Пры «ўладзе сілы» ніколі не дзейнічае сіла закона. Гістарычныя рэфлексіі пра беларускую ўладу

Калі перакласці з лацінскай слова «рэфлексія», то атрымаецца нешта кшталту «зварот назад», асэнсаванне папярэдняга вопыту. Гістарычная рэфлексія — асэнсаванне гістарычнага вопыту народа, неабходная частка ягонага паспяховага развіцця.

Спецназаўцы затрымліваюць Ніну Багінскую падчас Дня Волі ў Мінску 25 сакавіка 2017 года. Архіўнае фота Радыё Свабода 

Спецназаўцы затрымліваюць Ніну Багінскую падчас Дня Волі ў Мінску 25 сакавіка 2017 года. Архіўнае фота Радыё Свабода 

Еўрапейскія народы гістарычную рэфлексію ўключаюць у сваё сучаснае жыццё, на яе падставе фармуюць сваю будучыню. Яскравы прыклад паспяховасці такой працы — асэнсаванне нямецкім народам фашысцкага мінулага, ачышчэнне ад яго. Беларускі народ гістарычнай рэфлексіяй не займаецца, савецкае мінулае паспяхова існуе ў сучасным беларускім жыцці ў выглядзе помнікаў, назваў вуліц, святкавання юбілеяў асобаў і падзей. Больш за тое, робіцца ўсё неабходнае, каб савецкае мінулае стала неад’емнай часткай беларускай будучыні. Калі спаўзанне ў мінулае стала такім заўважным і масавым, я пачала думаць — чаму гэта адбываецца і прымаецца, падтрымліваецца беларусамі? Вынікі маіх развагаў — уласнай гістарычнай рэфлексіі — я прапаную ў серыі артыкулаў.


Феномен улады

У жыцці цывілізаванага чалавека (не толькі беларуса) улада займае першаснае месца. Яна — галоўны рухавік як калектыўнага (дзяржава, прадпрыемства, горад і іншыя формы), так і індывідуальнага жыцця. Не зразумеўшы, што ёсць улада, нельга палепшыць ні жыццё, ні саму ўладу. А без гэтага прагрэсу не дачакацца.

У выніку камуністычных філасофска-ідэалагічных распрацовак, іх укаранення ў грамадскую свядомасць у часы БССР, а таксама дзякуючы рэаліям беларускага савецкага жыцця, у сучасных беларускіх людзей выпрацавалася своеасаблівае стаўленне да ўлады: беларусы адначасова любяць уладу і ненавідзяць яе, паважаюць і зневажаюць, баяцца і прагнуць — «улада — наша ўсё». І гэта тычыцца не толькі дзяржаўнай улады. Беларусы адначасова хочуць мець моцнага лідара — і як мага больш абмежаваць магчымасці лідарскую моц праяўляць. Але найбольш папулярнай з’яўляецца думка — з уладай лепш не звязвацца. Назавем гэтую з’яву беларускім феноменам улады.

Феномен па вызначэнні — незвычайная з’ява, рэдкі факт, тое, што цяжка зразумець. Але паспрабуем прааналізаваць, што ёсць у нашым сучасным жыцці ўлада, з якімі яе формамі мы сутыкаемся найчасцей, як уладу (у любых яе формах і праявах) выкарыстаць на асабістую і грамадскую карысць.

diktatura.jpg

Асабісты і грамадскі ўзровень

У беларускім феномене ўлады можна вызначыць два ўзроўні — асабісты і грамадскі.

Асабісты ўзровень беларускага феномена ўлады заснаваны на «ўладзе сілы». Пад сілай людзі разумеюць усё, што можа паўплываць і змяніць іх жыццё. Па вызначэнні, гэта таксама і ўлада. Для беларуса «ўлада сілы» і «сіла ўлады» —паняцці амаль тоесныя. На асабістым узроўні звычайны беларус карыстаецца выказваннем: у каго ўлада — той заўсёды мае рацыю, у каго сіла — у таго і ўлада. Для чалавека, які жыве з вынікаў сваёй працы, галоўная ўлада — яго начальнік на працы. Ёсць яшчэ шэраг розных «уладаў» — у сям’і жонкі ці мужа, суседскага асяроддзя, грамадскай думкі, Царквы ў асобе святара і інш. І кожны з носьбітаў улады адначасова ўплывае на погляды асобы, яе дзеянні, фарміруе погляды на тое, што ёсць праўда. Пры гэтым звяртаецца больш увагі на негатыўныя асаблівасці сілы.

