Дэкрэт №3. Дэпутацкія развагі па выніках дзейнасці ў акрузе

Адным з самых вострых пытанняў апошніх месяцаў аказалася выкананне Дэкрэта №3. Ён у чарговы раз падзяліў беларускае грамадства на тых, хто падтрымлівае дзеянні ўлады, і на тых, хто супраць.

deputat_palaty_predstaviteley_elena_anisim.jpg

Мы ўсе як грамадзяне краіны з’яўляемся падаткаплатнікамі і мусім сплочваць падаткі, калі маем прыбытак. Так робіцца ва ўсім свеце. Разам з тым ёсць пэўная група людзей, якія не хочуць выплочваць падаткі, нягледзячы на тое, што яны маюць даходы, часта немалыя, працуючы без афіцыйнага афармлення або наўпрост утойваючы сапраўдны памер прыбыткаў. Менавіта на іх найперш і павінна было быць накіравана дзеянне дэкрэта.

Але ёсць іншыя групы жыхароў, якія трапілі пад дзеянне дэкрэта, і чыя жыццёвая сітуацыя выглядае зусім інакш. Шмат людзей як у вялікіх гарадах, так і ў вясковых населеных пунктах не маюць магчымасці ўладкавацца на працу па спецыяльнасці з больш-менш адэкватным заробкам, спрабуюць шукаць працу самастойна ці перабіваюцца падпрацоўкамі. На біржы працы яны ў свой час не рэгістраваліся, бо не бачылі сэнсу, а сітуацыя на раённым узроўні дапаўняецца яшчэ і транспартнымі праблемамі — складанасцю (фінансавай у тым ліку) дабірацца да раённага цэнтра, каб рэгулярна адзначацца ці выконваць грамадскія працы.

darmaediakcia__1_of_1__26_logo_1_fota_uladzislava_rubanava.jpg

Трэба назваць і традыцыйную для ўсіх грамадстваў катэгорыю так званых «хатніх гаспадынь». У некаторых сем’ях прыняты наступны парадак размеркавання абавязкаў: муж забяспечвае сям’ю фінансава, а жонка вядзе хатнюю гаспадарку, гадуе дзяцей, у тым ліку дапамагае ім у вучобе. Паводле дэкрэта яны павінны рабіць вызначаныя выплаты. Але ж мы забываемся на тое, што гэтыя жанчыны не карыстаюцца такім правам, як аплата бальнічнага, як правіла, дзеці ў такіх сем’ях хварэюць менш, а значыць, і тут ёсць эканомія бюджэтных сродкаў.

Неабходна асобна вылу­чыць яшчэ адну значную групу жыхароў, якія падпадаюць пад дзеянне дэкрэта. Гэты тыя, хто працуе зрэдзь часу, ці не працуе зусім, бо мае алкагольную (ці наркатычную) залежнасць.

Адносіны і падыходы да кожнай з гэтых (не ўсіх, а толькі асноўных) груп не могуць быць аднолькавымі.

Выяўляць людзей, якія не жадаюць аплочваць падаткі са сваіх даходаў, але карыстаюцца рознымі правамі, набываюць даволі дарагія рэчы, будуюць шыкоўныя дамы — найпершая задача падатковай інспекцыі. Так робіцца ва ўсім свеце. Мала таго, у перспектыве варта прадугледзець падатак на багацце, які ўвесці, напрыклад, калі прыбытак складае, умоўна кажучы, 1 мільён долараў. Гэта пытанне дыскусійнае, але ж сусветная практыка сведчыць менавіта пра такі падыход як найбольш адпаведны для ўстойлівага развіцця краіны і прадухілення вялікага разрыву паміж багатымі і беднымі.

alena_anisim__sputnik.jpg

Што датычыць іншых груп, то да іх павінна быць і іншае стаўленне. Яшчэ зусім нядаўна ў нашай краіне жанчына мела права не працаваць да 14-гадовага ўзросту дзіцяці. Зразумела, што выплатаў у ФСАН няма, адлічэнняў няма, таму пенсія з фонду ў перспектыве невялікая, хоць у жыцці можа быць па-рознаму. І бывае, што жанчына можа паспець рэалізавацца ў прафесійным плане і ў больш сталым узросце з высокім заробкам. Як на маю думку, дэкларуючы сацыяльную скіраванасць дзяржавы, варта для гэтай катэгорыі пакінуць менавіта такі парадак рэчаў: даць магчымасць тым, хто жадае, займацца хатняй гаспадаркай да дасягнення дзецьмі ўзросту 14 гадоў. Гэта норма ў свой час была ўведзена, бо менавіта да 14 гадоў маці давалі бальнічны па догляду за дзіцем.

Для тых, хто спрабуе, але не можа самастойна знайсці працу, трэба прадугледзець механізм самазанятасці, як гэта дзейнічае ў выпадку з рамеснікамі і фатографамі, што выплочваюць вызначаны фіксаваны падатак на права займацца дзейнасцю і аказваць адпаведныя паслугі. Ва ўмовах сучаснай эканамічнай сітуацыі і ў сілу асабістых абставін не кожны чалавек можа зарэгістраваць ІП, прафесійна весці бухгалтэрыю і іншую дакументацыю, але можа аказваць паслугі рознага характару: рамантаваць аўто, працаваць цырульнікам дома, дапамагаць у апрацоўцы зямельных надзелаў і г.д. Такіх людзей трэба заахвоціць урэгуляваць адносіны з дзяржавай прымальным даступным спосабам.

