«Ганьба – ісці і даказваць». Медыкі па ўсёй краіне не атрымалі даплаты за каронавірус
Далёка не ўсе медыкі, якія працуюць ва ўмовах эпідэміі каронавіруса, пабачылі ў разліковых лістках за красавік даплаты, абяцаныя Лукашэнкам. У рэдакцыю belsat.eu з просьбаю разабрацца звярнуліся фельчары, тэрапеўты, эпідэміёлагі з розных рэгіёнаў. У некаторых заробак не толькі не павялічыўся, а нават паменшыўся. Мы паспрабавалі разабрацца, куды падзеліся надбаўкі і ці варта іх чакаць у будучыні.
З пачатку траўня медычныя работнікі па ўсёй Беларусі пачалі атрымліваць выплаты з прэміяй, замацаванай указам кіраўніка краіны № 131 «Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя». Згодна з дакументам, бонус прызначаецца ўсім, хто працуе з каронавіруснай інфекцыяй – ад кіроўцаў, санітарак і ліфцёраў да вузкіх спецыялістаў. Надбаўкі вызначае кіраўнік установы з удзелам камісіі, якую складаюць кіраўнікі структурных падраздзяленняў.
Сума штомесячнай узнагароды – 300–4000 рублёў – залежыць, паводле тлумачэння ўказу Міністэрствам аховы здароўя, ад «узроўню небяспекі, ступені нагрузкі і адказнасці». На практыцы гэта азначае, што медыкі, якія працуюць у «брудных зонах» з інфікаванымі ўвесь час, атрымліваюць прэзідэнцкую даплату ў вызначаным памеры за месяц працы. А што рабіць адмыслоўцам, чые ўстановы не былі перапрафіляваныя выключна пад каронавірусных пацыентаў?
«А нуль рублёў не хочаце?»
Раман (імя змененае па просьбе суразмоўцы) працуе фельчарам хуткай дапамогі ў адным з абласных цэнтраў. Перавозіў заражаных каронавірусам яшчэ ў сакавіку, калі ў Беларусі эпідэмія толькі пачыналася. За працу з інфікаванымі ён не атрымаў ні рубля. Усё праз тое, што брыгады перавозяць «магчыма інфікаваных» і людзей з «пацверджаным дыягназам».
«Пацверджаныя» – тыя, чые тэсты або аналізы паказалі наяўнасць віруса. У гэтых выпадках санстанцыя ці паліклініка выклікаюць брыгаду для перавозу інфікаванага ў шпіталь або ў самаізаляцыю. Працаўнікі станцыяў хуткай медычнай дапамогі дыягназаў не ставяць, а тэсты не заўсёды даюць станоўчы вынік, таму шмат хворых з COVID-19 не рэгіструюцца. Да таго ж, адказныя за ахову здароўя чыноўнікі не агучваюць звестак пра заражаных у рэгіёнах.
Штодзённы прырост інфікаваных на амаль 1000 чалавек сведчыць, што з COVID-19 маюць дачыненне тысячы працаўнікоў аховы здароўя па ўсёй краіне. Раман упэўнены, што розніцы паміж дактарамі, фельчарамі, санітарамі ды кіроўцамі няма і даплата належыць кожнаму:
«Мы ўсе дыхаем аднолькава заражаным паветрам. Носім на сабе хворых, завозім у рэанімацыю. Гэта несправядліва, бо медыкі хуткай, тэрапеўты ў паліклініках – першыя, хто рызыкуе штодня і кожную працоўную змену. Забіраем чалавека і не ведаем, з каронавірусам ён ці не. На выклікі з непацверджаным каронавірусам нам не выдаюць супрацьчумных касцюмаў. Рызыка заразіцца большая. Цяпер абсалютна ўсе працуюць ва ўмовах цяжкай эпідэмічнай сітуацыі».
У рэдакцыю belsat.eu трапілі разліковыя лісткі медычнага персаналу больніцаў і паліклінік з розных гарадоў ды вобласцяў, і яны істотна адрозніваюцца.
Найменшыя даплаты атрымалі ці не атрымалі наагул работнікі раённых паліклінік. У Баранавічах медыкам хуткай выдалі бонус ад Лукашэнкі, а ў Маларыце, Салігорску, Берасці, Горадні дадатковыя грошы атрымалі адзінкі.
Суразмоўцы «Белсату» абураюцца, што кіраўніцтва патрабуе ад іх «афіцыйнага пацверджання кантакту з ковіднымі пацыентамі», і дадаюць, што гэта ганьба і сорам для чыноўнікаў ды іхнага кіраўніцтва:
«Дакладных звестках пра колькасці хворых і ахвяраў каронавіруса няма. Як нам даказаць, што мы маем кантакты не са звычайнаю пнеўманіяй? Яны вылічваюць гадзіны і хвіліны. Сорам. У дзяржаўным тэлебачанні гучаць напышлівыя словы, што кожны месяц медыкі ў шпіталях, паліклініках, службах хуткай дапамогі, лабараторыях атрымліваюць акрамя заробку надбаўкі 300–4000 рублёў. Гэта хлусня!»
