Хітрасць супраць стратэгіі
Паказчыкі знешняга гандлю зараз з’яўляюцца найважнейшымі для ацэнкі эканамічнай палітыкі ўладаў. Бо для паляпшэння гэтых паказчыкаў (прынамсі, так сцвярджаецца публічна) была праведзена двайная дэвальвацыя беларускага рубля.
Паказчыкі знешняга гандлю зараз з’яўляюцца найважнейшымі для ацэнкі эканамічнай палітыкі ўладаў. Бо для паляпшэння гэтых паказчыкаў (прынамсі, так сцвярджаецца публічна) была
праведзена двайная дэвальвацыя беларускага рубля.
Яшчэ напрыканцы лета А. Лукашэнка, спрабуючы хоць крышку зменшыць пратэстныя настроі абрабаванага насельніцтва, ацаніў рух да гэтай мэты станоўча: “Ёсць устойлівая тэндэнцыя па выхаду на
дадатнае сальда знешняга гандлю. За апошні месяц мы атрымалі дадатнае сальда ў памеры амаль 200 мільёнаў долараў! Па яго ж словах выходзіла, што валюта хлынула ў Беларусь у гістарычна
нечуваных памерах.
На першы погляд, так яно і ёсць. Па дадзеных гандлёвага балансу, памеры беларускага экспарту тавараў за 8 месяцам бягучага года дасягнулі 26 мільярдаў долараў, і ўзраслі адносна студзеня-жніўня 2010
года ў бягучых коштах на 68,7%, або на 10,6 мільярда долараў.
Выходзіць, па тэмпах росту экспарт абагнаў тэмпы абясцэньвання рубля ў выніку “першай дэвальвацыі. Выходзіць, спраўдзілася мара ідыёта? Але чаму Лукашэнка назваў не гэтыя амаль 11
мільярдаў прыросту, якія б забяспечылі бязбеднае існаванне эканоміцы, а жалю вартыя 200 мільёнаў? Усяго па 20 долараў на аднаго жыхара, з якога стрэслі тысячы.
Адказ просты — яго кожны ведае: каб карова толькі давала малако, а есці не хацела, то яно б добра было.
Зразумела, што беларуская эканоміка — не боская карова. Хутчэй яна падобна да каровы, якая есць столькі, колькі належыць карове, а малака дае як каза. Прынамсі, адначасова з экспартам
павысіўся і імпарт, які склаў 30 мільярдаў долараў. Праўда, імпарт павысіўся толькі на 9,6 мільярда (на 46,8%) і крыху адстаў па тэмпах павялічэння ад экспарту. Але сальда зноў склалася адмоўнае ў
памеры 4 мільярда долараў. А за 8 месяцаў мінулага года было амаль 5 мільярдаў. Быццам бы сапраўды крок наперад, але ж, як кажуць у такіх выпадках, тапельцу не важна, колькі вады ў яго над
галавой.
Па ўжо традыцыйнай схеме “падводнага плавання, Беларусь мае мінус 4,9 мільярда долараў у гандлі з краінамі СНД, мінус 6,1 мільярда — з краінамі Мытнага саюзу, у тым ліку з
Расіяй — мінус 6,4 мільярда, з Казахстанам — плюс 325 мільёнаў, за краінамі ЕС (27) — плюс 4,4 мільярда, з астатнімі краінамі свету — плюс 972 мільёна
долараў.
Вось такая эканамічная геаграфія і геапалітычнае становішча. Калі адкінуць звыклыя дробязі, у якія нас пастаянна тыцкаюць вядомыя дзеячы, эканоміка з пункту гледжання сваіх экспартных магчымасцяў ды
імпартных патрэб застаецца велічынёй нязменнай. Скарацілі коштам падвышэння мытаў і дэвальвацыі імпарт — адмоўнае сальда крыху паменшылася. Але, як і раней, усё ў народнай гаспадарцы
круціцца вакол перапрацоўкі імпартнай нафты і продажу нафтапрадуктаў. Першая “састаўная частка адбудавана стасункамі з Расіяй, другая — стасункамі з краінамі Еўрасаюза.
Беларусь мае да іх сапраўдны і палкі інтарэс. Яны таксама цікавяцца Беларуссю, а вось праблемамі яе эканомікі, падаецца, ніхто не цікавіцца.
