Уласнае фота як доказ віны

У беларускіх судах працягваецца канвеер па вынясенні выракаў актывістам апазіцыі і простым грамадзянам за ўдзел у самых розных пратэстных акцыях.

20170410_102059_resized.jpg


Пакуль практычна ніводная адміністрацыйная справа не скончылася апраўдальнай пастановай суда. Не стаў выключэннем і адміністрацыйны працэс над студэнтам трэцяга курса сталічнага Лінгвістычнага ўніверсітэта Мікітам Калачыкам.

Справу маладзёна 10 красавіка разглядала вядомая суддзя Вікторыя Шабуня, праз рукі якой прайшлі ўжо, відаць, дзясяткі палітычных дзеячаў і грамадскіх актывістаў.

Судзілі Мікіту Калачыка за акцыю “Марш абураных беларусаў”, якая адбылася ў цэнтры Мінску яшчэ 17 лютага. Студэнт прысутнічаў на Кастрычніцкай плошчы, бо яму было цікава, што там адбываецца. У судзе ён засведчыў, што не выкрыкваў аніякіх лозунгаў кшталту “Баста!”, што гучалі ў натоўпе. Хоць два міліцыянты, якія былі сведкамі на працэсе, сцвярджалі адваротнае. “Пратаколы былі напісаныя нібы пад капірку, дакладным роўным почыркам амаль па ўсіх радках, а вось там, дзе былі дадзеныя аб месцы пражывання гэтых амапаўцаў, прачытаць немагчыма было амаль анічога”, — кажа маладзён.

20170410_104202_resized.jpg

Суддзя Шабуня палічыла важнымі не толькі паказанні сведкаў-праваахоўнікаў, але і фота, якое было далучана да матэрыялаў адміністрацыйнай справы (частка 1 артыкула 23.34 КаАП — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве).

У той дзень Мікіта Калачык каля Палацу Рэспублікі сфатаграфаваўся з сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталем Рымашэўскім і выклаў гэтае фота на сваёй старонцы ў фэйсбуку. “Мне проста цікава, якім чынам праваахоўныя органы атрымалі гэты здымак, і потым — адкуль у іх, а таксама ў райвыканкамаўскіх чыноўнікаў (я зарэгістраваны ў Першамайскім раёне Мінска) узяліся мае персанальныя дадзеныя, тэлефонны нумар і гэтак далей?!” — узрушана кажа студэнт. Такім чынам, уласнаручна зробленае фота, размешчанае на ўласнай старонцы ў сацыяльных сетках, можа стаць доказам уласнай віны ў судзе.        

Суддзя Вікторыя Шабуня “дала” Мікіту Калачыку штраф памерам у 10 базавых велічынь — 230 рублёў (больш за 115 долараў). Студэнт мае намер абскардзіць пастанову суда першай інстанцыі ў Мінскі гарадскі суд ужо бліжэйшым часам. Хоць і не вельмі верыць у тое, што сталічны суд нешта зменіць.