Вясковае гета

Звычайныя жыццёвыя клопаты ператвараюцца тут у невырашальныя праблемы. Не кожны раз з-за ямін на дарогах даязджае аўтакрама. Маршрутныя таксоўкі таксама абмінаюць гэты «мядзвежы вугал». Паліклініка і пошта недасягальны для мясцовых жыхароў. Нават указальнік з назвай вёскі — і той адсутнічае.

img_0991_logo.jpg


Вёска Яўсеевічы знаходзіцца ў 4-х кіламетрах ад вёскі Аксаміты Грозаўскага сельскага савета, пра якую НЧ пісаў не аднойчы. Гэта яшчэ большая глубінка, нягледзячы на адносную блізкасць да райцэнтра. У адрозненне ад Аксаміта, тут нават у зімовы час пражываюць каля 60 чалавек. У летні час насельніцтва павялічваецца ў два разы.
Набор сацыяльных стандартаў нічым не адрозніваецца ад іншых «неперспектыўных вёсак»: парэпаны старадаўні асфальт да вёскі, вялізныя яміны ў самой вёсцы, галоўная вуліца з абодвух бакоў абрасла непраходнымі джунглямі. У савецкія часы гэта быў астравок вясковай цывілізацыі з базавай 8-гадовай школай, клубам і аўтобусным злучэннем з Мінскам. Былі і іншыя бонусы: лес, ягады, грыбы, вадаёмы, дарогі да якіх цяпер штогод перакопваюцца.
Ад жыхароў вёскі можна пачуць толькі скаргі.

img_0832_1_logo.jpg

Каб патрапіць у цывілізацыю, трэба амаль гадзіну ісці пешшу да бліжэйшага аўтобуснага прыпынку, — гаворыць Надзея Галавенка. — Паштальён і аўталаўка — гэта ўсё, што маем. Бліжэйшая аптэка знаходзіцца ў 7 кіламетрах. Увогуле, звычайныя жыццёвыя клопаты ператвараюцца тут у невырашальныя праблемы. Нават крама на колах (аўталаўка) даязджае да нас не кожны раз з-за ямін на дарозе. Маршрутныя таксоўкі, якія ходзяць з Капыля на Мінск, таксама абмінаюць гэты “мядзвежы вугал”. Недасягальнымі для нас з’яўляюцца паліклініка і пошта. Нават указальнік з назвай вёскі — і той адсутнічае.
Выклікалі нядаўна «хуткую дапамогу» адной бабулі з Капыля. Дарэчы, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, — распавядае Ларыса Крот. — Дык «хуткая дапамога» не хацела ехаць. «Ой, у вас там такая дарога, машына трасецца, падвескі толькі ляцяць». А яшчэ гавораць пра клопат пра ветэранаў, якіх ужо мала засталося.

Па словах Ларысы Крот, сельскагаспадарчае прадпрыемства перакапала ўсе дарогі, якія вядуць у лес і на рыбалку.

img_0989_1_logo.jpg

Зрабілі з вёскі нейкае гета, — працягвае Ларыса. — Да Грозаўскага сельвыканкама цяпер трэба ехаць 16 кіламетраў. Немагчыма туды патрапіць. А калі і патрапіш — апрача атрымання паперкі, ніякіх спраў не вырашыш, бо сельскія выканкамы не маюць ніякай улады.

Жанчына ўзрушана гаворыць, што яна разумее тых людзей, якія пачынаюць хапацца за ружжо, паколькі іх наўпрост даводзяць да безнадзейнага становішча.
Пра сваю адрэзанасць ад цывілізацыі вяскоўцы скардзіліся карэспандэнту НЧ яшчэ месяц таму. Мы параілі ім не здавацца і пазмагацца за рамонт дарогі, дапамаглі скласці чарнавік калектыўнага звароту.
Ці ёсць якія вынікі ад іхняй скаргі?

img_0990_1_logo.jpg

Вяскоўцы распавялі, што накіравалі калектыўны зварот у розныя інстанцыі.
Ужо назаўтра пасля вашага прыезду прыехалі дарожнікі і крыху залаталі дзіркі, — паведаміла Надзея Галавенка. — Толку з гэтых дзірак! Лепей бы гравія насыпалі. З Капыльскага райвыканкаму пакуль адказу няма, але прыязджалі тэлевізіёншчыкі з БТ-1, рабілі здымкі для праграмы, якую паказалі ў мінулую сераду.Таксама вёску наведалі і журналісты з СБ.
Паколькі нядаўна кіраўнік краіны гаварыў пра рамонт лакальных дарог, вяскоўцы спадзяюцца, што іхні калектыўны зварот патрапіў у тэму. Але ў рэанімацыю сваёй «дарогі жыцця» вераць слаба — занадта ўсё запушчана ва ўсіх беларускіх вёсках.

img_0827_logo.jpg

Маўклівы сведка вясковага запусцення — электрычны транфарматар. Месца вакол яго настолькі зарасло, што электрыкі могуць трапіць сюды толькі праз агарод.

img_0993_logo.jpg