Другой адметнай рысай асабістага ўзроўню беларускага феномена ўлады з’яўляецца непраціўленне ўладзе. Любой, у любым яе выглядзе.

Асабістае чалавечае жыццё падпарадкаванае дзяржаўнай уладзе, залежыць ад яе. Людзі сучаснай еўрапейскай цывілізацыі лічаць неабходным удзельнічаць у фармаванні дзяржаўнай улады, ствараць яе на сваю карысць. Пры гэтым дзяржаўная ўлада — толькі добры дапаможнік чалавеку ў вырашэнні яго праблем. Беларус лічыць па-іншаму: асабістыя жыццёвыя мэты (у тым ліку дабрабыт, поспех, кар’ера) можна дасягнуць толькі праз уладу ці з дапамогай улады. Уласныя намаганні па дасягненні жыццёвых мэтаў другасныя і павінны быць выкарыстаныя, у першую чаргу, для пошуку найбольш эфектыўных для канкрэтнай асобы форм дапамогі ад улады.

Ёсць яшчэ адно вельмі распаўсюджанае і папулярнае меркаванне. «Дзяржаўная ўлада абавязаная мне дапамагаць у ажыццяўленні маіх жыццёвых мэтаў» — такое перакананне мае значная колькасць беларускіх людзей. На ўзроўні грамадства такія асабістыя ўспрыняцці трансфармуюцца ў простую формулу: без дапамогі (умяшання) дзяржавы нельга вырашыць ніякага пытання грамадскага развіцця, дзяржаўная ўлада абавязаная вырашаць пытанні на карысць грамадства — якасна і тэрмінова.

МІнск. 7 лістапада 2017 г. Фота Паўла Аксіновіча

МІнск. 7 лістапада 2017 г. Фота Паўла Аксіновіча


Ён адказны за ўсё

Ва ўяўленнях беларуса пра ўладу асобае месца належыць прэзідэнту. Калісьці папулярнай была дзіцячая песенька: «Папа может, папа может всё, что угодно». Адна частка беларусаў лічыць, што кіраўнік дзяржавы, як тата, можа вырашыць усе праблемы, ён любіць цябе, ён добры. Толькі трэба да яго звярнуцца, дагрукацца. Ён — сіла, здольная вырашыць усе пытанні. Другая частка, наадварот, лічыць яго чыннікам усіх хібаў беларускага жыцця. Гэта тое ж самае ўспрыняцце вобразу кіраўніка краіны, што і ў першай часткі, толькі са знакам «мінус». Апошнюю частку называюць апазіцыяй. Для амаль усіх беларускіх людзей дзяржаўная ўлада персаніфікаваная ў асобе прэзідэнта.

Трэба заўважыць, што пакуль пытанняў было няшмат і яны былі простыя, беларускія ўлады, з дапамогай кіраўніка дзяржавы ці без яе, іх вырашалі. Развіццё цывілізацыі ўскладніла пытанні, і ўлада перастала задавальняць людзей — як на асабістым узроўні, так і на ўзроўні грамадства. Незадаволенасць няздольнасцю ўлады вырашаць пытанні грамадскага і асабістага жыцця чалавека на ўзроўні магчымасцяў сучаснай цывілізацыі выклікала розныя да ўлады адносіны. З аднаго боку, людзі працягваюць любіць уладу і маюць надзею, што яна здольная выправіць становішча, з іншага — яны ўсё часцей страчваюць надзею на ўладу і пачынаюць яе ненавідзець. Але гэтая незадаволенасць пакуль рознанакіраваная, не мае абагульняючай ні сілы, ні ідэі.