У першую чаргу сама Беларусь.
Што тычыцца краін СНД, уключна з Расіяй і Казахстанам, то на гэтай практычна адзінай некалі эканамічнай прасторы былога СССР статус і месца Беларусі прынцыпова змянілася пад уздзеяннем эканамічных
адносін новага тыпу — рынкавых. Раней мэтай вытворчасці было падвышэнне валавога прадукту. Хто больш рэсурсаў траціў (нават псаваў) на вытворчасць прадукцыі, таму болей і плацілі. А паколькі
Беларусь (тады БССР) спецыялізавалася на апрацоўцы, перапрацоўцы сыравіны і зборцы вузлоў і камплектуючых, то памеры яе валавой прадукцыі вызначаліся іх коштам, да якіх дадаваўся кошт выпрацаванай
валавой вартасці. І атрымоўвалася, валавая вытворчасць вельмі вялікая, а эфектыўнасць — вельмі высокая.
У тыя часы нават марнатраўства разглядалася як асаблівы від эфектыўнай сацыялістычнай працы. У планавым парадку. Прыкладам, можна пярсцёнак зрабіць з латуні, можна з золата. Па працаёмістасці паміж
імі, мусіць, няма вялікай розніцы. Але ж якая велізарная розніца ў кошце! З гэтай нагоды ўсе стараліся выкарыстоўваць “золата нават там, дзе было дастаткова звычайнай бляхі. Зробіш
больш дарагую рэч — больш заплацяць, ды яшчэ і ордэн дадуць.
Кіраўнікі сённяшняй Беларусі, большасць якіх сфарміравалася ў часы гарантаванага безгаспадарчага сацыялізму, да гэтай часу напружваюць эканоміку на вытворчасць вала. Радуюцца і ўсіх змушаюць
радавацца, калі ён расце. Але ж зараз гэты вал вырабляецца не па заданнях Дзяржплана, і таму не падлягае гарантаванай (безальтэрнатыўнай) рэалізацыі. Яго трэба прадаваць ва ўмовах канкурэнцыі. На
сусветных рынках — вельмі жорсткай, на “адзінай эканамічнай прасторы — з інтэграцыйнымі зніжкамі.
Першы шлях вельмі цяжкі, другі палохае відавочнай лёгкасцю. Той самы выпадак, калі кажуць, што бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы. Для першага шляху патрабуецца стратэгія, для другога —
хітрыкі, памножаныя на безумоўныя рэфлексы — палітычнага выжывання, харчавання, памнажэння.
Існуе вельмі вялікая верагоднасць самога сябе перахітрыць. Ды яно ўжо так і было неаднойчы. Прыкладам, з гэтымі дэвальвацыямі.
Уласна кажучы, пытанне выхаду на дадатнае знешнегандлёвае сальда “ўпіраецца ў Расію і можа быць вырашана толькі тады, калі “інтэграцыйныя зніжкі ўстановяць на
газ і нафту “вельмі смешныя кошты. Але нават гэтага будзе недастаткова, каб па-сур’ёзнаму замацавацца на рынках тых 190 краін, з якімі Беларусь сёння мае знешнегандлёвыя
кантакты.
Ваенная хітрасць — рэч патрэбная, але яна не здольная замяніць стратэгію.
Як яно пачалося з першага дня незалежнасці, так да гэтага часу і цягнецца. Як сведчыць Белстат, асноўнымі крыніцамі фармавання адмоўнага сальда з’яўляюцца экспартна-імпартныя аперацыі з
прамежкавымі таварамі (энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы, камплектуючыя). Прыкладам, год таму яго велічыня складала 5,3 мільярда, а сёлета — 4,2 мільярда долараў. Быццам бы і прагрэс. Але
гэта “зэканомлены мільярд у асноўным дасягнуты коштам падвышэння на 700 мільёнаў паставак на знешнія рынкі калійных угнаенняў, а не падвышэння эфектыўнасці прамысловасці.
Соль — гэта таксама неаднаўляльны прыродны рэсурс. Можа скончыцца раней, чым Беларусь дачакаецца выгод ад абяцанай адзінай эканамічнай прасторы.