Кукурузная эпапея скончана. Трагікамедыя працягваецца
Тэмай працягу серыялу з’яўляюцца Год малой Радзімы, барацьба за залужванне і абкошванне на прыкладзе адной малой вёскі.
Кароткі змест папярэдніх серый. Філіял «Грозава» ВУП «ПрыёртрансАгра» вырашыў пасадзіць кукурузу. Дзеля гэтага была заараная зручная для сяльчанаў вёскі Аксаміты дарога, пашкоджаныя падвор’і вяскоўцаў. Жыхары вёскі доўга перапісваліся з кіраўніцтвам прадпрыемства, але кукуруза засталася на месцы. Аж да таго, што ў мінулым годзе яе проста… не ўбралі.
6-я серыя: «Барацьба за залужванне» пасля смерці кукурузы
Снежань – студзень 2018 года. Жыхары вёскі чакаюць пісьмовага адказу на прапанову аб залужванні нізіннага ўчастка, дзе яшчэ стаіць гнілая кукуруза. Спадзяюцца на заканадаўства аб пісьмовых зваротах грамадзян. Прапанова запісана ў Кнігу заўваг філіяла «Грозава» вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Прыёртрансагра» на беларускай мове. Чакаюць дарэмна, пісьмовага адказу няма ні на якай мове. Чорная кукуруза ўсё яшчэ не зкошаная. У пачатку студзеня 2018 года прыязджаюць адмысловыя журналісты, відэаролік з гнілой кукурузай размешчаны ў інтэрнэце. Праз некалькі дзён гнілую кукурузу скошваюць і некуды вывозяць.
Люты – травень 2018 года. Былое кукурузнае поле наводзіць сум сваёй чарнатой.
У канцы траўня прадстаўніца вёсцы наведвае прыём у выконваючага абавязкі дырэктара «Грозава» ВУП «Прыёртрансагра» Івана Кавальчука. Размова ідзе аб залужванні. Спачатку той нічога не абяцае, злуецца з-за ўмяшання жыхароў у справы сельгаспрадпрыемства. Раптам у кабінет уваходзіць мінскі прадстаўнік «Прыёрбанка», які цікавіцца сутнасцю размовы. Відны начальнік аддае вусны загад Кавальчуку залужыць поле.
Праз некалькі дзён каля вёскі гудуць трактары, заворваюць поле. Вялізны кавалак калгаснага масіву, які прымыкае да платоў двух прыватных участкаў, застаецца некранутым.
7-я серыя: змаганне за абкошванне ў рамках «Года малой Радзімы»
Пачатак чэрвеня 2018 года. Дэлегацыя з дзвюх пажылых жанчын накіроўваецца ў аграгарадок Камсамольскае, куды перамясцілася кіраўніцтва сельгаспрадыемства з Грозава пасля ўзбуйнення і чарговай рэарганізацыі. Рэарганізаванае прадпрыемства зараз значыцца як прыватнае і мае складаную назву «Лакнея — Агра», СПК ф-л УП «Прыёр-лізінг» (ніводзін з некалькіх апытаных механізатараў не змог назваць сваё месца працы). Каб выпісаць трактар і дасягнуць новай канторы вяскоўцам трэба адолець больш за 7 кіламетраў. Першапачаткова бабулькі радаваліся і спадзяваліся, што ў прыватнага банка ёсць грошы на трактары і абкошванне вёсак.
Новае прадпрыемства ачольвае ўжо новы кіраўнік, які з непрыязнасцю ставіцца да наведвальнікаў. Жанчын ён не ведае, але чуў, што гэтая вёска стварае праблемы для кіраўнікоў. Пасля нервовай размовы абяцае навесці парадак на ўчастку, які прымыкае да платоў і на пустуючых участках, зведзеных у адно вялікае поле.
Абяцанням мясцовых улад абкасіць вёску напрацягу чэрвеня жанчыны не вераць, але на ўсякі выпадак пакідаюць запіс у Кнізе заўваг і прапаноў Грозаўскага сельвыканкама. 82-гадовая Антаніна Лазоўская, якая больш за 40 гадоў адпрацавала цялятніцай, выпісвае за грошы трактар, каб абкасіць свой участак, грамадскі выган і значную частку вуліцы.
У сярэдзіне чэрвеня прыходзіць адказ з сельвыканкама за подпісам старшыні Жаны Скрыган з чарговым абяцаннем абкасіць вёску да канца чэрвеня.
Сярэдзіна ліпеня 2018 года. Жыхары і дачнікі вёскі Аксаміты любуюцца на кветкі, высаджаныя на вуліцы, і змагаюцца з пустазеллем на агародах. Яго шмат, нягледзячы на чэрвеньскую засушлівую спякоту.
На месцы былой кукурузы пасеяную канюшыну перамагае лебяда, з пустуючых і няскошаных участкаў ў агароды ляціць асот. Да таго ж землі тут пладавітыя, высачэзная трава вырасла ў рост чалавека і ўшчэнт высахла. Паўстала пагроза пажараў. Падлеткі з іншай вёскі, дурэючы, падпалілі пень каля дарогі. На шчасце, на гэты раз абышлося. Але старыя людзі занепакоеныя здарэннем. І, хоць і стаміліся весці перамовы з сельвыканкамам, але тэлефануюць і пагражаюць, што могуць згарэць. Пагроза па прынцыпе: «Будзе мне, будзе і табе!». Старшыня сельвыканкама Жана Скрыган абяцае прыняць меры. Вяскоўцы шкадуюць, што з іх вёскі ніхто не займае высокую пасаду каля кіраўніка і не мае тоўстага гаманца.
Мужчыны, што сядзяць на лаўцы ў суседняй вёсцы, пасмейваюцца з абвешчанага »Года малой Радзімы».
— Можна падумаць, што калі ў гэтым годзе яны пазмагаюцца з пустазеллем, дык яно больш не вырасце, — гаворыць адзін з іх. — Даўно пара праводзіць зямельную рэформу і рэарганізаваць увесь парадак жыцця па прыкладзе Еўропы. Пры гэтым не трэба дзяліць на перспектыўныя і неперспектыўныя вёскі, калі там пражываюць людзі альбо дачнікі.
Пажылы чалавек лічыць, што «неперспектыўнымі» вёскі сталі з-за ўбухвання грошай у аграгарадкі і нізкага заробку.
Іншыя суразмоўцы вылучаюць свае рэкамендацыі да мерапрыемстваў «Года малой Радзімы» ў варунках нашай бюракратычнай дзяржавы і некаторыя з іх мне падаліся цікавымі:
— За кожным чыноўнікам замацаваць вёску для касьбы і лесапавалу;
— Далучыць уласна да касьбы і лесапавалу частку міліцыі, якая сочыць за выкананнем Адміністратыўнага кодэксу і якой развялося занадта шмат;
— Стварыць сельскія ЖКГ або механізаваныя пункты, дзе можна выпісаць трактар і заказаць іншую паслугу;
— Запрасіць камісіі з цывілізаваных краін, каб яны далі парады і сваіх добраахвотнікаў.
Працяг будзе.