Заўважу, што нянавісць падсілкоўваецца яшчэ і тым, што за доўгія гады беларуская ўлада адвучыла людзей ад самастойнасці, ад уласнай адказнасці за асабістае жыццё і жыццё сваіх родных. Людзі адвучыліся вырашаць свае пытанні самі, і калі пытанні не вырашаюцца, яны шукаюць ворагаў сярод тых, хто ўвасабляе ўладу. Раней ці пазней, нянавісць пераходзіць на кіраўнікоў дзяржаўнай улады.

Важным складнікам беларускага феномена ўлады на грамадскім узроўні з’яўляецца тое, што і па форме, і па сутнасці яна ёсць улада савецкая. З моманту свайго нараджэння і да сённяшніх дзён — хоць і з невялікімі зменамі і дадаткамі.

poster_1957h.jpg


Савецкая «ўлада сілы»

Савецкая сістэма кіравання ад пачатку была заснаваная на ўладзе сілы. «Улада сілы», па вызначэнні, — гэта калі ўлада дамагаецца падпарадкавання з дапамогай гвалту, жорстка і непасрэдна, без дадатковых дзеянняў у выглядзе доўгіх судовых працэсаў, расследаванняў і гэтак далей — ёй проста няма справы да жаданняў ці нежаданняў людзей. Крайняй формай выразу «ўлады сілы» з’яўляецца вядомае выказванне: «Няма чалавека — няма праблемы».

Савецкая «ўлада сілы» нават мела назву — «дыктатура пралетарыяту». Такая назва была выбраная невыпадкова. Слова «дыктатура» прадугледжвае бясспрэчнае выкананне загадаў, беспярэчнае падпарадкаванне. Але, каб вымусіць людзей свядома падпарадкоўвацца, да адмоўнага па сваім значэнне слова быў дададзены пазітыўны складнік — пралетарыят. Пралетарыят у свядомасці савецкіх людзей — гэта абавязкова працуючая на вытворчасці ці ў сельскай гаспадарцы частка насельніцтва, якая не валодала асабістай маёмасцю. Публічны вобраз савецкай «улады сілы», які спачатку пачалі ствараць заснавальнікі савецкай улады — гэта дыктатура тых, хто выконвае ўладныя паўнамоцтвы, выкарыстоўваючы іх дзеля памнажэння дабрабыту людзей, не ствараючы ўласнай маёмасці.

Савецкая «ўлада сілы» ўвасаблялася ў спецыяльных дзяржаўных структурах — так званых «сілавых органах» і «карных органах», іх падраздзяленнях на месцах. Галоўнымі з сілавых органаў з’яўляліся тыя, якія мелі права выкарыстоўваць аператыўна-пошукавую дзейнасць, у сучасным разуменні з’яўляліся спецслужбамі. Спецслужбы складалі падставы і рабілі абгрунтаванне для існавання «ўлады сілы» і яе дзеянняў. Да карных органаў належалі спачатку ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, потым «пралетарскія» суды, пракуратура, тыя ж спецслужбы, міліцыя, сістэма папраўча-працоўных лагераў.

Савецкая «ўлада сілы» мела формы фізічнага і псіхалагічнага ўздзеяння на асобу і людзей. Фізічнае ўздзеянне дапамагае зламіць асабістую і калектыўную волю, псіхалагічнае — зрабіць вынік фізічнага ўздзеяння прыязным і нават жаданым. Першапачатковай формай фізічнага ўздзеяння быў тэрор — для палітычных праціўнікаў гвалт аж да фізічнага знішчэння, забойства, для астатніх — гвалт з тактыкай запалохвання.

Пачынаючы з 1930-х гадоў савецкая ўлада становіцца персаніфікаванай. Калектыўнае кіраўніцтва адышло на другі план, «уладу сілы» сталі ўвасабляць лідары тых частак улады, якія адказвалі менавіта за псіхалагічнае ўздзеянне. Гэтыя часткі называліся — кіруючыя органы Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), лідарам якой з’яўляўся першы сакратар Цэнтральнага Камітэта КПБ. Кіруючая роля КПБ была замацаваная ў Канстытуцыі БССР, у апошнім яе варыянце яна называлася «ядром палітычнай сістэмы» краіны.

