Хадзіць па газонах, не ныць, натхняць адзін аднаго — усе пытанні пра Дзень Волі каля Опернага

Што браць і чаго не браць з сабой на свята, як дабрацца да Траецкай гары і дзе чакаць сюрпрызаў — адказваюць арганізатары святкавання 100-годдзя БНР на Траецкай гары Антон Матолька і Павел Белавус, паведамляе Радыё Свабода.

bnr_9.jpg

Ці браць з сабой бел-чырвона-белы сцяг?Бел-чырвона-белыя сцягі і Пагоня — так! Сцягі прыносце на вудах і лёгкіх дрэўках. Дубінкі і цяжкія палкі праносіць нельга.
Калі пачатак і колькі чалавек там змесціцца?
Пачатак збору а 13-й гадзіне. Урачыстае адкрыццё — а 14-й
Матолька: Мінгарвыканкам вызначыў гэтую тэрыторыю як тую, на якую змесціцца 25 тысяч чалавек. Заяўка пададзеная на 25 тысяч, свята дазволенае мясцовымі ўладамі.

Дабірацца пешкі ці на аўтамабілі?

Матолька: Пляцоўка ў цэнтры гораду, дабрацца проста. З аднаго боку — станцыя метро «Няміга» і ўвесь транспарт, які ідзе па Максіма Багдановіча і па праспекце Пераможцаў. З другога боку — станцыі метро «Кастрычніцкая» і «Плошча Перамогі».

У цэнтры заўжды ёсць пытанне з паркоўкай. Таму лепш прыходзьце на свята пешкі, прыязджайце грамадскім транспартам ці пакідайце аўтамабіль у радыюсе паўтара кіламетра ад Опернага тэатру.

Але кіроўцу-інваліду трэба пад’ехаць блізка да месца свята. Гэта магчыма?

Так. Паркоўка для інвалідаў-вазочнікаў за тэатрам. Гэта частка вуліцы Чычэрына ад вуліцы Алаізы Пашкевіч да Камуністычнай.

Можна я вазму з сабой тэрмас або піва?

Не. Тэрмасы не дадуць пранесці з меркаванняў антытэрарыстычнай бяспекі.
Алькаголь праносіць нельга, свята цалкам безалькагольнае. На фудкортах алкаголю не будзе. Іншыя вадкасці лепш праносіць у ёмістасцях да 0,5 літра.
На пляцоўцы свята будуць разнастайныя фудкорты, пункты з гарбатай, кавай.

Ці будуць мяне надглядаць?

Так, але па аблегчанай праграме. Цэнтральны ўваход — насупраць Опернага тэатру. Тут будзе 12 пунктаў надгляду.

bnr_2_3.jpg

Матолька: Каля супрацоўнікаў міліцыі будуць дзяжурыць валанцёры. Фармат праверкі падобны да мерапрыемстваў каля Ратушы.

Дзе будзе канцэрт?

Канцэртная пляцоўка — справа ад Опернага тэатру. Яна мае памеры 10 на 12 метраў і будзе агароджаная рамкамі. За сцэнай арганізаваная тэхнічная зона. Лайн-ап выступоўцаў папярэдні, але бліжэй да даты будуць яшчэ імёны і сюрпрызы.
Матолька: Арганізатары дамаўляюцца з людзмі, якія выйдуць на сцэну з віншаваннямі і зваротамі. У іх будуць адмысловыя пропускі. Сцэну будзе ахоўваць прафесійная канцэртная ахова, якая працуе на ўсіх падобных мерапрыемствах. На бэкстэйдж і сцэну можна будзе трапіць з бэйджамі і пропускамі.

bnr_3_2.jpg

Можна я выйду на сцэну і скажу ў мікрафон?

Фармат «я хачу выйсці на сцэну» катэгарычна не прадугледжаны
Белавус: Праграма распісаная пахвілінна, і мы будзем гэтага прытрымлівацца, каб у нас не ўзнікала недарэчнасцяў. Калі хтосці хоча выступіць і нешта сказаць — калі ласка, ёсць тэрыторыя свята, мітынг 24 сакавіка, інтэрнэт.

