Гарачыя напоі прызналі канцэрагеннымі

Кава больш не разглядаецца як «патэнцыйна канцэрагенны» напой, пры гэтым вельмі гарачыя напоі, напрыклад, гарбата ці кава, верагодна ўсё ж здольныя выклікаць рак. Да такіх высноў прыйшло Міжнароднае агенцтва па вывучэнні рака пры Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), вывучыўшы больш чым 1000 даследаванняў аб магчымых канцэрагенных уласцівасцях кавы, папулярнай у Паўднёвай Амерыцы танізавальнага напою матэ і гарачых напояў.

kava.jpg


Па словах дырэктара агенцтва Крыстафера Уайльда, менавіта тэмпература напояў, а не іх склад, з'яўляецца верагоднай прычынай рака стрававода. Асаблівую небяспеку ўяўляюць вадкасці з тэмпературай вышэй 65 градусаў Цэльсія. Даследаванні праводзіліся ў Кітаі, Іране, Турцыі, а таксама дзяржавах Паўднёвай Амерыкі, дзе існуе традыцыя спажывання вельмі гарачых (каля 70 градусаў Цэльсія) напояў.
Такім чынам, з кавы «знялі абвінавачванне» ў канцэрагенасці, якая замацавалася за ёй у 1991 годзе дзякуючы класіфікацыі СААЗ. Зараз «верагоднымі канцэрагенамі для чалавека» называюць гарачыя напоі з тэмпературай вышэй 65 градусаў Цэльсія.
Асноўныя вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе The Lancet Oncology, поўныя вынікі з'явяцца ў 116 томе манаграфіі Міжнароднага агенцтва па вывучэнні рака (International Agency for Research on Cancer, IARC).