У 1930-я гады формы фізічнага і псіхічнага ўздзеяння былі супольныя, мелі форму рэпрэсій. З дапамогай рэпрэсій улада ізалявала і вынішчала тую частку насельніцтва, якая ў той ці іншай форме не жадала падпарадкоўвацца. Людзей расстрэльвалі не толькі за актыўны супраціў, але і за пасіўны — за так званыя антысавецкія ці контррэвалюцыйныя анекдоты, прыпеўкі і нават размовы.

vsja_vlast_sovetam.jpg


Сутнасць не змянілася

У сваім развіцці савецкая ўлада стала сукупнасцю розных форм улады, вызначаных навукоўцамі. Яна была ўладай і сілы, і прымусу, і падахвочвання, і пераканання, і маніпуляцыі, і аўтарытэта. У апошнім выпадку выкарыстоўваўся як аўтарытэт самой улады, яе папулярнасць, так і папулярнасць і аўтарытэт не далучаных да ўлады асоб ці з’яў. Кожная з гэтых формаў улады прадстаўленая ў савецкай уладзе на розных этапах развіцця СССР-БССР у розных ступенях інтэнсіўнасці. Але, нягледзячы на выкарыстанне розных форм, галоўным складнікам савецкай улады заўсёды была «ўлада сілы». Можна пазбавіцца слова «дыктатура», замяніць слова «пралетарыят» на слова «беларускі народ», але сутнасць улады ад гэтага не зменіцца.

Мэтай савецкай улады было выклікаць падпарадкаванне насельніцтва ідэям, абвешчаным кіраўнікамі Камуністычнай партыі. Дасягнуць гэтага дапамагала вызначэнне накіраванасці ідэй і форм іх увасаблення, якое, як абвяшчалася, павінна было найбольш поўна адлюстроўваць і задавальняць матэрыяльныя і духоўныя патрэбы тагачаснага чалавека і людзей. Разам з тым, ідэальным для савецкай «улады сілы» было дасягнуць свядомага падпарадкавання з боку ўсяго насельніцтва, і асабліва ўплывовых у грамадстве людзей. Дзеля гэтага да «ўлады сілы» далучаліся заахвочванне, маніпуляцыі, выкарыстанне аўтарытэту, павялічвалася выкарыстанне спосабаў і метадаў псіхалагічнага ўздзеяння.

Заўважу, што пры «ўладзе сілы» ніколі не дзейнічае сіла Закона. Пры савецкай уладзе Закон быў формай, якая дапамагала легітымізаваць дзеянні «ўлады сілы». Савецкія людзі для вырашэння сваіх праблем менш за ўсё звярталі ўвагу на суды і законы.

Сіла як форма ўлады выключае магчымыя альтэрнатывы ў стаўленні да канчатковага выніку ўздзеяння ўлады, крытычныя адносіны да яго. Тым самым яна абмяжоўвае агульны набор наяўных у людзей альтэрнатыў, не дае сфарміравацца моцным апазіцыйным плыням. Нягледзячы на гэта, каб лепей маніпуляваць грамадскай думкай, савецкая «ўлада сілы» мела патрэбу ў наяўнасці пастаянных «ворагаў», з якімі яна паспяхова змагалася. Калі ворагаў ужо не заставалася, карныя органы самі стваралі «контррэвалюцыйныя арганізацыі».

У савецкай сістэме «ўлады сілы» мела месца ўстойлівая барацьба паміж той часткай улады, якая выкарыстоўвала метады фізічнага ўздзеяння, і той, якая выкарыстоўвала метады псіхалагічнага ўздзеяння. Гэта была барацьба за магчымасць мець поўнае валадарства над краінай. На розных этапах развіцця БССР перамогу атрымлівалі як прыхільнікі непасрэдна фізічнага ўздзеяння («ворагаў трэба вынішчаць»), так і псіхалагічнага («сучаснае пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме»).

