Зацверджана стратэгія мемарыялізацыі Курапатаў
30 ліпеня ў Мінску на пасяджэнні працоўнай групы конкурсу “Мемарыял Курапаты” зацверджана стратэгія мемарыялізацыі гэтага ўнікальнага помніка айчыннай гісторыі і археалогіі.
У адмысловым звароце да патэнцыйных удзельнікаў конкурсу, да беларускай і міжнароднай грамадскасці зазначаецца, што конкурс — складовая частка шматгадовага руху беларускага грамадства за належнае ўшанаваньне месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій — мемарыялу Курапатаў як нацыянальнага некропалю беларускага народу.
Гэтае ўшанаванне павінна адбывацца незалежна ад стаўлення дзяржавы да Курапатаў, але пры гэтым улічваць праблемы, якія могуць узнікаць праз некампетэнтнае або варожае ўмяшанне ўладаў, прыватнага бізнэсу, іншых фактараў у сітуацыю вакол Курапатаў.
У бліжэйшы час разлічваць на станоўчы ўдзел дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў не выпадае. Наадварот: цяперашняя ўлада, якая лічыць сябе спадкаемцай таталітарнага савецкага рэжыму, не зацікаўленая ў прысутнасці Курапатаў як напаміну пра злачынствы сталінізму ў грамадзкай свядомасці беларусаў. На гэта павінны зважаць усе тыя, хто спадзяецца на выкананне цяперашняй уладай патрабаванняў заканадаўства і міжнародных пагадненняў, якія могуць датычыць Курапатаў. Аднак сітуацыя ўрэшце зменіцца. Таму канцэпцыя мемарыялізацыі павінна прадугледжваць на першым этапе сродкі ўшанавання мясціны, даступныя грамадскасці і адэкватныя з гледзішча адпаведнасці цяперашняму заканадаўству, але пры гэтым утрымліваць перспэктыву другога этапу, калі стануць магчымымі надзейная заканадаўчая абарона мясціны, іншыя віды і большыя аб'ёмы працаў, звязаных з мемарыялізацыяй.
Мэмарыялізацыі падлягаюць:
— тэрыторыя каштоўнасці і прыроўненая да яе паводле значнасці траса "Дарогі смерці" праз поле на ўсход ад урочышча;
— ахоўная зона ў яе першапачатных межах, прычым спатрэбіцца перыядызацыя гэтых працаў на этап І (у рэальна дзейных цяпер межах) і этап ІІ (у абгрунтаваных спецыялістамі і ва ўстаноўленых законам межах);
— прылеглыя да ахоўнай зоны аб'екты забудовы, ландшафту, інфраструктуры.
На тэрыторыі каштоўнасці нельга чапаць магільныя ямы-западзіны (прынамсі, на первым этапе) і ўжо ўзведзеныя трывалыя памятныя знакі. Усе ямы-западзіны з’яўляюцца асноватворнымі складнікамі некропалю беларускага народу, не дапускаецца вылучэнне асобных западзінаў або іх групаў для інакшага пазначэння, калі яго неабходнасць не давядуць навуковыя даследаванні.
Павінны быць захаваныя ландшафтныя і дэндралягічныя асаблівасці мясціны, пры гэтым прадугледжаная магчымасць для людзей ставіць уласныя мэмарыяльныя знакі малых формаў. Патрэбнае мастацка-вобразнае рашэнне для неабходнай інфраструктуры (сцежкі, лавы, асвятленне).
У ахоўнай зоне неабходнае яе выразнае пазначэнне. Ахоўная зона мае быць выкарыстанай для размяшчэння даследчых, экспазіцыйных і інфармацыйных аб'ектаў, а таксама аб'ектаў абслуговай інфраструктуры.
Зоны рэгуляванай забудовы і аховы ляндшафту павінны выкарыстоўвацца адпаведна закону і без парушэння атмасферы помніка.
Прылеглыя аб'екты ландшафту, гарадской забудовы і інфраструктуры могуць выкарыстоўвацца для інфармацыйнай функцыі і для вобразных рашэнняў, адпаведных танальнасці мясціны.
У раздзеле “Навуковае забеспячэнне мемарыялізацыі” адзначаецца, што аб'ектыўнае і вычарпальнае даследаванне Курапатаў было спынена ўладамі. Для высвятлення ўсяе праўды пра маштаб рэпрэсіяў, колькасць і склад ахвяраў неабходныя наступныя захады беларускіх навукоўцаў у партнёрстве з беларускай грамадскасцю:
- Аналіз ужо сабраных у межах следстваў і раскопак артэфактаў з Курапатаў.
- Адкрыццё ўсіх патрэбных архіваў і пошук у іх дакументаў, звязаных з масавымі рэпрэсіямі ў Беларусі.
- Сістэмнае археалагічнае абследаванне ўсіх іншых абсалютна недаследаваных, акрамя Курапатаў, месцаў масавых палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў у Мінску і ягоным наваколлі.
- Археалагічнае абследаванне Курапатаў мэтазгоднае толькі пры наяўнасці належнага дакументальнага абгрунтавання і ўзгаднення з навуковай супольнасцю і грамадскімі ініцыятывамі.
- Пры неабходнасці — супраца з замежнымі навукоўцамі. Прычым іхні ўдзел у даследаваннях павінен адбывацца ў партнерстве з беларускімі археолагамі, гісторыкамі і грамадскімі ініцыятывамі, якія займаюцца праблемай Курапатаў.
- Вывучэнне і выкарыстанне досведу іншаземных навукоўцаў, у тым ліку, польскіх і ўкраінскіх: міжнародная навукова-практычная канфэрэнцыя і знаёмства беларускіх адмыслоўцаў з вынікамі працы польскіх і ўкраінскіх калег па даследаванні месцаў забойстваў польскіх афіцэраў і таталітарных рэпрэсіяў супраць украінскага народу.
Аўтары звароту звяртаюць увагу на тое, што карэктывы ў стратэгіі і канцэпцыі мемарыялізацыі магчымыя толькі тады, калі ў выніку вышэйпералічаных захадаў будуць знойдзеныя новыя факты, якія датычаць Курапатаў.