Гееў пакуль толькі папалохалі

Спроба правесці ў Мінску гей-парад паказала ўзровень негатоўнасці беларусаў прыняць факт публічнасці і дэманстрацыі прыналежнасці да сексуальных меншасцяў.

Тыдзень перад шэсцем і колькі дзён пасля яго беларускі сегмент інтэрнэту як найбольш даступную і свабодную пляцоўку для дыскусій ліхаманіла на тэму таго, ці мае права чалавек з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй гаварыць пра гэта ўголас і ці ўвогуле мае права быць такім. Абагульненыя высновы: хутчэй не, чым так. Прычым такую пазіцыю не цураюцца выказваць ледзь не на афіцыйным узроўні.



6ef80bb237adf4b6f77d0700e1255907.jpg

Спроба правесці ў Мінску гей-парад паказала ўзровень негатоўнасці беларусаў прыняць факт публічнасці і дэманстрацыі прыналежнасці да сексуальных меншасцяў.
Тыдзень перад шэсцем і колькі дзён пасля яго беларускі сегмент інтэрнэту як найбольш даступную і свабодную пляцоўку для дыскусій ліхаманіла на тэму таго, ці мае права чалавек з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй гаварыць пра гэта ўголас і ці ўвогуле мае права быць такім. Абагульненыя высновы: хутчэй не, чым так. Прычым такую пазіцыю не цураюцца выказваць ледзь не на афіцыйным узроўні.
Так, на афіцыйным акаўнце мінскага ГУУС у твітэры перад гей-парадам з’явіліся непаліткарэктныя паведамленні з папярэджаннямі аб тым, што шэсце будзе разагнанае. «Амапаўцы раз’юшаныя, і на мясілава заднепрывадных настроеныя асабліва агрэсіўна. Таму трымаецеся далей». Гей-парад, нягледзячы на тое, што час і месца да апошняга моманту арганізатары спрабавалі трымаць у сакрэце, усё ж разагналі. Не больш брутальна, чым разганяюць апазіцыйныя акцыі.
Шэраг беларускіх блогераў, якія бліжэй да ідэй альтэрнатыўных, чым афіцыйных, і, магчыма, самі неаднаразова былі на вулічных акцыях апазіцыі, разгон гей-параду (вельмі сціпленькага па сваіх маштабах) успрынялі на «Ура!», маўляў, іх грошы як падаткаплацельшчыкаў не змарнаваныя. Хаця і самі яны маюць вялікія шанцы апынуцца на месцы тых, каго АМАП аператыўна загружае ў аўтазакі.
Сямёра ўдзельнікаў гей-параду правялі выходныя ў спецпрыёмніку-размеркавальніку, у панядзелак суд пакараў іх мінімальнымі штрафамі ў памеры 0,5 базавай велічыні за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Нагадаю, што Мінскі гарвыканкам забараніў шэсце сексуальных меншасцяў, удзельнікі якога планавалі сабрацца ля будынку Белдзяржфілармоніі і прайсці па праспекце Незалежнасці да прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук.
Напярэдадні шэсця Расійскі суарганізатар гей-шэсця Мікалай Аляксееў заявіў, што «рашэнне мінскіх уладаў аб забароне нашага мерапрыемства з’яўляецца абсурдным і здзеклівым», што ён прыязджаў некалькі разоў у Беларусь і «не адчуваў тут аўтарытарнага рэжыму», таму ўлады маглі б сваім дазволам даказаць Еўропе, што ў краіне не так кепска з правамі чалавека. Да слова, у Мінску ўсё ж прайшло некалькі камерных мерапрыемстваў, звязаных з гей-парадам. Абышлося без адкрытых сутычак, хаця і былі правакацыйныя спробы з боку нязгодных перашкодзіць гэтаму.
За тыдзень да мінскага (Славянскага) гей-параду аналагічнае шэсце пад назвай Балтыйскі гей-парад адбылося ў Вільнюсе. Аднак прыблізна на палове шляху ўдзельнікі былі вымушаныя спыніцца з-за пагрозы бяспекі з боку пратэстуючых. Нязгодныя з маніфестацыяй запусцілі дымавую шашку, свісталі і заклікалі да расправы над удзельнікамі шэсця. І хаця акцыя была спыненая, яе арганізатары назвалі Балтыйскі гей-парад перамогай над гамафобіяй.
У першым у гісторыі Літвы шэсці сексуальных меншасцяў прынялі ўдзел шэраг замежных палітыкаў і праваабаронцаў. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» была прадстаўленая вялікай дэлегацыяй з 70 актывістаў. Правапарадак у Вільнюсе забяспечвалі каля 800 супрацоўнікаў праваахоўных органаў. На агароджаную тэрыторыю шэсця было забароненае пранасіць некаторыя рэчы, у прыватнасці камяні, палкі, памідоры, яйкі.
У адным з апошніх даследаванняў BISS і лабараторыі аксіяметрычных даследаванняў «НовАК» рэспандэнтам задавалася пытанне: «Ці мусяць абмяжоўвацца правы гомасексуалістаў?» Станоўча на яго адказалі 43 працэнты апытаных беларусаў, яшчэ 19,5 — пагадзіліся ў той ці іншай ступені. На тэрыторыі постсавецкіх краін талерантнасць у пытаннях гендэру, сексуальнай самаідэнтыфікацыі дагэтуль застаецца на нізкім узроўні. Арганізатары Славянскага гей-параду сцвярджаюць, што гэтых жа рамак трымаюцца і дыпмісіі еўрапейскіх краін. Так, былі звароты ў шэраг пасольстваў з прапановай правесці на іх тэрыторыі некаторыя мерапрыемствы, звязаныя з гей-парадам. Але арганізатары гей-параду паўсюль атрымалі адмовы.
Пасля разгону акцыі сексуальных меншасцяў у Мінску «Amnesty International» распаўсюдзіла заяву, у якой выказала шкадаванне з прычыны яе забароны. «Amnesty International» нагадала беларускім уладам, што міжнароднае заканадаўства ў галіне правоў чалавека дакладна вызначае, што свабода сходаў і выказвання распаўсюджваецца на ўсе групы асобаў, уключна з прадстаўнікамі ЛГБТ-супольнасці. Гэтыя правы таксама тычацца перакананняў і меркаванняў, якія могуць стаць абразай для іншых грамадзян. Акрамя гэтага, права на свабоду сходаў і выказвання гарантуецца беларускай Канстытуцыяй.
«Беларускія ўлады мусяць прадэманстраваць большую прыхільнасць да сваіх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, якія недвухсэнсоўна патрабуюць дазволу на правядзенне падобных акцый» — гаворыцца ў заяве эксперта «Amnesty International» па пытаннях дыскрымінацыі ў Еўропе Джона Далузена. — Адмова ўладаў працягвае абуральную практыку непавагі да роўнасці і выканання правоў чалавека ў Беларусі».