Гаротная краіна. Беларусі не знайшлося месца ў сусветным індэксе шчасця

Штогод ААН публікуе Сусветны даклад пра шчасце. На думку яго стваральнікаў, у чарговы раз самай шчаслівай краінай была прызнаная Фінляндыя.

Фота з сайта plachu.net

Фота з сайта plachu.net


У дзясятку лідараў увайшло яшчэ сем еўрапейскіх краін: Данія, Ісландыя, Нідэрланды, Швецыя, Нарвегія, Швейцарыя, Люксембург. Акрамя гэтых еўрапейскіх краін, да найбольш шчаслівых аднеслі Ізраіль і Новую Зеландыю.

У справаздачы 2023 года, на жаль, не знайшлося месца для Беларусі, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы». Кажуць, таму, што няма неабходных для гэтага даных. Рэйтынг мінулага года ўключаў нашу краіну, і тады яна займала 65 пазіцыю з 146 краін, якія ўвайшлі ў даследаванне. Аднак адносна высокае месца ў леташнім рэйтынгу было вынікам таго, што грунтавалася яно на даных 2019 года.

А што з нашымі найбліжэйшымі суседзямі? Найбольш шчаслівай з'яўляецца Літва (20 пазіцыя ў рэйтынгу 2023 года). Польшча заняла 39 месца і аказалася недалёка ад Латвіі (41 пазіцыя). Наш партнёр па еўразійскай інтэграцыі Казахстан (на 44 месцы) істотна абышоў Расію (стаіць на 70 месцы).

Найменш шчаслівымі былі прызнаныя Зімбабвэ (з якім кіраўніцтва нашай краіны плануе будаваць доўгія і плённыя адносіны), Сьера-Леонэ і Ліван.


Сусветны даклад пра шчасце

Сусветны даклад пра шчасце (англ. World Happiness Report) — штогадовы даклад, які публікуецца падраздзяленнем ААН па пошуку рашэнняў стабільнага развіцця.

У ліпені 2011 года Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая заклікае краіны-члены ААН ацэньваць шчасце свайго народа і выкарыстоўваць яго як арыенцір у палітыцы дзяржавы. Услед за гэтым, 2 красавіка 2012 года, прайшло першае пасяджэнне высокага ўзроўню ААН «Шчасце і дабрабыт: вызначэнне новай эканамічнай парадыгмы» пад старшынствам прэм'ер-міністра Джыгме Тынлей з Бутана, першай і пакуль адзінай у свеце краіны, якая афіцыйна прыняла валавое нацыянальнае шчасце замест валавога ўнутранага прадукту ў якасці асноўнага паказчыка развіцця.

Першы Сусветны даклад пра шчасце быў апублікаваны 1 красавіка 2012 года як асноватворны тэкст для сустрэчы. Гэта прыцягнула міжнародную ўвагу як першае глабальнае даследаванне шчасця ў свеце. У дакладзе былі выкладзены прынцыпы сусветнага шчасця, прычыны шчасця і галечы, а таксама наступствы, якія былі асветлены ў тэматычных даследаваннях.

У верасні 2013 года ў другім сусветным дакладзе пра шчасце прапаноўваўся першы міжнародны агляд, і з гэтага моманту даклад публікуецца кожны год. У дакладзе выкарыстоўваюцца даныя апытанняў інстытута Гэлапа. Даклады даступныя для прагляду на сайце World Happiness Report.

Для ацэнкі нацыянальнага шчасця выкарыстоўваюцца 6 фактараў: ВУП на душу насельніцтва, сацыяльная падтрымка, чаканая працягласць жыцця, свабода грамадзян самастойна прымаць жыццёва важныя рашэнні, шчодрасць і стаўленне да карупцыі. Кожны фактар ацэньваецца па 10-бальнай шкале.

Кожная краіна таксама параўноўваецца з гіпатэтычнай краінай пад назвай «антыўтопія». Антыўтопія ўяўляе самыя нізкія нацыянальныя сярэднія значэнні для кожнай ключавой пераменнай і выкарыстоўваецца ў якасці эталона рэгрэсу.