«Год малой Радзімы» для вёскі Аксаміты — год найвялікшага запусцення

Працяг «кінасерыялу» пра вялікую бітву за звычайнае абкошванне беларускай вёскі.

img_0958_logo.jpg


Кароткі змест папярэдніх серый
Філіял «Грозава» ВУП «ПрыёртрансАгра» вырашыў пасадзіць кукурузу. Дзеля гэтага была заараная зручная для сяльчанаў вёскі Аксаміты дарога, пашкоджаныя падвор’і вяскоўцаў. Жыхары вёскі доўга перапісваліся з кіраўніцтвам прадпрыемства, але кукуруза засталася на месцы. Аж да таго, што ў мінулым годзе яе проста… не ўбралі.

Урэшце гнілую кукурузу скасілі напачатку гэтага году. На яе месцы пасеялі канюшыну, але не даглядалі, і яна зарасла лебядой. Мясцовыя жыхары звярнуліся з просьбай абкасіць участак. На месцы былой кукурузы пасеяную канюшыну перамагае лебяда, з пустуючых і няскошаных участкаў у агароды ляціць асот. Высачэзная трава вырасла ў рост чалавека і ўшчэнт высахла.

img_0960_logo.jpg


8-я серыя. Змаганне жыхароў за рэгулярнае абкошванне вёскі скончылася правалам. Няскошаны асот выспеў, забруджвае агароды і іншыя сельскагаспадарчыя землі. Вяскоўцы спрабуюць напомніць зацікаўленым асобам пра Зямельны Кодэкс і Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.

img_0982_logo.jpg


Сярэдзіна ліпеня 2018 года. Жыхары вёскі Аксаміты Капыльскага раёна ўсё яшчэ чакаюць ад Грозаўскага сельвыканкама выканання абяцання аб абкошванні вёскі. Ледзьве не кожны дзень тэлефануюць старшыні Жане Скрыган. У сувязі з дажджамі ў другой палове ліпеня сяляне крыху менш турбуюцца, што высахлая трава загарыцца.

img_0977_logo.jpg


Пад дабратворным уздзеяннем вільгаці цэнтр вуліцы каля нічыйных дамоў хутка аброс маладымі клёнікамі і крапівой. На былым кукурузным полі каля дамоў №1, №2 і №4, дзе пасаджана канюшына, вырас цудоўны ўраджай лебяды. На ўрадлівых аксаміцкіх землях лебяда ў гэтым годзе ўдалася добра: месцамі перавышала рост чалавека. Крайняя хатка цёткі Ларысы Спіцынай праз лебяду не праглядалася. Удаўся і ўраджай асоту — на ўсіх сотках, дзе адсутнічаюць гаспадары. Крыху меншы ростам, але таксама дружна свеціцца сваімі белымі парасонамі асот і на масівах, прылеглых да дарогі Грозаў — Аксаміты.

img_0957_1_logo.jpg


Пачатак жніўня 2018 года. Жыхары вёскі тэлефануюць карэспандэнту НЧ і распавядаюць, што механізатары жнуць лебяду, але не хочуць касіць масівы высахлай травы і белыя шапкі асоту. Такога задання яны не атрымалі ад кіраўніцтва філіяла УП «Лакнея» «Прыёрбанклізінг — Агра». У адказ на тэлефонныя званкі жыхароў старшыня сельвыканкама працягвае паўтараць адно магічнае слова: «Чакайце».

img_0976_logo.jpg


7 жніўня карэспандэнт НЧ робіць запіс ў Кнізе заўваг і прапаноў як сельскагаспадарчага прадпрыемства, так і Грозаўскага сельвыканкама. Прапануе выканаць патрабаванні Зямельнага Кодэксу аб своечасовым скошванні пустазелля на ўчастках, якія належаць дзяржаве і прадпрыемству. Нагадвае і аб адміністрацыйнай адказнасці за засмечванне навакольнага асяроддзя асотам, знаёміць з папярэднім артыкулам па праблеме і робіць рэкламу будучага артыкула ў «НЧ». Старшыня сельвыканкама Жана Скрыган моўчкі прымае інфармацыю. Гэтым разам нічога не абяцае.

img_0961_logo.jpg


У сельскагаспадарчым прадпрыемстве кіраўнік філіяла Алег Шахновіч зноў абяцае скасіць высахлую траву на сваім масіве каля платоў. Пра праблемныя безгаспадарчыя соткі з асотам размова не вядзецца, паколькі сельвыканкам ужо больш за 10 гадоў перадае (і не перадаў да гэтага часу) зямлю сельскагаспадарчаму прадпрыемству. Замкнёнае кола: па якім людзі круцяцца тут дзесяцігоддзямі.

img_0975_1_logo.jpg


Ці будзе ў гэтай шматгадовай гісторыі шчаслівы вынік і чаму абвешчаны Год малой Радзімы стаў годам яшчэ большага запусцення маленькай вёскі? Чаму былая цялятніца з 45-гадовым стажам Антаніна Лазоўская, цяжка адпрацаваўшы на фермах, у свае 82 гады павінна сярпом зразаць парасоны асоту на дзяржаўнай зямлі па-за межамі свайго агарода? Хто і якім чынам можа прымусіць Грозаўскі сельскі выканкам выканаць заканадаўства аб зямлі? Ці трэба выдаткоўваць грошы на ўтрыманне сельвыканкамаў, калі яны нічога не вырашаюць? Чаму ніхто не зважае на дзяржаўны Зямельны Кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, указы кіраўніка дзяржавы і міністэрскія пастановы? Чаму Капыльскі райвыканкам не кантралюе сітуацыю ў раёне і дазваляе ператвараць урадлівыя землі ў непраходныя джунглі?

img_0978_1_logo.jpg


Ці будзе ўрэшце «хэпі-энд» у гэтага серыяла? Ці ён будзе доўжыцца бясконца як сведчанне безгаспадарчасці ў сельскай мясцовасці і адсутнасці сур’ёзнай сістэмнай працы ўлад па навядзенню парадку на зямлі?Пакуль адказу на гэтыя пытанні няма, працяг публікацый будзе. А пытанні будуць адрасаваны таксама і Мінскаму аблвыканкаму.

img_0981_logo.jpg