамагае падпісанне гарадамі Пакта мэраў (у РБ падпісантаў пакуль 10), які абавязвае іх скарачаць свае выкіды, павялічваць долю энергіі з аднаўляльных крыніц і змяншаць спажыванне энергіі ў цэлым.
Браслаў — адзін з іх. Паводле сваіх планаў на інвестыцыі, ён мусіць стаць першым кліматычна нейтральным горадам у краіне. А менавіта выкарыстоўваць на ўсіх кацельных экалагічна чыстыя віды паліва і пашырыць выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі, у прыватнасці за кошт ветраэнергетыкі. А выкіды, якія ёсць зараз, нівеліраваць — бо энергаёмістай прамысловасці няма, раён невялікі. Да таго ж турыстычны і адзін з самых бедных адначасова. Кліматычная нейтральнасць магла б зрабіцца яго адметнасцю.
ЦЭР: будуць новыя кансультанты і новыя энергапланы гарадоў
Калі казаць пра планы самога ЦЭР, то тут збіраюцца надалей працаваць з мясцовымі ўладамі, дапамагаць развівацца ў кірунку энергазберажэння, шукаць фундатараў і дапамагаць у працы з дакументамі.
У бліжэйшыя два гады ЦЭР прагназуе шмат магчымасцей, звязаных з развіццём энергаэфектыўнасці і энергазберажэння. Нядаўна Беларусь падпісала дамову з NEFCO:
"У нас была сустрэча з NEFCO у мінулым годзе, — кажа Яўген Лабанаў, дырэктар ЦЭР. — Яны вельмі зацікаўленыя ў працы з рэгіёнамі і ў крэдытаванні пад досыць нізкія адсоткі, 5–7% гадавых. Пры ўмове, што праект мае сур’ёзны кліматычны кампанент, стаўка можа быць ніжэй. Яны зацікаўленыя ў тым, каб суправаджэнне крэдытных праектаў з мясцовымі ўладамі ўключала ў сябе пэўны адукацыйны, інфармацыйны кампанент".
ЦЭР таксама зацікаўлены развіваць сваю супрацу з рэгіёнамі. Адзін з прыярытэтаў — развіццё энергакансультавання ў рэгіёнах. Адкрыюцца кансультацыйныя цэнтры як мінімум у двух абласных цэнтрах, адзін з якіх — Гродна. Могуць з’явіцца кансультанты, якія б працавалі на аснове частковай занятасці ў раёнах, што далучаюцца да Пакту мэраў, ці проста ў зацікаўленых. План ЦЭР — развіццё сеткі ў Беларусі, каб праз некалькі год было хаця б 15 кансультантаў.
"Я зараз досыць аптымістычны: тэма мае падтрымку з боку дзяржавы, зрэшты пэўную прыярэтызацыю між экалагічных пытанняў з боку тых, хто непасрэдна зацікаўлены, і досыць вялікую цікавасць з боку партнёраў на розных узроўнях", - падсумоўвае Яўген Лабанаў.
Фота: Ганна Валынец