Эпідэміі не будзе. Будзе парад

У той час, калі амаль увесь свет сядзіць на каранціне, у Беларусі рыхтуюцца да параду.

parad_2.jpg

Нават у Віцебску, які ў беларускай інтэрнэт-прасторы ўжо называюць беларускім Уханем. Спачатку ў тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя, што сілавікам забаранілі пакідаць свае вобласці, і крый Божа прыязджаць на Віцебшчыну. Потым стала вядома, што Віцебскі гарвыканкам зацвердзіў надзвычайны план дадатковых захадаў для прафілактыкі і зніжэння распаўсюду каронавіруса з 21 пункта. Затым ананімная доктарка з Віцебска распавяла пра незвычайнае павелічэнне колькасці пнеўманій і загружанасць шпіталяў у горадзе. Папаўзлі чуткі пра тое, што вобласць закрываюць. Зрэшты, на момант напісання гэтага матэрыялу яны не пацвердзіліся. Але менавіта ў Віцебску здарылася першая (прынамсі, вядомая) смерць ад каронавіруса: памёр акцёр Коласаўскага тэатра Віктар Дашкевіч.

Пры гэтым адзіная мера бяспекі, якую ўводзяць на Віцебшчыне пры падрыхтоўцы да святкавання Дня Перамогі, — гэта абмежаванне знаходжання ветэранаў у людных месцах. Плануецца, што юбілейныя медалі ветэранам будуць уручаць не ва ўрачыстай абстаноўцы, а ў іх дома.

Тым часам інтэрнэт-петыцыю за адмену парада ў Мінску і яго рэпетыцый у сувязі з распаўсюджваннем інфекцыі падпісалі больш за сем тысяч чалавек. Яе аўтары патрабуюць забараніць добраахвотна-прымусовы ўдзел работнікаў дзяржаўных арганізацый у ваенным парадзе з мэтай стварэння масоўкі; адмяніць правядзенне рэпетыцый ганаровай варты на тэрыторыі Мінска; забараніць правядзенне парада ваеннай тэхнікі, каб пазбегнуць кіравання ёю заражаных асоб і прадухілення надзвычайных сітуацый.

Адзначаецца, што на зэканомленыя сродкі варта было б арганізаваць абыход сталых людзей з прадастаўленнем ім медыкаментаў і іншых прадметаў першай неабходнасці; закупку медыцынскіх матэрыялаў для дааснашчэння ўсіх медыцынскіх устаноў сродкамі неадкладнай дапамогі; накіраваць сродкі на азеляненне Мінска для нармалізацыі экалагічнай абстаноўкі; адрамантаваць дарожнае палатно замест яго бягучага рамонту пасля праходжання ваеннай тэхнікі.

Але на тое, што ўлады пачуюць голас народа, спадзеву няма. Гэта ўжо не першая ў Беларусі петыцыя з патрабаваннем адмяніць парады, такія звароты з’яўляюцца штогод. Аднак кіраўніцтва дзяржавы не спыніла нават смерць жанчыны ад салюту падчас леташняга параду 3 ліпеня. Тыдзень таму падчас размовы з працоўным калектывам ААТ «Белгіпс» Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі пройдуць усе запланаваныя да Дня Перамогі мерапрыемствы.

«Мы павінны на высокім узроўні правесці гэтае мерапрыемства, каб і дзеці нашы, і ўвесь свет бачылі, што мы памятаем. Таму што Беларусь — гэта жывы помнік той страшнай вайны. Больш, чым беларусы, ні адна краіна не пацярпела», — заявіў афіцыйны кіраўнік.

Што ж, беларусам не прывыкаць. Спачатку наша краіна стала жывым помнікам вайны, потым — жывым помнікам Чарнобыля. Неўзабаве можа стаць помнікам каронавіруса. Праўда, наколькі жывым — пытанне.

І ў гэтым — чарговае пацвярджэнне найвышэйшага цынізму і поўнага наплявальніцтва на людзей. Бо нават калі дзяржава не можа/не хоча ратаваць сваіх грамадзян, яна павінна хаця б не перашкаджаць ім ратавацца самім. А для гэтага ўсяго толькі і трэба — даваць максімальна поўную інфармацыю пра тое, што адбываецца. Калі людзі будуць ведаць, колькі ў краіне хворых на каронавірус, колькі зарэгістравана смерцяў і як развіваецца сітуацыя, яны здолеюць паклапаціцца пра сябе і сваіх блізкіх.

А Міністэрства аховы здароўя замест таго, каб проста даваць дакладныя лічбы, падкідвае журналістам галаваломкі — лічыце самі. Вось толькі ў гэтай засакрэчанасці з падвоенай хуткасцю множацца фэйкі і ўзрастае паніка ў грамадстве. А між іншым артыкул 34 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, палітычным, эканамічным жыцці, стане навакольнага асяроддзя, а забеспячэнне правоў і свабодаў грамадзян з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы. Зрэшты, ужо не першы раз кіраўніцтва краіны патапталася па Канстытуцыі, і не толькі па ёй.

Варта адзначыць, што калі дзяржава не клапоціцца пра сваіх грамадзян, пра іх клапоцяцца іншыя. Так, урад і Нацбанк разлічваюць на «хуткі» крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду ў памеры каля 900 мільёнаў долараў у сувязі з выклікамі, якія стаяць перад краінай з-за пагаршэння глабальнай эканамічнай сітуацыі і пандэміі каронавіруса. Урад ЗША ўжо паабяцаў выдзеліць нашай краіне 1,3 мільёна долараў на надзвычайную медыцынскую і гуманітарную дапамогу для барацьбы з пандэміяй. Ды яшчэ і Еўракамісія вырашыла падкінуць краінам Усходняга партнёрства (сярод якіх — і Беларусь) 140 мільёнаў еўра на барацьбу з каронавірусам.

Дык чаму ж не пець, чаму не гудзець? Чаму не ладзіць парады?