Савецкая сістэма «ўлады сілы» не можа існаваць без метадаў фізічнага ўздзеяння, у той ці іншай форме яны з’яўляюцца асновай развіцця сістэмы. Ужыванне фізічнай сілы наўпрост звязанае з існаваннем вобраза «ворага», з якім улада мусіць змагацца і якога павінна перамагаць. У пошуках ворагаў і перамозе над імі галоўную ролю заўсёды адыгрывалі спецслужбы. Роля спецслужбаў у савецкай мадэлі «ўлады сілы» цэнтральная — яны па вызначэнні адказныя за паспяховае развіццё краіны.

У спецслужбаў у мадэлі савецкай «улады сілы» ёсць і псіхалагічны складнік. Яны павінны трымаць насельніцтва ў пастаянным напружанні. Напружанне звязанае як з існаваннем ворагаў і іх дзейнасцю, так і з тым, што кожны, хто не падтрымлівае ўладу, можа стаць ворагам. Паколькі «падтрымка ўлады» — паняцце вельмі расплывістае, ворагам можа стаць кожны.

Мінск. 7 лістапада 2017 г. Фота Паўла Аксіновіча

Мінск. 7 лістапада 2017 г. Фота Паўла Аксіновіча


Другасны характар

Для разумення спецыфікі тагачаснай і сучаснай беларускай «улады сілы» вельмі важнай з’яўляецца яшчэ адна гістарычная акалічнасць. Беларуская «ўлада сілы» мела другасны характар, яна толькі транслявала рашэнні, прынятыя ў Маскве, даводзіла іх да ведама людзей. Яна была накіраваная толькі на выкананне, на забеспячэнне падпарадкавання, і была няздольная сама выбіраць накірункі развіцця, несці адказнасць за самастойны выбар. Тыя людзі з кіраўніцтва БССР, якія хацелі ствараць беларускія накірункі «ўлады сілы», ці забіраліся ў Маскву, дзе ім даручалася працаваць над праблемамі агульнасавецкага развіцця, ці проста фізічна вынішчаліся. Гэта стварала ў беларускім грамадстве ілюзію невінаватасці беларускіх органаў савецкай улады ва ўсіх хібах і злачынствах самой савецкай улады.

Савецкая мадэль «улады сілы» ў свой час была прыязна прынятая насельніцтвам, якому ўяўлялася прыкладнай формай і нормай кіравання. Папулярнасці гэтай мадэлі спрыяла і тое, што яна стала своеасаблівай непублічнай грамадскай дамовай паміж уладай і людзьмі. Іншымі словамі — беларускія савецкія людзі былі згодныя даць нейкай уладнай групе і яе лідару бязмежныя, і нават дыктатарскія паўнамоцтвы, але за гэтыя паўнамоцтвы ўладнай групе трэба было заплаціць адсутнасцю ўласнай маёмасці і пастаяннай працай на карысць саміх беларускіх людзей — так, як самі людзі гэтую карысць разумелі. Улада і людзі ў грамадскай свядомасці павінны былі быць роўныя, перш за ўсё, паводле матэрыяльнага становішча. Парушэнне гэтай дамовы напрыканцы 1980-х гадоў прывяло да крызісу савецкай улады, выйсцем з якога стаў распад СССР.

Савецкая ўлада брала на сябе адказнасць і за асабістае жыццё чалавека, нават у самых інтымных яго частках. Так, калі муж не быў верны сваёй жонцы (ці наадварот), гэтае пытанне магло быць абмеркаванае па месцы працы, яго маглі разглядаць на пасяджэнні партыйных органаў. Такую ўладу беларускія савецкія людзі лічылі народнай, і калі нават не надта любілі, прымалі без сур’ёзнага супраціву.