Я хачу прыйсці з дзецьмі. Чым іх заняць на свяце?

Прыходзьце з дзецьмі любога ўзросту. Будзе дзве дзіцячыя пляцоўкі.
Белавус: Актыўнасці для дзяцей самыя розныя — ад размалёўвання тварыкаў сцяжкамі, арнаментамі, нацыянальнымі сюжэтамі да настольных гульняў ці проста гульняў. Тыя, хто будзе адказваць за іх, хочуць прадугледзець умовы для маці з немаўлятамі: каб можна было падыйсці, пакарміць грудзьмі, разагрэць дзіцячую сумесь.

А па газонах можна хадзіць?

Можна, калі на іх снег ці прамерзлая зямля.
Матолька: Калі 25-га будзе снег ці зямля прамерзлая, то Зелянбуд нічога не мае супраць таго, каб людзі заходзілі на газоны. Але калі зямля размякне, то, найхутчэй, людзі самі на іх не пойдуць. Паводле папярэдніх прагнозаў, у ноч на 25-га яшчэ будзе мінус, і, найхутчэй, доступ на газоны будзе.

Як мне не прапусціць выступ любімага гурту і даведацца, што будзе на свяце?

Будзе працаваць інфацэнтар. Тут можна атрымаць праграмкі, друкаваную прадукцыю, даведацца пра падрабязнасці і сустрэцца, калі вы згубіліся. У інфацэнтры выдадуць друкаваную мапу з поўнай праграмай, інфармацыяй пра партнэраў і спонсараў. Тут жа выдадуць спеўнік, каб падглядаць у яго падчас спеўных сходаў.

Мы будзем спяваць хорам?!

Так! На свяце адбудзецца самы грандыёзны ў гісторыі Беларусі Спеўны сход.
Белавус: Там будуць знакавыя для Беларусі песьні: «Магутны Божа», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Пагоня», «Не загаснуць зоркі ў небе». Спеўным сходам будзе кіраваць Сяржук Доўгушаў. Словы можна будзе падглядаць у спеўніку, таксама яны будуць трансьлявацца на вялікім экране.

Я хачу набыць сувэнір з сімволікай БНР. Там яны будуць?

Белавус: Мы запрашаем беларускамоўныя выдавецтвы («Логвінаў», Arche, «Янушкевіч»), цікавыя брэнды (Honar, LSTr, Symbal. by, «Імбрык», «Прастора») і рамесьнікаў з цікавымі вырабамі і тых, хто мае прадукцыю да 100-годьдзя БНР.

bnr_4_2.jpg

А калі сканчаецца свята?

У 19.00.
Матолька: Вялікая просьба — пры выхадзе не рабіць таўкучку. І ў адзін бок і ў другі — масты праз раку, гэта небяспека для людзей. Магчыма, міліцыянты будуць размяжоўваць натоўп.
Белавус: Даўно было ідэя запачаткаваць фэстываль з назвай, напрыклад, «Свята незалежнасці». Такі дзень, калі хаця б раз на год беларусы не ныюць, як нам дрэнна, як усё не атрымліваецца, усіх пасадзілі, арыштавалі, нешта забралі... А дзень, у які беларусы будуць паміж сабой дзяліцца сваімі дасягненнямі. У навуцы, у IT, вытворчасці, творчасці, культуры — ва ўсім!
Бо што адбылося 25 сакавіка 100 гадоў таму? Тады людзі зразумелі, што важна мець сваю незалежную краіну. Яны не сталі ныць і казаць, як «нічога немагчыма змяніць, бо тут расейцы, тут палякі, тут немцы, і капец». А яны ўзялі, вырашылі і абвясцілі. Зрабілі пазытыўны крок і паказалі прыклад, дзякуючы якому мы цяпер жывём у гэтай краіне.
І важна, каб гэты дзень быў далей як прыклад нашых дасягненняў, якія мы паказваем самі сабе і адзін аднаго такім чынам натхняем.
Матолька: Сто гадоў БНР яшчэ толькі пачынаецца. У нас яшчэ цэлы год наперадзе.