Год пачаўся з нечаканага — ніводнага мігранта на межах з краінамі Балтыі
Латвійскія ды літоўскія памежнікі прыемна здзіўленыя — за 15 дзён студзеня не было зафіксавана ніводнай спробы нелегальнага перасячэння кардону з беларускага боку. Гэта абсалютны рэкорд з пачатку лета 2021 года, калі рэжым Лукашэнкі распачаў стварэнне міграцыйнага крызісу на заходніх ды паўночных межах краіны. Частка мігрантаў застаецца ў лясах ля Польшчы, але гэта ўжо дакладна не тое, што было раней.
Супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай аховы Латвійскай Рэспублікі паведамілі радасную навіну: за апошнія паўмесяцы не зафіксавана нават адной спробы незаконнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы. Калі летась у краіну Еўразвязу спрабавалі пранікнуць сто і болей асоб арабскага ды афрыканскага паходжання кожны дзень, то за апошнія паўтары месяцы памежнікі заўважылі значнае памяншэнне патоку. Ужо напрыканцы снежня даволі рэгулярнымі сталі дні, калі не было ніводнай спробы парушэнняў памежнага кантролю, а апошнія тыдні латвійскія ахоўнікі насалоджвацца нібыта адэкватнай рэальнасцю без штодзённых адловаў «сюрпрызаў» лукашэнкаўскага рэжыму.
Агулам за мінулы год памежнікі зафіксавалі 13 тысяч 883 выпадкі нелегальнага перасячэння мяжы, а 428 чалавек былі прапушчаны ў Еўразвяз па гуманітарных прычынах. За гэты ж перыяд (з 1 па 15 студзеня) летась загінулі два чалавекі: выхадзец з Паўночнай Афрыкі, што памёр ад пераахаладжэння на руках у іншых мігрантаў, і яшчэ адзін чалавек, якога па заявах беларускага пагранкамітэту латвійскія сілавікі нібыта цягнулі праз дзірку ў плоце на тэрыторыю Беларусі.
Сыходзячы з афіцыйных даных латвійскага боку, целы загінулых знаходзілі таксама ў сакавіку, траўні, жніўні (2 чалавекі за адзін дзень), ды кастрычніку — тады ўпершыню з пачатку міграцыйнага крызісу ахвярамі пасткі сталі дзве жанчыны афрыканскага паходжання, адна з іх сканала разам з мужам пад Браславам. Але гэта толькі афіцыйныя лічбы. Здагадвацца пра рэальную колькасць нелегалаў, якія могуць нават не дайсці да гэтай мяжы, не трапіць у аб’ектывы камер і застацца без вестак зніклымі, немагчыма.
І Латвія, і Беларусь рэгулярна абвінавачваюць адна адну ў тым, што тыя пакідалі трупы на іх тэрыторыі. Напрыклад, 27 кастрычніка мінулага года Латвійская дзяржаўная пагранахова апублікавала ў фэйсбуку відэа, на якім бачна, як па той бок плота людзі нясуць два нерухомыя целы. Сцвярджалася, што група, як відаць, мела намер перакінуць мігрантаў на латвійскі бок, але пільныя ахоўнікі перашкодзілі гэтаму. І беларусы пазней забралі іх назад.
Гэтую ж гісторыю беларускі бок у афіцыйным Telegram-канале лірычна перакуліў на свой лад:
«Стаўленне латвійскіх вайскоўцаў да бежанцаў становіцца не проста жорсткім, а ператварылася ў форму садызму.
Загінулыя былі раней вывезеныя латвійскімі праваахоўнікамі на мяжу разам з групай бежанцаў, якіх пад пагрозай фізічнай расправы прымусілі перайсці на тэрыторыю Беларусі. Усе пакуты змучаных людзей, якіх выкінулі на снег з трупамі, латвійцы здымалі на камеру.
Цынізм і бесчалавечнасць сталі асноўным прынцыпам дзеянняў вайскоўцаў сумежных краін ЕЗ на мяжы. Краіны, якія адносна нядаўна сталі членамі ЕЗ, дэманструюць старой Еўропе рэальнае стаўленне да такіх прынцыпаў дэмакратыі як свабода, справядлівасць і павага да правоў чалавека.
Месца цывілізаваных рашэнняў праблем у Латвіі трывала заняла сярэднявечная дзікасць».
Варта адзначыць тое, што беларуска-латвійская мяжа ўсё яшчэ з’яўляецца найменш абароненай у параўнанні з астатнімі: краіна працягвае ўзвядзенне плоту, а вялікая частка кардону праходзіць па рацэ Заходняя Дзвіна. Цяпер затрымліваць людзей, на чый кошт існуюць абгрунтаваныя падазрэнні, што яны незаконна перасеклі мяжу Латвіі або пераводзілі праз яе нелегалаў, каб дапамагчы ім трапіць у Латвію, маюць права і жаўнеры рэгулярнай арміі балтыйскай краіны.
Міністр унутраных спраў Рыхард Казлоўскіс у сувязі з прыпыненнем міграцыйнага крызісу заявіў, што ў ціску нелегальнай міграцыі можа наступіць часовая паўза, але падставаў для адмены ўзмоцненага рэжыму памежнай аховы на латвійска-беларускай мяжы няма.
Літоўскі тэлеканал LRT таксама адзначыў, што студзень 2024 года — пакуль найвялікшы тэрмін умоўнага спакою на беларуска-літоўскай мяжы. Паток пачаў зніжацца ад пачатку снежня, у сярэднім памежнікі фіксавалі каля 10 выпадкаў нелегальнага перасоўвання штодзень. У мінулым годзе беларускі бок «падарыў» Літве амаль 2600 мігрантаў, агульныя лічбы за тры гады даходзяць да 22 тысяч нелегалаў толькі на адну краіну Балтыі.
Што да Польшчы, невялікая колькасць парушальнікаў працягвае перабываць у лясах памежнай зоны і рабіць малалікія спробы перасячэння, але гэта дакладна не тыя лічбы, якія здзіўлялі супольства на працягу трох гадоў гібрыднай вайны. Па звестках за снежань, у Польшчу спрабавалі трапіць рэкордныя 25,7 тысяч мігрантаў з 53 краін свету, пераважна азіяцкіх ды афрыканскіх.
На апошнім тыдні былі і дні, калі ва ўсе тры краіны Еўразвязу не было здзейснена ніводнай спробы нелегальнага пераходу кардону. Тым не менш учора, 15 студзеня, польскія службы паведамілі пра прадухіленне правапарушэння 7 асобамі на сваёй мяжы.
Пакуль мы маем не занадта вялікі тэрмін у 15 дзён, таму заяўляць пра спыненне гібрыднай вайны на заходніх межы Беларусі некарэктна, — але гэта дакладна добрыя навіны. Еўрапейскія палітолагі дапускаюць, што ў хуткім часе крызіс можа аднавіцца, а прычынамі яго прыпынення цалкам могуць быць жорсткія тэмпературы і благія ўмовы надвор’я ці перанос агрэсіі на фінска-расійскую мяжу.
Нагадаем, летам 2021 года ў Польшчу, Літву і Латвію з Беларусі накіраваліся дзясяткі тысяч мігрантаў і бежанцаў з трэціх краін. Афіляваныя з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі структуры прадалі ім турыстычныя візы, а памежная ахова і войска падштурхнулі да пераходу мяжы. У жніўні гэтага ж года ўрады трох краін увялі надзвычайнае становішча ў памежных абласцях.