ЕС — «Дзецям Чарнобыля»

Еўрапейскі саюз вылучыў каля 1 мільёна долараў ЗША на рэалізацыю беларускага праекта «Дзеці Чарнобыля». Больш за палову сродкаў пойдзе на набыццё абсталявання для медыцынскіх устаноў Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай вобласці.

Гуманітарны праект распрацаваны сумесна з прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) у Беларусі і Міністэрствам аховы здароўя для падтрымкі папярэдніх фінансавых і сацыяльных унёскаў у межах праграмы «Супрацоўніцтва для рэабілітацыі».

e22dd5dabde45eda5a1a67772c8e25dd.gif

На набыццё сучаснага медыцынскага абсталявання з агульнай сумы праекту вылучана 650 тысяч долараў ЗША. Тэхніка будзе перададзеная ў 15 бальніц і дамоў дзіцяці, якія абслугоўваюць насельніцтва, што пражывае ў сельскай мясцовасці пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС абласцей.
Таксама праект прадугледжвае навучанне для спецыялістаў, які працуюць з дзецьмі, для бацькоў і супрацоўнікаў медустаноў. Асобныя групы супрацоўнікаў пройдуць навучанне інавацыйным метадам дагляду за немаўлятамі, прафілактыкі ВІЧ/СНІДа. Як заяўляюць арганізатары праекта «Дзеці Чарнобыля», адной з мэтаў з’яўляецца фарміраванне пазітыўнага і адказнага бацькоўства, распаўсюд ведаў пра тое, як зрабіць пражыванне на забруджанай тэрыторыі максімальна бяспечным.
Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Беларусі і ва Украіне Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра адзначыў, што ЕС падтрымлівае гуманітарныя праекты ў Беларусі незалежна ад палітычнай кан’юнктуры. Прыярытэтнымі з’яўляюцца праграмы, звязаныя з захаваннем здароўя насельніцтва.
Сёлета восенню Жазе Мануэль Пінту Тэйшэйра прысутнічаў на адкрыцці ў Ветцы дзіцячай пляцоўкі, створанай у межах сумеснага праекта Еўрапейскай камісіі і Праграмы развіцця ААН «Мінімізацыя негатыўных наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». На рэалізацыю гэтага праекта Еўракамісія выдзеліла больш за 1,5 мільёна еўра. Ініцыятыва ўключае ў сябе два кампаненты: стварэнне міжнароднага навукова-практычнага цэнтра захворванняў шчытападобнай залозы і тэрытарыяльна-арыентаванае развіццё рэгіёнаў, што пацярпелі ў выніку аварыі на ЧАЭС.