Што ў Беларусі не так са статыстыкай па тэстах на COVID-19

 Колькасць праведзеных тэстаў павялічваецца і памяншаецца, а новых выпадкаў каронавіруснай інфекцыі ўсё роўна рэгіструецца па 900+ за дзень. «Еўрарадыё» публічна звяртаецца да Міністэрства аховы здароўя з патрабаваннем даць адказы на пытанні па правядзенні тэставання на каронавірус.

Апрацоўка аналіза на COVID-19 / ТАСС

Апрацоўка аналіза на COVID-19 / ТАСС

Калі верыць Міністэрству аховы здароўя, за два выхадныя дні — 16 і 17 траўня — у лабараторыях Беларусі апрацавана нашмат больш тэстаў на COVID-19, чым за два папярэднія будныя дні. Глядзіце на дыяграму. Тут адзначаны выхадныя дні, а пункцірнай лініяй — колькасць зробленых тэстаў. З пачатку красавіка, калі Мінздароўя пачало даваць статыстыку рэгулярна, да першых выхадных траўня ўключна за суботу і нядзелю робіцца менш ці прыблізна столькі ж тэстаў, як у будныя дні.

testssdvig18tra.png


Потым — 4 траўня — правал у статыстыцы Мінздароўя: паводле іх звестак, тэсты ў гэты дзень не праводзіліся. Гэта пакуль што ніяк не растлумачана: чыноўнікі не праводзяць прэс-брыфінгаў з 24 красавіка.
Колькасць тэстаў, пра правядзенне якіх за адны суткі рапартуе міністэрства, з 7 траўня не будзе апускацца ніжэй за 10 тысяч. Потым яшчэ адны выхадныя, калі тэстаў робіцца не больш, чым у будні. З 10 да 12 траўня Мінздароўя ў сваіх прэс-рэлізах паведамляе, што ў Беларусі апрацоўкай аналізаў на COVID-19 займаюцца 38 лабараторый. А 16 траўня — рэкордны ўзлёт: за два выхадныя дні робіцца 29262 тэсты!
Таксама звяртаюць на сябе ўвагу дзіўныя прыступкі на графіку. Да канца красавіка колькасць зробленых тэстаў расце і падае цыклічна: у будныя дні — рост, на выхадных — падзенне. Першы раз такі малюнак — прыступка, за якой ідзе рэзкі рост, — сустракаецца на прамежку з 28 да 30 красавіка. А з 10 да 16 траўня мы бачым адразу тры такія прыступкі!

covid_19sdvig.png


Колькасць зробленых тэстаў на COVID-19 — гэта важны паказчык. Чым больш апрацоўваецца аналізаў — тым больш выпадкаў каранавіруснай інфекцыі выяўляецца ў краіне. У Беларусі гэты факт выкарыстоўваецца (праўда, некарэктна) для прапагандысцкіх мэтаў.
Статыстыка па тэстах дапамагае беларускім уладам захоўваць твар і тлумачыць рост колькасці інфікаваных COVID-19 паляпшэннем дыягностыкі, а не недастатковымі захадамі па барацьбе з інфекцыяй.
Рост колькасці станоўчых вынікаў звязаны з агульным павелічэннем колькасці тэстаў, якія мы робім, — 10 красавіка гаварыла намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан.
Чым больш мы тэстуем людзей — тым больш атрымліваем з вірусам кавід, — 3 траўня тлумачыць чыноўнікам Аляксандр Лукашэнка.
Аднак у апошні час правіла "больш тэстаў — больш віруса, менш тэстаў — менш віруса" ў Беларусі не працуе. Паглядзіце: колькасць праведзеных тэстаў павялічваецца і памяншаецца, а новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі ўсё роўна рэгіструецца па 900+ за дзень:

temprostavssdelannyetesty_14.png


Пры гэтым у сацсетках пастаянна сустракаюцца скаргі на тое, што з моманту, калі ў пацыента бярэцца аналіз на каронавірус, да атрымання выніку праходзіць некалькі дзён. А ў тэлеграм-канале NEXTA апублікаваны дакумент, з якога вынікае, што магутнасці беларускіх лабараторый не перавышаюць 9 тысяч тэстаў у суткі.

nextadocs.jpg

t.me/nexta_tv

У сувязі з гэтым публічна звяртаемся да Мінздароўя Беларусі і просім адказаў на наступныя пытанні:

1. У чым прычына "ступеньчатага" росту колькасці зробленых тэстаў на COVID-19?
2. Чым тлумачацца сур'ёзныя перапады ў колькасці апрацаваных аналізаў? Напрыклад, 18 мая зроблена 10 757 тэстаў — быццам бы вельмі шмат, але аж на 30% менш, чым 16-га (15 458)!
3. Які цяпер сярэдні перыяд чакання вынікаў аналізу на каронавірус?
4. Колькі тэстаў на каронавірусную інфекцыю за суткі могуць апрацаваць беларускія лабараторыі?
5. Чаму так "скача" працэнт новых выпадкаў каронавіруснай інфекцыі, якія паказваюць тэсты? За апошнія тры дні — ад 6,27% да 8,7%.
Спадзяемся, чыноўнікі не праігнаруюць іх і патлумачаць, што да чаго.
euroradio.fm