Градус ваяўнічасці, саламяныя капелюшы і самыя высокія кропкі Еўропы. Беларусь на незвычайных картах
«Новы Час» працягвае вывучаць незвычайныя карты, каб паказаць вам Беларусь у нечаканым ракурсе.
Пачнём з гэтай карты. Паводле яе, беларусы не проста «мірныя людзі», а супер мірныя. Толькі 32% грамадзян РБ, калі верыць картографам, гатовыя біцца за сваю Радзіму. Лічба вельмі нізкая на фоне тых жа балтыйскіх суседзяў. Але ёсць у гэтым і пэўны плюс. Як бачым па карце, чым ніжэй градус ваяўнічага патрыятызму, тым народ бліжэй да вядучых заходне-еўрапейскіх нацый. Хаця да Германіі, дзе патрыятызм ніжэйшы за плінтус (18%), нам яшчэ далёка.

А цяпер паглядзім на карту папулярнасці галаўных убораў у краінах Еўропы. Чакана ў Беларусі перамог саламяны капялюш. Такая ж сітуацыя ва Украіне. А вось у расейцаў, як бачым, цэлая трыяда папулярных фасонаў, уключаючы маску спецназаўца. Таксама кідаецца ў вочы, што падобныя на беларускія капялюшыкі любяць ангельцы. Why?

Працягваем экскурс па экспанатах незвычайнай геаграфіі. Як наконт карты, якая фіксуе самыя высокія кропкі ў краінах старога кантынента? Тут нам асабліва пахваліцца няма чым. Гара Дзяржынская, да 1958 года Святая гара, узвышаецца над узроўнем мора ўсяго на 345 метраў. Да Эльбруса, Манблана, Гаверлы, вядома, ёй далёка. Ну хоць балтыйскія «Эверэсты» нам удалося абскакаць.

Ну і, нарэшце, пераходзім да мапы, на якой Беларусь патрапіла ў спіс краін-унікумаў. Гэта карта, на якой выяўлены краіны, якія ў розны час былі ахвярамі інтэрвенцый з боку Брытанскай Імперыі. Як бачым, каланіяльныя апетыты ў Лондана былі глабальныя. Брытанцы не ўрываліся ўсяго ў літаральна 15 краін на планеце. Сярод іх у сілу нейкіх гістарычных прычын аказалася і наша родная Беларусь. Забаўна, што сказаць.
