Гучны сыход Валянціна Елізар’ева

У панядзелак, 19 студзеня, Валянцін Елізар’еў, Маргарыта Ізворская-Елізар’ева і некаторыя артысты распавялі журналістам на адмысловай прэс-канферэнцыі, што ж адбылося.  “З 19 студзеня я больш не працую ў тэатры, я стаў вольным мастаком. 12 студзеня я падаў на імя міністра культуры заяву аб звальненні, а 17 студзеня яна была задаволена, — кажа Валянцін Елізар’еў. — Сумна пра гэта казаць, але я ў мінулыя выходныя вывез з тэатра свой архіў, рэчы. Ніхто з кіраўнікоў Міністэрства культуры — ні міністр Матвяйчук, ні яго першы намеснік Рылатка, ні часовы выканаўца абавязкаў дырэктара тэатра Пышной не сказалі мне нават “дзякуй, хоць я 36 гадоў адпрацаваў у гэтым тэатры, у гэтай трупе. Па словах Елізар’ева, развіталіся з ім толькі артысты, якія і сёння працягваюць абараняць свайго настаўніка і цяпер ужо былога кіраўніка.



fbd7939d674997cdb4692d34de8633c4.jpg

У панядзелак, 19 студзеня, Валянцін Елізар’еў, Маргарыта Ізворская-Елізар’ева і некаторыя артысты распавялі журналістам на адмысловай прэс-канферэнцыі, што ж адбылося.

 “З 19 студзеня я больш не працую ў тэатры, я стаў вольным мастаком. 12 студзеня я падаў на імя міністра культуры заяву аб звальненні, а 17 студзеня яна была задаволена, — кажа Валянцін Елізар’еў. — Сумна пра гэта казаць, але я ў мінулыя выходныя вывез з тэатра свой архіў, рэчы. Ніхто з кіраўнікоў Міністэрства культуры — ні міністр Матвяйчук, ні яго першы намеснік Рылатка, ні часовы выканаўца абавязкаў дырэктара тэатра Пышной не сказалі мне нават “дзякуй, хоць я 36 гадоў адпрацаваў у гэтым тэатры, у гэтай трупе.

Па словах Елізар’ева, развіталіся з ім толькі артысты, якія і сёння працягваюць абараняць свайго настаўніка і цяпер ужо былога кіраўніка.

Прычыну свайго сыходу Майстар патлумачыў тым, што выконваць абавязкі дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Міністэрства культуры прызначыла іншага чалавека, а Елізар’еву прапанавалі быць толькі мастацкім кіраўніком Тэатра балета. “Але кіраўніком балета я быў яшчэ ў 1973 годзе, — падкрэсліў Елізар’еў. Зараз кіраваць балетам Міністэрства культуры прызначыла народнага артыста Беларусі Юрыя Траяна.

Як сказаў Валянцін Елізар’еў, яго практычна адхілілі ад усіх работ, звязаных з рэканструкцыяй тэатра, якая, па словах ужо былога кіраўніка, “ідзе з вялікім скрыпам, а “заложнікамі некампетэнтнасці чыноўнікаў сталі артысты.

“Сарваны ўсе тэрміны заканчэння рамонту. Мы гэтыя тры гады правялі ў пыле, у брудзе, без цяпла, часам, без гарачай вады, але, як бы там ні было, выжылі, — адзначыў Елізар’еў. — Але я пакуль не бачу фіналу рэстаўрацыі. Не бачна завяршэння будаўнічых, мантажных, тым больш пуска-наладачных работ. Зараз няма памяшканняў для рэпетыцый хору, аркестра. Будаўніцтва — гэта пастаяннае напружанне з прычыны бясконцых унутраных праблем, памылак архітэктараў, будаўнікоў, рэстаўратараў, інтрыг вакол афармлення. Ва ўсім гэтым прысутнічаюць дробныя асабістыя інтарэсы. А ў тэатры не павінна быць дробязей. Я тры гады штотыдзень кантраляваў усе працэсы будаўніцтва і рэканструкцыі, вывучаў кожную дэталь. Я хацеў, каб беларускі тэатр стаў еўрапейскім і сучасным. Але каб так было, трэба, каб на чале тэатра стаяла творчая асоба… А гаспадаркаю павінен займацца заўгас. Аднак у Міністэрства культуры, відаць, іншы погляд на будучыню тэатра. Тэатр бачыцца чыноўнікам нечым накшталт філіі міністэрства, і ім павінны кіраваць людзі, якім не знайшлося месца ў самім міністэрстве.

Валянцін Елізар’еў сказаў, што нават разумее, чаму і каму стаў няўгодным. “Я ўвесь час выступаў за якасць, сварыўся, калі рабілі што-небудзь не так, таму мяне хуценька прыбралі з усіх камісій па рэстаўрацыі, сталі рэзка адхіляць ад удзелу ў працэсе рэстаўрацыі, ад магчымасці ўплываць на прыняцце кваліфікаваных рашэнняў, — адзначыў Елізар’еў. — Я семнаццаць гадоў працую дырэктарам — мастацкім кіраўніком Тэатра балета. Я кіраваў не толькі творчымі працэсамі, але быў і менеджэрам, імпрэсарыо. Аднак мае веды і досвед у новым тэатры не спатрэбіліся. Змірыцца з гэтым, не паважаць сябе і тэатр я папросту не магу. Я не хачу ўдзельнічаць у знішчэнні тэатра, якому прысвяціў усё сваё жыццё, таму і сышоў.

У сваю чаргу, артысты балетнай трупы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета звярнуліся да прэзідэнта і Міністэрства культуры з заклікам зрабіць усё магчымае, каб Валянцін Елізар’еў застаўся ў тэатры. Зварот акцёраў журналістам зачытала салістка тэатра Ірына Яромкіна. “Калі ў беларускім балеце не будзе Елізар’ева, то не будзе і самога беларускага балета, — гаворыцца ў звароце артыстаў. — У нашай краіне няма харэографаў і тэатральных менеджэраў такога ўзроўню, як Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў. Ён без перавелічэнняў — чалавек-эпоха, знакавая фігура не толькі ў балеце, але і ва ўсёй нацыянальнай культуры.

Артысты адзначылі, што пад кіраўніцтвам Елізар’ева калектыў тэатра перажыў усе цяжкія часы — перабудову, нізкія заробкі, рэканструкцыю будынка — і захаваў высокі творчы патэнцыял. “А цяпер, калі рамонт будынка амаль завершаны, калі трупа паспяхова гастралюе за мяжою, мы можам пазбавіцца лідэра, — падкрэсліваюць артысты, якія ўсё яшчэ спадзяюцца, што Елізар’еў не пакіне тэатр.

Як заявіў агенцтву БЕЛТА міністр культуры Уладзімір Матвяйчук, Мінкульт шкадуе пра рашэнне Валянціна Елізар’ева пакінуць тэатр і спадзяецца, што той зменіць сваё рашэнне. Па словах міністра, Мінкульт працяглы час вёў перамовы з Елізар’евым, прапаноўваў яму быць мастацкім кіраўніком тэатра, але ён бачыў сябе генеральным дырэктарам, таму падаў заяву пра сыход.

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета стаў трэцім сталічным тэатрам, які скаланулі скандалы. Дагэтуль існуюць праблемы ў Дзяржаўным музычным тэатры, дзе многія акцёры не могуць паразумецца з новым кіраўніцтвам. А вось у Купалаўскім тэатры, артысты якога прасілі Міністэрства культуры памяняць кіраўніцтва, і кіраваць якім цяпер будзе вядомы рэжысёр Мікалай Пінігін, праблемы, здаецца, вырашаны.