Фестываль AD.NAK! падвёў вынікі развіцця беларускамоўнай рэкламы за год

Штогадовы Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! у шосты раз падвёў вынікі развіцця беларускамоўнага рэкламна-камунікацыйнага рынку за год і ўзнагародзіў аўтараў найлепшых работ. Фестывальны дзень адбыўся 2 ліпеня ў Мінску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў (IBB).



adnak_640x431.jpg

Асноўная канцэпцыя сёлетняга AD.NAK!   — “Годны шлях рэкламіста”. Кожны рэкламіст праходзіць сваю дарогу да поспеху, сваю дарогу да выдатнай ідэі: ад сумневаў і нядрэннай канцэпцыі да таго самага інсайту, калі, ставячы выніковую кропку ў карпатлівай працы, у раптоўным парыве натхнення “грыфель алоўка” разлятаецца на кавалкі.

Арганізатары Шостага AD.NAK! аб’ядналі рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў, каб дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці гэты шлях: ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!

Традыцыйна ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў папярэднічала яскравая і насычаная адукацыйная праграма. Сёлета ў яе межах прайшлі семінары, майстар-класы і дыскусіі са знанымі беларускімі і замежнымі адмыслоўцамі, што адметныя не толькі ў сферы рэкламы. Была магчымасць паслухаць і абмеркаваць 7 актуальных тэмаў з экспертамі, сярод якіх Паўлюс Сянута (заснавальнік і партнёр рэкламнага агенцтва Not Perfect| YR Minsk, Riga & Vilnius), папулярны пісьменнік Віктар Марціновіч, кіраўнікі творчых груп і агенцый і маладыя беларускія «Канскія львы».

Генеральным партнёрам Фестывалю другі год запар стала кампанія velcom. У гэтым годзе да правядзення фестывалю далучыўся яшчэ шэраг бізнэс-кампаній з Беларусі. Дзякуючы супольным намаганням  Фестываль  прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні, а пераможцы атрымалі ўзнагароды.  Акрамя гэтага у межах Шостага ,.!adnak velcom правеў спецыяльны конкурс па стварэнні лагатыпа для сацыяльнага кірунку дзейнасці кампаніі пад назвай «Дзеці». Лагатып-пераможца будзе выкарыстоўвацца ў матэрыялах (відэа, друкаваная прадукцыя, анлайн, сувеніры), створаных у падтрымку розных акцый. Таксама кампанія velcom адзначыла сваім спецыяльным прызам (статуэткай) адну працу з пераможцаў за якасць выкарыстання мовы.

За апошні год трэнд вышыванак і нацыянальных узораў разышоўся так шырока, што значная колькасць работ ад розных аўтараў было прысвечаная менавіта ім: гадзіннікі, торбы, сувенірная прадукцыя з беларускім арнаментам, “вышышына”, сайты пра беларускія ўзоры і г.д. Найбольшую колькасць работ падала грамадская культурніцкая пляцоўка «Арт Сядзіба». Сябры журы нават жартавалі: “Дні «Арт Сядзібы» на ,.!adnak”.

Самую вялікую колькасць заявак ужо традыцыйна сабрала намінацыя “Графічны і камунікацыйны дызайн” — амаль 100. На другім месцы — “Сацыяльная рэклама” (44 работы). Трэцяе месца ў “Грамадсказначных праектаў” — 30 работ.

У гэтым годзе на фестываль падавалася шмат прац на рускай, а часам і англійскай мовах. Калі казаць пра геаграфію фестывалю, то больш за 90 % работ былі пададзеныя з Мінска. Хацелася б, каб у наступных фестывалях актыўней удзельнічалі і  рэгіянальныя таленты, бо мы ведаем, што добрыя рэкламныя і камунікацыйныя праекты робяцца па ўсёй Беларусі!

Варта адзначыць павелічэнне  колькасці работ на экалагічную тэматыку: паштоўкі, настольная гульня, ролікі і постары. Можна нават казаць, што экалогія таксама становіцца трэндам  Фестывалю, а самі беларусы робяцца больш адказнымі.

Арганізатары Шостага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! (а гэта грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і спецыялізаваны рэсурс marketing.by) заклікаюць не спыняцца на дасягнутым, ствараць новыя адметныя праекты, уключаць у рэкламу элементы найбагацейшай беларускай культуры і гісторыі, станавіцца сапраўднымі трэнд-сэтэрамі і далучацца да наступных фестываляў!

budzma.by