Мой заробак 1000 рублёў, — бабруйскі чыноўнік на мітынгу

Каля 100 чалавек узялі ўдзел у дазволеным гарадскімі ўладамі мітынгу за правы і свабоды грамадзян у Бабруйску. Арганізатары сказалі, што асноўная тэма акцыі — патрабаванне адмяніць дэкрэт «пра дармаедаў».

2fbb26ae_82cf_4c84_aec8_b6355023aef1_w1023_r1_s.jpg


Акцыя прайшла без затрыманняў, на пытанні яе ўдзельнікаў адказваў намеснік старшыні бабруйскага выканкаму Аляксандар Маркачоў. На мітынгу прысутнічалі старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі, лідары прафсаюзнага руху Галіна Смірнова і Рыгор Грык.

641f22c7_0431_4737_a188_2b05decf9a58_w650_r0_s.jpg

Рыгор Грык
Некаторыя пратэстоўцы трымалі плакаты з сімволікай кампаніі «Гавары праўду». Удзельнікі мітынгу не пажадалі ісці на стадыён фабрыкі «Славянка», які быў дазволеным месцам правядзення акцыі, таму асноўныя выступы прагучалі каля яго брамы, што на вуліцы Урыцкага.
Юрась Губарэвіч прапанаваў мітынгу падтрымаць патрабаванні кампаніі «Мы не дармаеды»: адмена дэкрэту № 3, вызваленне ўсіх, хто знаходзіцца за кратамі ў сувязі з вулічнымі акцыямі, і дэмакратычныя выбары.
Мясцовая актывістка прафсаюзнага руху Галіна Сьмірнова, якая падавала заяўку на мерапрыемства, сказала, што асноўная тэма мітынгу — дэкрэт «пра дармаедаў»: «Нам сказалі, што дэкрэт № 3 будзе прыпынены. Але мы ў гэта ня верым. Мы ня верым у дапрацоўкі і змены гэтага дэкрэту. Мы патрабуем поўнай яго адмены».
На стадыён, куды спачатку не захацелі ісці ўдзельнікі мітынгу, прыйшоў прадстаўнік мясцовага чынавенства — намеснік старшыні бабруйскага гарвыканкаму Аляксандар Маркачоў.
Ён сказаў, што ў Бабруйску пытанне з беспрацоўем абвастрылася пасля таго, як тыя, хто раней працаваў у Расеі, сталі вяртацца на радзіму.
«Сітуацыя з беспрацоўем напружаная. Намі праводзіцца сістэмная праца. Ёсць прыёмныя дні, прыходзьце. Працуем нават у выходныя. Мы маем намер дапамагчы знайсці працу. А актывісты з Мінску, у прыватнасці Губарэвіч і Рымашэўскі, нам не дапамогуць вырашыць праблему з беспрацоўем».
Маркачову задавалі пытанні пра наяўнасць працоўных месцаў у Бабруйску, пра нізкія заробкі і пенсіі. Людзі наракалі, што самыя запатрабаваныя прафесіі — дворнік і іншыя нізкакваліфікаваныя супрацоўнікі, а людзям з вышэйшай адукацыяй працы няма.
Маркачоў сказаў, што сам мае заробак 1000 рублёў, але ня бачыць магчымасці, каб забяспечыць такі самы для ўсіх бабруйчан.
На завярэнне мітынгу яго ўдзельнікі запатрабавалі ад гарадскіх уладаў перанесці пастаяннае месца для вулічных мерапрыемстваў на плошчу Перамогі, а таксама вырашылі абраць народных прадстаўнікоў, якія будуць весці дыялог з уладамі, каб вырашыць праблемы працаўладвакавання.


svaboda.org