Зноў судзяць за Курапаты (анлайн)
Сёння ў судзе Першамайскага раёна Мінска пачаліся суды над абаронцамі Курапатаў: Вольгай Нікалайчык, Раманам Пратасевічам, Настай Дашкевіч, Юрасём Губарэвічам і Леанідам Кулаковым.
11.00. Першай разглядаецца справа па арт. 23.34 ч.3. грамадскай актывісткі Вольгі Нікалайчык. Суддзя Сідарок Іна Уладзіміраўна.
11.05. Вольга заявіла хадайніцтва пра вядзенне працэсу на беларускай мове. А таксама пра то, што сведкам з яе боку ёсць Анатоль Кудласевіч. Таму яму прапанавалі пакінуць судовае пасяджэнне.
11.10. У хадайніцтве пра вядзенне працэсу на беларускай мове суд адмовіў, матывуючы тым, што ў нас "дзве дзяржаўныя мовы".
Вольгу Мікалайчык вінавацяць у тым, што яна "на фоне бело-красно-белого
флага высказывала протест против стройки" 24 февраля 2017 с 15 до 17.00. Яна вінаватай сябе не прызнае.
11.15. Сведка з боку абвінавачвання, прадстаўнік "Белрэканструкцыі" Антон Чайка, які распавёў што "актывісты вельмі настойліва перашкаджалі будаўніцтву бізнес-цэнтра". Асабліва 24 лютага.
Вольга не адмаўляе свайго ўдзелу ў абароне Курапат, але адзначае, што менавіта ў гэты час яе не было на пляцоўцы. "Я начамі трымала вахту: варыла чай, каву. Але менавіта ў гэты час мяне там не было", — адзначыла Нікалайчык. Акрамя таго, яна спаслалася на базавы дакумент ААН, дзе прапісана, што чалавек мае права на мірны пратэст.
11.25. На ўдакладняючыя пытанні суддзі ці ўпэўнены сведка Чайка, што Вольга была ля будаўнічай пляцоўкі менавіта ў гэты дзень і час, сведка адказаў, што ў гэтым не ўпэўнены.
У той жа час сведка з боку Нікалайчык, Анатоль Кудласевіч, кажа пра тое, што ў гэты час Вольгі ў лагеры абаронцаў Курапатаў не было.
Суд прыступіў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.
11.35. Вольга Нікалайчык у сваім слове нагадала суддзе, што калісьці прыйдзецца за ўсё адказаць. "Гэта пагроза?"— запыталася суддя. "Гэта канстатацыя", — адказала Вольга.
Суд сышоў для вынясення рашэння.
12.00. Суддзя прызнала Вольгу Нікалайчык вінаватай і пакарала штрафам у 30 базавых велічынь.
11.30 А тым часам пачаўся разгляд справы Рамана Пратасевіча. Суддзя Дзмітрый Юр'евич Цыкал.
11.45. Разгляд справы перанеслі на пятніцу, 14 красавіка, таму што ён падаў даведку з універсітэта, дзе сказана, што ён у гэты дзень быў на іспыце. Таму суддзя вырашыў выклікаць у сведкі выкладчыка, які прымаў іспыт.
12.05. Наста Дашкевіч атрымала пастанову суда, дзе сказана, што яна пакарана штрафам у 15 базавых велічынь.
Што тычыцца Деаніда Кулакова, то ён зараз адбывае 25 сутак за Дзень Волі. А лідар Руху за Свабоду, кажа, што не збіраецца прыходзіць на суд, бо за Курапаты ў яго ўжо ёсць прысуд.