Яшчэ дзвюм фігуранткам «справы БелТА» выстаўлены абвінавачанні

 Галоўнаму рэдактару інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыне Леўшынай і рэдактару TUT.BY Галіне Уласік выстаўлены абвінавачанні па «справе БелТА».

8_compressed_1.jpg

racyja.com
Абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, учынены з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці) выстаўленае Ірыне Леўшынай 8 лістапада ў Следчым камітэце, дзе яна правяла 2 гадзіны 45 хвілін.
Паводле яе слоў, да пакрыцця выстаўлена «больш за 12 тысяч рублёў». З Леўшынай узятая падпіска аб нявыездзе і належных паводзінах.
На падставе таго ж артыкула выставілі абвінавачанне і рэдактару TUT.BY Галіне Уласік, памер нанесенай шкоды — каля 17 тысяч рублёў.
Другая частка 349-га артыкула КК прадугледжвае штраф, або пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Падставай да распачынання справы паводле ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) — так званай «справы БелТА» — стала паведамленне дзяржаўнага інфармагенцтва аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, што аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў.
7—9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя Ірына Леўшына, карэспандэнт БелаПАН Таццяна Каравянкова, галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, а таксама рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт «Нямецкай хвалі» Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску пра нераскрыванне. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
5 лістапада па ўсім свеце праводзілася кампанія «Станем за журналістыку». З 2007 года акцыю арганізуе Міжнародная федэрацыя журналістаў з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да галоўных пагроз, з якімі сутыкаюцца работнікі сродкаў масавай інфармацыі. Як адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў, сёлета галоўнай пагрозай у краіне стала распачынанне крымінальных спраў у дачыненні да вядомых журналістаў і рэдактараў недзяржаўных медыя — «справа БелТА».
Паводле БелаПАН