Грамадскасць запрашаецца да падрыхтоўкі выставы “Курапаты”

Грамадскасць запрашаецца да падрыхтоўкі мастацка-дакументальнай выставы “Курапаты”, адкрыццё якой запланавана ў Мінску на 30 кастрычніка. Пра гэта гаворыцца ў звароце  “Да суайчыннікаў, якім баляць Курапаты” сябраў працоўнай групы адкрытага нацыянальнага конкурсу на найлепшую ідэю ўшанавання ў Курапатах памяці бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму.



kurapaty_zvarot_da_hramadstva_23_7_15_1.jpg

Сярод падпісантаў звароту — культуролаг Вацлаў Арэшка, археолаг Валянціна Вяргей, філолаг Вінцук Вячорка, бард Аляксей Галіч, старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў Генадзь Драздоў, грамадскі дзяяч Уладзімір Кішкурна, мастак Мікола Купава, гісторык архітэктуры Ірына Лаўроўская, скульптар Гэнік Лойка, грамадскі дзяяч Алесь Макаеў, грамадскі актывіст Алесь Макаў, мастак Аляксей Марачкін, старшыня ГА “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, кінадраматург Уладзімір Халіп і скульптар Алесь Шатэрнік. Яны ўваходзяць у працоўную групу, створаную 30 чэрвеня ў Мінску на паседжанні круглага стала прадстаўнікоў грамадскасці, якія даўно займаюцца праблемамі Курапатаў.

У падпісантаў звароту выклікае трывогу тое, што Курапаты — на пачатку 1990-х гадоў разам з Чарнобылем знакавая з’ява для самаўсведамлення беларускага народу, найважнейшы чыннік у справе адраджэння незалежнай дэмакратычнай дзяржавы — пачынаюць выпадаць з масавай свядомасці, прычыны чаго зразумелыя. Разам з беспамяцтвам пра трагедыю беларускага грамадства часоў сталінізму суайчыннікам актыўна навязваецца апраўданне савецкага таталітарызму, замест спрадвечнай маралі і беларускай ідэнтычнасці грамадству падсоўваецца канцэпцыя імперскага “русского мира”. Усяго некалькі крокаў аддзяляюць нас ад жахлівай крымінальнай рэчаіснасці 1930-1940-х гадоў з разбуральнай атмасферай падазронасці і шпіёнаманіі, нецярпімасці да іншадумства і адкрытага палявання на жыхароў Беларусі — паспяховых і актыўных людзей у навуцы, культуры, адукацыі, сельскай гаспадарцы, прамысловасці, дзяржаўным кіраўніцтве і вайсковай справе. Трэба вярнуць памяці пра Курапацкую трагедыю належнае месца ў сістэме нацыянальных каштоўнасцяў. Гэта паспрыяе ўмацаванню маральнасці і гістарычнай памяці нашых грамадзян.

У якасці кроку на шляху стварэння канцэпцыі мемарыялізацыі Курапатаў вырашана падрыхтаваць выставу мастацкіх твораў, артэфактаў, дакументаў, публікацый і мультымедыяў, прысвечаных ахвярам масавых палітычных рэпрэсій савецкіх часоў і народнаму мемарыялу крыжоў ва ўрочышчы. Адкрыццё гэтай экспазіцыі запланаванае напярэдадні восеньскіх Дзядоў.

На думку падпісантаў звароту, такая выстава, у праграму якой увойдзе навукова-практычная канферэнцыя, будзе спрыяць вяртанню тэмы Курапатаў і сталінскіх рэпрэсій у цэнтр грамадскай увагі, а таксама аб’яднанню грамадства вакол тварэння народнага мемарыялу. На выставу мяркуецца запрасіць прадстаўнікоў творчых аб’яднанняў, студэнтаў і навучэнцаў профільных ВНУ і ССНУ. Такім чынам, выстава дасць старт конкурсу на найлепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў. 

Надалей мяркуецца арганізаваць невялікія лятучыя інтэрактыўныя выставы, падрыхтаваць інтэрнэт-экспазіцыю. Апроч таго, у працяг конкурсу ў Мінску ў 2016–2017 гадах прадугледжана правядзенне маштабных выставаў “Курапаты”.

У звароце нагадваецца, што ў сталічным Палацы мастацтва ўлетку 1993 году дэманстраваліся творчыя вынікі першага конкурсу на найлепшы праект помніка ахвярам сталінізму ў Курапатах — больш за 50 прапановаў, 31 траўня 1993 года разгледжаных экспертнай камісіяй пад старшынствам народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Аўтары звароту выказваюць спадзяванне, што конкурс на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў і аднайменныя выставы прыцягнуць увагу як вядомых архітэктараў, мастакоў і скульптараў, так маладых творцаў і грамадства ўвогуле.

Сябры працоўнай групы запрашаюць усіх зацікаўленых да супрацы ў падрыхтоўцы мастацка-дакументальных выставаў “Курапаты”. Гаворка ідзе пра звесткі аб мастацкіх творах, артэфактах, дакументах, публікацыях і мультымедыях, звязаных з прадметам. Найбольшую цікавасць для грамадства маюць звесткі, што тычацца асабістага лёсу сваякоў і знаёмых — ахвяраў савецкага таталітарызму.

Свае звесткі, а таксама прапановы арганізатарам выставаў і конкурсу на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў дасылаць на адрас электроннай пошты kurapaty@bielarus.by