Грамадзяне патрабуюць патлумачыць пазіцыю МВФ адносна Беларусі
Ініцыятар петыцыі пра «замарожванне» крэдыту Міжнароднага валютнага фонду для Беларусі Дзяніс Казакевіч просіць кіраўніцтва фонду патлумачыць мэтазгоднасць візіту ў краіну кіраўніка місіі па Беларусі Пітэра Долмана.
Дзяніс Казакевіч накіраваў у МВФ зварот з просьбай патлумачыць, чаму кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Пітэр Долман вырашыў сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам 16 сакавіка ў Мінску. Ён адзначае, што гэты візіт адбыўся ў тыя дні, калі па ўсёй краіне «праводзілі неправамоцныя затрыманні мірных законапаслухмяных грамадзян».
«Спадар Райс (прадстаўнік МВФ) адказваючы на пытанне журналіста падчас прэс-канферэнцыі 23 сакавіка адзначыў наступнае: «Каманда МВФ сустракалася з прэзідэнтам Лукашэнкам па яго запрашэнні. Вы спыталі, што абмяркоўвалася [на сустрэчы]. Гутарка факусавалася на эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі, хуткасці рэформаў у Беларусі».
З гэтай заявы, на думку Казакевіча, вынікае, што сярод асноўнага парадку абмеркавання не было тэрміновых істотных пытанняў, непасрэдна звязаных з крэдытам МВФ для Беларусі, якія б патрабавалі тэрміновай асабістай сустрэчы на самым высокім узроўні. Больш за тое, з запрашэннем аб сустрэчы выступіў беларускі бок.
«Патлумачце, калі ласка, у сувязі з якімі прычынамі спадар Долман прыняў гэтае запрашэнне ў той час, калі ў Беларусі адбывалася сур'ёзная атака на грамадзянскую супольнасць? Ці ўсведамляў ён, што дыктатар збіраўся выкарыстаць факт гэтай сустрэчы для прасоўвання уласнага бруднага палітычнага парадку дня? І што адзінай мэтай запрашэння з беларускага боку было прасоўванне гэтага запрашэння? Ці з'явілася гэта проста буйной памылкай пры праліку магчымых наступстваў сустрэчы? Або ў спадара Долмана ёсць іншыя прычыны для парушэння ключавых стандартаў працы МВФ: сумленнасці, цэласнасці і незалежнасці?», — запытваецца Казакевіч.
«У сваім апошнім лісце да спадара Долмана я непасрэдна звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка выкарыстаў гэтую сустрэчу для прасоўвання свайго палітычнага парадку дня. У афіцыйнай заяве на сайце прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паказана, што спадар Долман цяпер «дасведчаны аб сітуацыі ў Беларусі».
«Па шматлікіх звестках, сітуацыя ў Беларусі выклікае глыбокія асцярогі з пункту гледжання правоў чалавека, сацыяльнай сферы і эканомікі. Не заявіўшы пра гэта, спадар Долман няяўна згаджаецца (і, такім чынам, падтрымлівае) з неэтычным меркаваннем спадара Лукашэнкі, якое добра вядома», — лічыць Казакевіч.
Актывіст падкрэслівае, што ў лісце да Пітэра Долмана ён звяртаўся з просьбай выпусціць афіцыйную заяву пра тое, што МВФ не ўлічвае палітычныя меркаванні пры выдачы крэдытаў, і што яго сустрэчу з Лукашэнкам не варта разглядаць як падтрымку яго палітычнай пазіцыі. Аднак гэтую прапанову, па словах Казакевіча, Долман праігнанаваў. У сувязі з гэтым Казакевічу цікава і тое, чаму Долман адмаўляецца зрабіць такую заяву. «Вядома ж, ён мае поўнае права не згаджацца з маім пунктам гледжання. У той жа час яго рашэнне цалкам праігнараваць такую просьбу ў той час, як дзясяткі мірных законапаслухмяных грамадзян Беларусі знаходзяцца пад неправамоцным арыштам, можна разглядаць як неэтычнае і, урэшце, непрафесійнае».
«Патлумачце, калі ласка, ці адпавядае гэта рашэнне такім стандартам працы МВФ як сумленнасць і цэласнасць», — просіць Казакевіч.
Нагадаем, што Дзяніс Казакевіч з’яўляецца адным з аўтараў петыцыі да МВФ з патрабаваннем не даваць крэдытаў рэжыму Лукашэнкі.
Сам актывіст напісаў у сваім звароце да спадара Долмана: «Ці не маглі б Вы самастойна як паважаны прафесіянал і гуманны чалавек прыпыніць усе перамовы паміж МВФ і ўрадам Рэспублікі Беларусь? Тысячы грамадзян Беларусі ўжо падпісалі петыцыю і ўсе неабходныя фармальныя працэдуры з падачай у штаб-кватэру МВФ, з тлумачэннямі па эканамічнага абгрунтавання петыцыі яшчэ з'явяцца. Аднак збор подпісаў займае час, тады як больш за 200 мірных законапаслухмяных грамадзян Рэспублікі Беларусь незаконна затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах проста цяпер, калі Вы чытаеце гэтыя радкі. Прыміце правільнае рашэнне. Стварыце сваю рэпутацыю сабе самі».
Афіцыйны Мінск вядзе перамовы пра новы крэдыт МВФ на $3 млрд прыкладна пад 2,3% тэрмінам на 10 гадоў. 20 снежня ў інтэрвʼю Reuters прэмʼер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў паведаміў, што перамовы праходзяць канструктыўна, але засталіся дзве складаныя групы пытанняў — аб змене тарыфаў ЖКГ і аб удасканаленні працы дзяржсектара эканомікі.