Паўлюку Быкоўскаму прад'яўлена абвінавачванне па «справе БЕЛТА»
Карэспандэнту Deutsche Welle Паўлюку Быкоўскаму Следчы камітэт прад'явіў абвінавачванне па «справе БЕЛТА». Спадар Быкоўскі мусіць сплаціць кампенсацыю за страты, нанесеныя БЕЛТА.
![Паўлюк Быкоўскі, фота з сайта baj.by Паўлюк Быкоўскі, фота з сайта baj.by](/img/v1/images/bykowski_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паўлюк Быкоўскі, фота з сайта baj.by
Матэрыяльныя страты БЕЛТА, па меркаванні следчых, крыху перавысілі 4 000 рублёў.
Паўлюк Быкоўскі кажа, што прызнае сваю віну і мае намер сплаціць гэтыя грошы.
«Я адразу абіраў такі варыянт паводзінаў, гэта — мая тактыка. Натуральна, я нікога не схіляю да такіх рашэнняў», — патлумачыў вядомы журналіст і медыяэксперт.
Вядома, што ўжо абвінавачванні прад'явілі шасці асобам з рэдакцыі TUT.BY. Таксама абвінавачванні прад'яўленыя галоўнаму рэдактару БелаПАН Ірыне Леўшынай, журналістцы БелаПАН Таццяне Каравянковай.
Фігуранты «справы БЕЛТА» знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе з краіны.
7—9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала TUT.BY і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Былі затрыманыя Ірына Леўшына, Таццяна Каравянкова, галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, а таксама рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску пра неразгалошванне.
baj.by