Таццяне Каравянковай выстаўлена абвінавачванне па «справе БЕЛТА»

Журналістка інфармагенцтва БелаПАН Таццяна Каравянкова мусіць аплаціць шкоду, якую яна, па меркаванні Следчага камітэта, нанесла БЕЛТА.

Таццяна Каравянкова. Фота: "Радыё Свабода"

Таццяна Каравянкова. Фота: "Радыё Свабода"

Пасля допыту і прад'яўлення абвінавачвання Таццяна Каравянкова распавяла, што яна мусіць сплаціць шкоду ў памеры "не больш за пяць тысяч рублёў". Дакладную суму журналістка пакуль адмовілася называць.
Мы самі не разумеем, навошта гэта (маецца на ўвазе "справа БЕЛТА" — Рэд.). Але відавочна, што гэта — найперш ціск на Tut.by, якому больш за ўсё дасталася. У гэты раз быў допыт такі ж, як і раней. Нічога асаблівага.
Адзінае, пакуль я там знаходзілася, супрацоўнікаў Следчага камітэта павіншавалі з надыходзячым святам па гучнай сувязі і абвесцілі, што сёння скарочаны працоўны дзень. І я, атрымліваецца, затрымала сёння следчага на працы, — распавяла Таццяна Каравянкова.
Нагадаем, што Каравянкова і іншыя фігуранты "справы БЕЛТА" знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе з краіны. З гэтай нагоды Таццяна Каравянкова, якая асвятлае ў БелаПАН міжнародную палітыку, была вымушаная адмовіцца ад некалькіх важных камандзіровак, за яе паехалі калегі.
Яна сказала, што не адмаўляе таго, што чытала сайт БЕЛТА. Цяпер журналісты БелаПАН прынцыпова не карыстаюцца матэрыяламі з сайта афіцыйнага інфармагенцтва.
Паводле слоў Таццяны, следчыя ў СК ведаюць пра акцыю салідарнасці "Станем за журналістыку". Яна ж ім параіла зайсці на сайт ГА "БАЖ" ды прачытаць падрабязней, у чым сутнасць гэтай акцыі.
Паводле baj.by