«Выкананне дэкрэту было жахлівым», — Лукашэнка хоча ўдарыць па дармаедах навукай
Падчас нарады, прысвечанай перспектывам развіцця беларускай навукі, Аляксандар Лукашэнка заклікаў навукоўцаў далучыцца да прапрацоўкі так званага дэкрэту № 3, які ў народзе атрымаў назву «дармаедскага».
Паводле кіраўніка краіны, дакумент быў бы не такім супярэчлівым, каб да яго стварэння прыцягнулі не дылетантаў, а экспертаў, якія добра знаёмыя з праблематыкай. Фактычна Лукашэнка паспрабаваў перакласці адказнасць за прыняцце рэзананснага дакумента, які справакаваў масавыя выступы па ўсёй краіне, на чыноўнікаў:
«Выкананне дэкрэту было жахлівым. Даручыў дапрацаваць. І вось ён у мяне на стале ляжыць, я яго прачытаў і цяпер думаю: які там прынцып закладзены? А прынцып той жа. Думаеце, „дармаеды“, як яны сябе называюць, будуць працаваць цэлы год і кожны месяц па 12 даляраў адлічваць? Ня будуць. Гэта міна запаволенага дзеяння. Яны зноў дацягнуць да крайняй кропкі, нічога не заплацяць, працаваць ня будуць, а потым ім памахаюць — і яны пойдуць зноў па вуліцах, дарогах і гэтак далей».
Тым ня меней, Лукашэнка не адмаўляецца ад намеру рэалізаваць дэкрэт № 3 у поўным аб’ёме, але цяпер хоча надаць гэтаму «навуковае абгрунтаванне»:
«Маглі б мы з навукоўцамі, гуманітарыямі, акадэмікамі прапрацаваць гэтую тэму і некалькі варыянтаў абраць? Не, зноў мне прынеслі гэты праект дэкрэту, паклалі на стол», — канстатаваў Лукашэнка, які летась ухваліў ідэю спаганяць падатак з тых, хто «ўхіляецца ад удзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў».
harodniaspring.org