Пры фарміраванні сучаснай беларускай улады прыкладны вобраз савецкай «улады сілы» быў поўнасцю выкарыстаны і ўвасоблены ў новае беларускае жыццё. Спачатку гэты вобраз стаў асновай перадвыбарчых выступленняў першага кіраўніка Беларусі, далей — яго паводзінаў ужо як лідара краіны. Галасуючы на першых прэзідэнцкіх выбарах, беларускія людзі галасавалі за ўзнаўленне ў краіне савецкай «улады сілы».

Свае перадвыбарчыя абяцанкі ў гэтай галіне кіраўнік дзяржавы выканаў. Беларуская ўлада засталася савецкай. Змяніліся толькі назвы, дый тое не ўсе. Калектыўныя формы кіравання знайшлі месца ў двухпалатным парламенце ў выглядзе Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, які складаецца з Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Непасрэдныя дыктатарскія паўнамоцтвы, якія ў часы БССР меў першы сакратар ЦК КПБ, перададзеныя кіраўніку дзяржавы, ролю ЦК КПБ паспяхова выконвае Адміністрацыя прэзідэнта. Нават назва галоўнага рэпрэсіўнага органа не змянілася.

Дзень Волі 2017. Фота Улада Рубанава

Дзень Волі 2017. Фота Улада Рубанава


«Чысты» эксперымент

З моманту ўтварэння незалежнай Беларусі прайшло болей за 25 гадоў, нарадзілася новае пакаленне, якое пражыло сваё жыццё пад «уладай сілы». У фізіцы такая сітуацыя называецца «чысты» эксперымент. Што мы маем у выніку?

Зніжэнне нормаў маральнасці, стварэнне новай маральнасці — маральнасці «сілы». Першымі не вытрымалі слабыя — у Беларусі вырас і расце ўзровень самагубстваў.

Беларусь займае першае месца ў свеце па колькасці паліцэйскіх на душу насельніцтва — нават у Расіі менш. АМАП — папулярная ў маладых хлопцаў установа, дзе прэстыжна працаваць. Дзяўчаты прыхільна ставяцца да такіх хлопцаў, дзеці ганарацца такімі бацькамі.

Маладое пакаленне мае зусім іншы культурны ўзровень. Паэзія і літаратура пазбаўленыя рамантыкі, я б сказала, паэзія ўжо ператвараецца ў рэп. «За туманам» і «за запахам тайгі», як спявала моладзь 1970-х, нікому нават у галаву не прыйдзе ехаць. Серыялы і мастацкія фільмы — пра культ сілы. Для справядлівасці зазначу, што «Беларусьфільм» яшчэ неяк прытрымліваецца старых поглядаў, але гэта выклікае толькі насмешкі.

Людзі па-свойму бароняць сябе ад «улады сілы». Вырасла папулярнасць сілавых відаў спорту. Дачка майго брата мае нейкі пояс па каратэ. Нават у нашай вёсцы (цяпер аграгарадок) створаны клуб, які займацца ўмацаваннем фізічнага развіцця.

Вырашэнне любых канфліктаў адбываецца толькі з ужываннем сілы — на ўсіх узроўнях. «Улада сілы» забівае ў чалавеку любоў ва ўсіх яе праявах.

Калісьці, у савецкія часы, 20 гадоў адводзілася на пабудову камунізму — такога ладу жыцця, дзе ўсім будзе добра і хораша. Людзі, якія ў 1994 годзе галасавалі за вяртанне савецкай улады, мелі надзею на тое, што гэтае новае пакаленне будзе жыць хай не пры камунізме, але на ўзроўні магчымасцяў сучаснай цывілізацыі. Але, як і раней, да добрага ладу жыцця краіне далёка. Гісторыя засведчыла — савецкая «ўлада сілы» ў прынцыпе няздольная да мірнай стваральнай справы. Нешта атрымоўваецца толькі тады, калі ёсць змаганне з ворагамі — контррэвалюцыянерамі, апазіцыянерамі, карупцыянерамі і інш. І нават, цяпер ужо і з самой уладай.

Беларускі феномен улады, па-ранейшаму заснаваны на «ўладзе сілы», шукае новых ворагаў.