Эпілепсія вачыма сківічна-тваравага хірурга
Кожны можа сутыкнуцца з прыступам эпілепсіі ці іншым сутаргавым станам. Мы распавядзем, што трэба, а што не варта рабіць, калі вы сталі сведкам такой сітуацыі.
На старонцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў артыкуле за 7 лютага 2019 года колькасць эпілептыкаў ацэньваецца ў 50 мільёнаў чалавек па ўсім свеце, тамсама пазначана, што кожны дзясяты чалавек аднойчы перанёс эпілептычны прыпадак. Уласна эпілепсія — гэта 2 і болей прыпадкаў. Праблема распаўсюджаная, і, на жаль, 80% хворых жывуць у той частцы свету, дзе 70% эпілептыкаў не атрымліваюць належнага лячэння.
Мудрыя неўролагі даследуюць, што там замыкаецца ў мазгах, і як гэта папярэдзіць, а хірургі разбіраюцца з наступствамі прыпадкаў — разнастайнымі і не ўсім відавочнымі.
Пачнём з таго, што чалавек падае там, дзе заспеў яго прыпадак, губляючы прытомнасць. У такім стане пацыент не можа групіравацца, абіраць накірунак падзення, страхаваць сябе. Таму падчас падзення можа ўдарыцца любой часткай цела і зламаць любую костку.
Падчас прыпадкаў чалавек можа дадаткова біцца галавой аб тое, што пад ім і побач, можа скаціцца з краю. Прыступ можа доўжыцца хвіліны і нават дзясяткі хвілін (таму клічце «хуткую» адразу, не чакаючы, пакуль прыступ міне). Добра, калі навакольныя паклапоцяцца пра бяспеку хворага, але не будуць спрабаваць гвалтоўна спыніць скарачэнне цягліц. Не трэба расціскаць чалавеку зубы лыжкамі ці іншымі металёвымі прадметамі, і вось чаму.
Цягліцы сківіцы развіваюць высілкі па сцісканні зубоў (паводле розных крыніц) ад 100 да 400 кілаграм. Тэарэтычна, вы можаце расціснуць непрытомнаму сківіцы, калі будзеце мець, паводле Архімеда, рычаг і кропку апоры. Толькі кропка апоры ў дадзеным выпадку — гэта зубы. Пры гарызантальнай нагрузцы памерам усяго толькі 16 кілаграмаў здаровыя зубы пачынаюць балець — гэта сігнал перагрузкі. Сігнал, што апорныя тканкі (баляць менавіта яны, а не сам зуб) пачынаюць разбурацца.
А зубы ў эпілептыкаў маюць заведама слабы апорны апарат — гэта пабочны эфект многіх супрацьсутаргавых лекаў. І вось вы налягаеце ўсімі сваімі сіламі на зубы, каб перамагчы спазм цягліц, і… трэскаецца сценка зубной місачкі, рвецца зубная звязка, зуб нахіляецца вонкі. Здаровы зуб здароваму чалавеку можна ўставіць на месца, прыкруціць на які месяц дротам — і спадзявацца, што зуб прырасце і пару гадоў прастаіць. Не тое ў эпілептыкаў. Хранічнае запаленне дзяснаў плюс вострая траўма падчас прыступаў не дадуць рэплантаваным зубам шансу прыжыцца. Трэснутая костка зубной місачкі таксама не заўсёды прыжываецца. Можа пачаць гніць сківіца.
Таму, калі ласка, не засоўвайце ў рот людзям непатрэбныя рэчы, нават калі вам вельмі страшна за іх. Язык — цягліца, падчас прыступу ён сцінаецца ў напружаны камяк і не западае. Проста страхуйце галаву ад удараў, а ў момант, калі прыступ скончыцца, павярніце чалавека на бок: так язык не западзе, калі расслабіцца. Альбо пасуньце крыху наперад сківіцу пацыента: разам з ёй ссунецца і язык.
Майце на ўвазе: ачомаецца пацыент не адразу, пэўны час ён будзе ў стане «аглушэння». Потым пачне рухацца, слаба ўсведамляючы, што і як. Прыступ можа неўзабаве паўтарыцца, а нават калі не — пацыент не крытычны да ўласнага стану, і гэта можа замаскіраваць удар мозга ці ўнутрышлонкавую (унутрычарапную) гематому: пацыент неўзабаве ці праз колькі гадзін можа «загрузіцца».
