Факты пра палескага ваўка-адзінца, якога застрэлілі ў лютым

Уначы 5 лютага 2019 года ў ваколіцах вёскі Букчы Лельчыцкага раёна паляўнічыя застрэлілі аднаго з ваўкоў, пазначаных GPS-ашыйнікамі. Праект грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» vouk.by на яго прыкладзе паказвае, як жывецца ваўкам на Палессі.

Апошняе фота ваўка Васі

Апошняе фота ваўка Васі

У цэнтральным рэгіёне Палесся ваўкоў значна менш, чым у Белавежскай пушчы або ў Чарнобыльскай зоне (Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку). За два тыдні адловаў у канцы 2018 года каманда навукоўцаў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) злавіла толькі дзве асобіны. Невялікую колькасць можна растлумачыць няпростымі ўмовамі жыцця шэрых драпежнікаў і малой колькасцю дзічыны для спажытку.
Менавіта таму тэрыторыя ваўчынай зграі на Палессі значна большая, чым у той жа Белавежскай пушчы. Нагадаем, што згаданы воўк, якога навукоўцы назвалі Васем, быў адзінцом. Але другая пазначаная ваўчыца жыве ў зграі, якая займае ўчастак плошчай у 600 км2, што часткова заходзіць на Альманскія балоты. Гэта ў 2-3 разы больш, чым участак зграі ў Белавежскай пушчы або Палескім запаведніку.

Мапа перамяшчэння ваўка Васі

Мапа перамяшчэння ваўка Васі

Чым жа харчаваўся Вася? Даследчыкі па слядах ваўка знайшлі рэшткі некалькіх яго трапез. Напрыклад, Вася нейкі час харчаваўся трупамі ласёў. Першы лось, на думку навукоўцаў, быў забіты хутчэй за ўсё нелегальна, другі – паляўнічымі, а трэці, верагодна, быў падбіты машынай. Дарэчы, па карце перамяшчэння бачна, што воўк шмат часу праводзіў менавіта каля дарогі: там лягчэй знайсці сабе спажытак.
Вывучыўшы памёт ваўка Васі, навукоўцы знайшлі пацверджанне факту, што ў рацыёне драпежнікаў да 10 % можа займаць раслінная ежа. Вася любіў грушы.
Як жа ідуць справы з ваўком на Палессі? Як і амаль па ўсёй Беларусі, перад паляўнічымі тут пастаўленая задача татальна вынішчыць ваўка як від. Астраўкоў бяспекі для яго на Палессі практычна няма.

Нашыйнік ваўка Васі

Нашыйнік ваўка Васі

Каардынатар праграм грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук:«Калі сустракаешся з егерамі, якія выходзілі на паляванне ў раёне Альманскіх балотаў, практычна ў кожнага чалавека ў тэлефоне ёсць фатаграфіі забітых ваўкоў. І такая сітуацыя паўсюль – ваўкі па ўсёй Беларусі актыўна пераследуюцца і знішчаюцца. Ваўкі – важны элемент экасістэмы. І мы выступаем за тое, каб на такіх значных прыродных тэрыторыях, як Альманскія балоты, яны мелі сваё законнае месца».
Даследаванні ваўкоў АПБ праводзіць у межах «Прыродаахоўнага праекта для Палесся» пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства. На Палессі застаўся яшчэ адзін воўк, пазначаны GPS-ашыйнікам. Гэта ваўчыца, якая жыве ў зграі. На шчасце, зграя, у якую ўваходзіць ваўчыца, у адноснай бяспецы, бо палова тэрыторыі знаходзіцца ў памежнай паласе, дзе паляванне забароненае. Працягвайце сачыць за яе жыццём на vouk.by і на старонках праекта ў Facebook, Instagram, Укантакце.
Паводле прэс-рэліза