Не паболела, а паменела
Валерыя (імя змененае па просьбе суразмоўцы) працуе загадчыцай аддзялення прафілактыкі адной з паліклінік Горадні. Доктарцы зменшылі адсотак за «інтэнсіўнасць працы», праз што яна страціла 130 рублёў. Паводле дзяўчыны, адміністрацыя абгрунтоўвае гэта тым, што медычныя агляды былі часова спыненыя і не было належнай нагрузкі. Валерыя працуе на паўстаўкі ўчастковым тэрапеўтам. Даплатаў яна не пабачыла:
«У мяне быў кантакт з ковіднаю пацыенткай. Адміністрацыя вызначыла мяне ў кантакты другога ўзроўню. Пазней даведалася яшчэ пра двух пацверджаных ковіднікаў, з якімі кантактавала. Але ніхто нічога не заплаціў. Ні за месяц, ні за канкрэтныя дні. Пра самаізаляцыю маўчу: працуем у штатным рэжыме».
Працаўніца аднаго з эпідэміялагічных цэнтраў Аксана (імя змененае па просьбе суразмоўцы) з калегамі не атрымала прэміі:
«Нам сказалі палічыць перапрацоўкі, бо мы цяпер працуем нон-стоп. Нічога пра даплаты за працу з COVID-19 не сказалі, у разліковым лісце няма нават згадкі аб працы з каронавірусам. Урэзалі таксама значную частку надбавак. Абяцалі даплаціць і ў сакавіку, і паводле новага ўказу ў красавіку. Па выніку – нуль за працу з раніцы да ночы ды ў выходныя».
«Незадаволеных няма»
Мы запыталі галоўных дактароў розных медычных установаў пра скаргі падначаленых у сувязі з нявыплатаю абяцанай прэміі.
Кіраўнік Гарадзенскай абласной станцыі хуткай медычнай дапамогі Аляксандр Байгін зняпраўджвае інфармацыю, што не заплаціў працаўнікам. Паводле яго, асноўная маса выклікаў не каронавірусныя, таму ёсць незадаволеныя. І заверыў, што прэмія дойдзе да кожнага, хто яе заслужыў:
«Што маглі – заплацілі ўсім. Гэта датычыць тых, хто перавозіў пацверджаны COVID-19. Цяпер збіраем інфармацыю ад установаў, ці былі пацыенты з непацверджаным дыягназам, якія аказаліся інфікаванымі. Хтосьці раздувае на пустым месцы. Усе нашыя ведаюць, што ім заплацяць. Будзе міжразліковая выплата яшчэ цяпер, а можа, у наступным заробку ў чэрвені».
Галоўная бухгалтарка Гарадской паліклінікі № 5 Горадні Галіна Церашко распавяла, што выплаты маюць прыйсці на гэтым тыдні:
«Мы ўвогуле пакуль нікому нічога не плацілі. Падаем ведамасці ў камісію. Як толькі ўхваляць, мы заплацім. Нашыя працаўнікі цярплівыя, яны ведаюць, што атрымаюць, і чакаюць. Яны самі збіраюць пацверджанні працы з ковіднікамі. Бо гэта ўсё ж грошы. Выплацім, а праз два гады прыйдзе праверка з дзяржкантролю, пракуратура. Самі разумееце, якая сітуацыя».
Паводле галоўнага доктара Берасцейскага шпіталю хуткай дапамогі Вадзіма Галаўко, магчыма, сродкі на даплаты яшчэ не вылучылі з бюджэту:
«Наша больніца – «чыстая зона». Пакуль у нас не было даплатаў. Некаторыя медыкі працуюць кругласутачна ў супрацьчумных касцюмах, яны атрымаюць выплаты. Цяпер збіраюцца звесткі. Сістэма новая, а ўсё новае патрабуе часу. Пераплаціш камусьці, пасля са сваёй кішэні будзеш аддаваць».
Старшыня гарадзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюзу работнікаў аховы здароўя Уладзіслаў Галяк сказаў, што да яго са скаргамі ніхто не звяртаўся.
«Не можа быць, што не даплачваюць. Трэба разбірацца з кожным канкрэтным выпадкам. Нам ніхто не скардзіўся, што не даплацілі. Мы ўсё хутка адсочваем. Калі хтосьці хоча звярнуцца – няхай да нас звяртаецца, разбяромся», – пракаментаваў ён.
Галоўныя дактары Жодзінскага раённага шпіталю, Менскага гарадскога клінічнага шпіталю № 5, Столінскага раённага шпіталю ад каментароў адмовіліся.