Датычна групы людзей, якія маюць алкагольную залежнасць. Гэта адно з самых балючых пытанняў як асабістага, так і агульнадзяржаўнага маштабу. Некалькі гадоў таму мой папярэднік у Палаце прадстаўнікоў Мікалай Іванчанка правёў у нашай выбарчай акрузе значную працу, звязаную з праблемай алкагалізацыі насельніцтва. Адбылося пасяджэнне круглага стала, вынікі былі агучаны ў Палаце прадстаўнікоў, сфармуляваны досыць радыкальныя прапановы ўраду краіны. На жаль, да парламенцкіх слуханняў па гэтай тэме справа не дайшла, незацікаўленыя чыноўнікі з розных ведамстваў пачалі блакаваць ініцыятыву, і ўсё засталося на тым жа месцы.

homel_marsh_398_1_fota_maryna_drabyszeuskaja.jpg

Сёння, у адпаведнасці з Дэкрэтам №3, шматлікія алкаголезалежныя людзі знаходзіцца ў спісе непадаткаплатнікаў, а верагоднасць іх паспяховага працаўладкавання і сацыялізацыі мізэрная. Мала таго, значная сума расходаў выпадае на абслугоўванне іх у медыцынскіх установах, дзяцей з такіх сем’яў забіраюць у прытулкі, што зноў жа цягне за сабой расходы з бюджэту, на глебе сацыяльнай неўладкаванасці адбываюцца крымінальныя здарэнні і г.д. Таму, на маю думку, з улікам дзейнасці Дэкрэта №3, трэба вярнуцца да згаданых вышэй дакументаў, якія былі напрацаваны ў плане дэалкагалізацыі насельніцтва нашай краіны. Фактычна, мы мусім прыняць агульнадзяржаўную праграму, каб спыніць працэс поўнага разбурэння вясковага побыту і ўцягванне моладзі ў багну алкагалізму. (Акцэнтую менавіта на вяскоўцах, бо ў апошнія гады пашыраецца тэндэнцыя да перасялення адзінокіх алкагольназалежных людзей з гарадоў менавіта ў вёскі, але праграма павінна распаўсюджвацца на гэту мэтавую групу па ўсёй краіне). А пасля распрацоўкі апрабаваць яе варта ў нейкім асобным раёне з мэтай удасканалення.

Безумоўна, я не пералічыла ўсе магчымыя варыянты жыццёвых сітуацый: ёсць людзі, якія ажыццяўляюць догляд за састарэлымі бацькамі ці адзінокімі сваякамі, за паўналетнімі дзецьмі-інвалідамі і гэтак далей, але не афармлялі гэта афіцыйна. І гэта трэба прадугледзець у адпаведным заканадаўчым акце, маючы сёння досвед яго прымянення.

Зразумела, што можна было б пазбегнуць непатрэбнай канфрантацыі ў грамадстве, калі б у свой час апрабавалі дзеянне Дэкрэта №3 у адным ці некалькіх раёнах. А пасля ўнеслі неабходныя карэктывы. Зробленага не вернеш, але высновы рабіць трэба, каб не паўтараць такіх памылак і надалей.

Што яшчэ хачу адзначыць з непасрэднага ўдзелу ў дзейнасці камісіі па вырашэнні пытанняў, звязаных з выкананнем Дэкрэта №3, — значную працу па ўдасканаленні базы звестак па грамадзянах, удакладненні іх месцазнаходжання і фактычнай ацэнцы іх маёмаснага становішча, якую праводзяць дэпутаты мясцовых Саветаў сумесна з прадстаўнікамі выканаўчай улады. Другое, што варта прызнаць як станоўчы факт: чальцы камісіі (не ўсе, але большасць) становяцца на бок грамадзян і вызваляюць ад выплаты збору, калі ёсць заява і любая нагода аб прызнанні цяжкіх жыццёвых абставін. Тым самым, менавіта на мясцовым узроўні можа адбыцца аднаўленне даверу да ўлады, калі ёсць разуменне сітуацыі, падтрымка людзей, дапамога ў іх сацыялізацыі і працаўладкаванні. Калі ж падчас гэтай справы будуць адбывацца несправядлівыя рэчы, кшталту пратэкцыянізму ці неабгрунтаванага ўціску, то гэта толькі паглыбіць тую расколіну, якая сёння назіраецца ў нашым грамадстве.

Ёсць шмат людзей, хто выступае за неабходнасць гэтага заканадаўчага акта, але з пэўнымі дапрацоўкамі. Гэта прадстаўнікі мясцовай улады і дэпутаты ўсіх узроўняў, якія сутыкнуліся з практыкай яго выканання. Асноўная праблема, якая зварухнула грамадства — непрадуманасць механізма яго прымянення. Заканадаўчы акт павінен быць адназначным, каб на месцы прадстаўнікі органаў мясцовай улады не ламалі сабе галавы, хто падпадае пад дзеянне дакумента, каго вызваляць ад выплаты, якім чынам спаганяць выплаты з розных катэгорый грамадства і гэтак далей. Гэта ўсё павінна быць выразна абазначана. Перш чым накіроўваць лісты з патрабаваннем аплаціць падатак, варта было запрасіць людзей для гутаркі ў падатковую інспекцыю і высветліць усе абставіны.

У цэлым сацыяльны выбух, які даўно выспяваў і час ад часу пра сябе нагадваў, падштурхоўвае да асэнсавання таго, што трэба мяняць унутраную палітыку з мэтай забеспячэння элементарных правоў людзей, у тым ліку права на свабоду слова. Гэта тэма для далейшых развагаў і абмеркаванняў на ўсіх узроўнях: ад мясцовага да агульнадзяржаўнага. Калі ўлада хоча весці дыялог, яна павінна навучыцца паважаць людзей, слухаць і чуць іх.