Таму, нават калі хворы рэгулярна наведвае неўролага і прымае прэпараты, трэба выклікаць «хуткую» і везці яго ў шпіталь. Тое, што пацыент не памятае сутаргі, — звычайная рэч. Таму абавязкова давядзіце да яго, што з ім адбылося (сам ён не будзе ведаць, што адбылося, і можа доўга не верыць!). Калі вы не едзеце ў лякарню, падрабязна апішыце прыступ брыгадзе «хуткай».
Часта стаіць дылема: чакаць «хуткую» ці везці небараку на асабістым транспарце. Досвед падказвае, што, калі вы не ў тайзе і не на льдзіне пасярод Белага мора, а ў сталіцы нашай радзімы горадзе Мінску, лепей выклікаць «хуткую». У раёне прасцей: там лякарня адна, усе спецыялісты знаходзяцца ў ёй. Калі лякарня блізка, можна рызыкнуць.
Але ў Мінску вы можаце не адгадаць, у якую лякарню везці чалавека. Тут мае значэнне не толькі стан, дыягназ і вашае геаграфічнае становішча, але і паліклініка, дзе абслугоўваецца пацыент, і нават час сутак (не ўсе лякарні маюць начных кансультантаў, у іншых няма магчымасці на месцы правесці тамаграфію). «Хуткая» ўлічвае гэта, а дзеля кантролю набірае тэлефон аддзела шпіталізацыі і (як правіла) вязе туды, куды трэба, гарантуючы дарогай назіранне за станам хворага (памятаем пра верагоднасць паўторнага прыступу) і маючы лекі, якія прыступ здымаюць.
Апроч суровых неўралагічных наступстваў і магчымых пераломаў, часты спадарожнік прыпадкаў — прыкушаны язык. Так, калі зубы сцяліся, а язык застаўся на месцы, ён будзе прыкушаны — і, зазірнуўшы ў рот, мы можам пабачыць альбо рану, з якой цячэ кроў, альбо ацёклы сіня-чорны язык, які ледзьве змяшчаецца ў роце і «прыгажэе» на вачох.
Што рабіць? Усё проста: рану трэба зашываць (не-не, пакладзіце напарстак, зашываць такія раны павінны хірургі-стаматолагі ці асабліва дасведчаныя траўматолагі, а не швачкі-матарысткі ды бравыя шаўцы), пажадана зашыць у першыя некалькі гадзін, бо праз тры дні ахвотнікаў гэта рабіць вы не знойдзеце, дый швы трымацца не будуць. Язык — вельмі актыўны орган, таму далікатныя «касметычныя» швы паразвязваюцца ці прарэжуцца. Шыць — дык шыць: добрай ніткай, прашываючы тоўсты слой тканак, далёка адступіўшы ад краю раны. Язык сцерпіць: там выдатнае кровазабеспячэнне. Калі ж язык ацёклы, сіня-чорны, а раны як такой няма, то рабіць з ім непасрэдна нічога не будуць. Але, пры неабходнасці, саб’юць ціск (высокі ціск — больш крыві выцякае, большая гематома, больш выражаны ацёк), увядуць гармоны ці мачагонныя (папярэдзіць рост ацёку, які патэнцыйна можа перашкаджаць дыханню).
З хатніх прафілактычных мераў адзначу холад (смактаць кубік лёду і прыкладваць абгорнуты тканінай пакет з лёдам пад сківіцу — папераменна. Выключыць цеплавыя працэдуры, гарачую ежу ды пітво, не прымаць прэпараты, што паніжаюць згусальнасць крыві, не рабіць тое, што падвышае ціск.
Увага! Калі лекар прапануе пацыенту з прыкушаным языком застацца ў лякарні, так і трэба зрабіць. Калі ўсё будзе ісці як мае быць, пацыент будзе нудзіцца і ныць, што яго толькі трымаюць у лякарні і нічога не робяць, і што такое шчасце ён бы меў і дома. І хай сабе ные, абы папраўляўся, не ведаючы, якія праблемы яго абмінулі. А вы, калі перадасце небараку пад нагляд лекараў, можаце ўздыхнуць з палёгкай.